Мы ўжо і забыліся на гэтую гісторыю, але зноў гавораць пра «шамана» Герасімені – нібыта ён «атакаваў» спартыўны фонд. Вось хто гэта такі
«Адмазка» Апейкіна або было сапраўды?
Адкрыты канфлікт былога кіраўніка Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандры Герасімені і выканаўчага дырэктара БФСС Аляксандра Апейкіна стаў адной з галоўных тэм апошніх дзён у беларускім спорце. Шляхі некалі аднадумцаў разышліся яшчэ ў красавіку 2022 года, але высвятленне адносін з біццём посуду пачалося толькі цяпер.
Трохразовая алімпійская прызёрка заявіла, што лічыць цяперашнюю дзейнасць арганізацыі неэфектыўнай, а прычынай свайго сыходу з фонду назвала непрадстаўленне ёй фінансавых справаздач.
- Апошні момант, калі я зразумела, што нешта ўжо адбываецца, гэта калі я задала пытанне, і гэта здарылася роўна за адзін дзень да пачатку вайны. Я гавару, хачу бачыць вынікі. Ну мне было вельмі некультурна і вельмі груба адмоўлена. Прычым пры ўсіх. Практычна пры ўсёй, скажам, нашай камандзе. І я зразумела, што я маю рацыю. Проста што я думаю слушна. Усё, што я ведаю, усе звесткі, якія ў мяне былі, яны зʼяўляюцца праўдай. Бо калі чалавеку няма чаго хаваць, ён так не рэагуе, – сказала Герасіменя ў інтэрв'ю для «Люстэрка».
Апейкін у адказ высунуў сваю версію спынення супрацы: нібы справа не ў фінансавай справаздачнасці, а ў тым, што Герасіменя звязаная з чалавекам, якога Апейкін лічыць ашуканцам.
- Мы доўга маўчалі, але ўсё мае мяжы. Герасіменя, нягледзячы на джэнтльменскія дамоўленасці, працягвае беспадстаўна крытыкаваць фонд. Надышоў час сказаць, пры якіх абставінах яна насамрэч сышла. Галоўная прычына – чалавек з яе атачэння. Хтосьці называе яго шаманам, хтосьці лічыць спецыялістам у вобласці біяэнергетыкі. Па мне, гэта звычайны ашуканец. Яго клічуць Сяргей Касьяненка, – сказаў Апейкін у інтэрв'ю для «Люстэрка».
Апейкін сцвярджае, што праз Герасіменю Касьяненка спрабаваў «вербаваць» іншых беларускіх спартсменаў, а яшчэ нібыта спрабаваў умешвацца ў кіраванне фондам, рэкамендуючы адхіліць некаторых супрацоўнікаў праз іх «чорнай аўры». У словах дырэктара фонду можна прачытаць намёк на тое, што Касьяненка зʼяўляецца ці то шпіёнам, ці то патэнцыйным рэйдэрам.
- Трэба разумець, што Герасіменя была тварам фонду, ад яе ніхто нічога не хаваў. Яна не ўнікала ў аперацыйную дзейнасць, усе працэсы вяла каманда спецыялістаў і я як кіраўнік. За дзень да пачатку вайны Аляксандра раптам запытала ўсю справаздачную дакументацыю. Мы з калегамі насцярожыліся, бо ўжо разумелі ўздзеянне Касьяненка. Разумелі, што гэтая дакументацыя аўтаматычна апынецца ў яго. Іх эзатэрычныя адносіны нас мала цікавілі. Але Касьяненка шмат гадоў прапрацаваў у сілавых структурах, мы больш асцерагаліся «засланага казачка» і спробы ўсталявання кантролю над арганізацыяй, – казаў Апейкін у тым жа інтэрв'ю для «Люстэрка».
Па выніку Апейкін і іншыя супрацоўнікі фонду быццам бы высунулі Герасімене ультыматум: альбо яна абавязваецца разарваць стасункі з Касьяненкам і перастае навязваць БФСС ягоную прысутнасць, і ёй тады паказваюць усю дакументацыю, альбо супраца з фондам заканчваецца.
Герасіменя, адказваючы Апейкіну, заявіла, што Касьяненка ніяк не ўмешваўся ў справы БФСС, хаця, паводле ейнага меркавання, мог бы быць карысны фонду.
За Герасіменю заступіліся некаторыя былыя і дзейныя спартоўцы, сярод якіх аказаўся тытулаваны самбіст Сцяпан Папоў. Ён словы Апейкіна пра «шамана» назваў адмазкай.
– Скажу і пра асабістыя ўражанні ад камунікацыі з Аляксандрай. Яна адна з самых цікавых і самадастатковых асоб сярод спартоўцаў. І пры гэтым камандны гулец. Таму ўся гэтая гісторыя з шаманам, што кажа Апейкін, – цырк. Ён і некалькі ягоных прыхільнікаў прыдумалі «адмазку» для астатніх – вось і ўсё. Цяпер гэта вылезла вонкі, – перадала словы Папова «Люстэрка».
Хто такі Касьяненка і чаму вакол яго столькі спрэчак? У 2016 годзе «Трыбуна» першай распавяла пра супрацу Герасімені з гэтым чалавекам. І далёка не ўсім гэты творчы звяз тады падабаўся. Праўда, зʼяўленне гэтай фігуры ў кантэксце фонду – нешта зусім ужо нечаканае, бо ў апошнія гады пра Касьяненку было нічога не чуваць.
Хто такі Касьяненка?
Патрапіць у белспорт Касьяненка спрабаваў задоўга да знаёмства з Герасіменяй. Барыс Крыштановіч, былы выканаўчы дырэктар Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі, расказваў, што Касьяненка двойчы балатаваўся на пасаду старшыні арганізацыі, але рабіў гэта неяк дзіўна. Прэтэндэнт зʼяўляўся перад самымі выбарамі і абодва разы чакана правальваўся – за кандыдата, пра якога практычна нічога не было вядома, галасаваць ніхто не хацеў.
Сяргей Касьяненка на фота справа
Касьяненка сам спрабаваўся ў спорце: некалькі гадоў вучыўся ў харкаўскай спартыўнай школе-інтэрнаце, бегаў на кароткія дыстанцыі і нават аднойчы выйграў чэмпіянат Украіны сярод спецыялізаваных ДзЮСШ. Але прафесійным бегуном так і не стаў. Скончыў вышэйшую ваенна-палітычную вучэльню, служыў у сілавых структурах, але ў 30 гадоў звольніўся ў запас і заняўся прадпрымальніцтвам – арганізаваў фірму, якая займалася пытаннямі аховы, усталёўвала аўтамабільную і пажарную сігналізацыю. З 1999 па 2002 год Касьяненка працаваў намеснікам генеральнага дырэктара ЗАТ «Белагразамгандаль», адной з найбуйнейшых у Беларусі кампаній у галіне экспарту-імпарту сельгаспрадукцыі.
Супраць ягонай супрацы з Герасіменяй былі і трэнеры, і муж
З Герасіменяй Касьяненка пазнаёміўся ў 2012 годзе ўжо як біяэнергетык. Вось якім было іх знаёмства па ўспамінах тагачаснага трэнера зборнай Беларусі па плаванні Дзмітрыя Манцэвіча.
- Саша расказвала, што гэта здарылася зімой 2012 года. Яны перасекліся ў аэрапорце. Герасіменя ляцела на зборы ў Паўднёвую Афрыку, Касьяненка – па сваіх справах. Ён падышоў да Сашы і сказаў, што дыстанцыйна дапамагаў ёй падчас першынства свету ў Шанхаі ў 2011-м, дзе Герасіменя ўпершыню стала чэмпіёнкай. Так яны і сышліся. Пазней Касьяненка расказваў, што падчас Алімпіяды ў Лондане разбіў вакол Сашы энергетычны блок каманды ЗША. Адначасова гэта парушыла блок, які амерыканцы ставяць сваім плыўцам. Праз гэта Майкл Фелпс прайграў фінал 200 метраў «дэльфінам». Саша, як я зразумеў, схільная да такіх рэчаў. Верыць яна ў гэта, – успамінаў спецыяліст.
Супраца Герасімені з Касьяненкам стала прычынай канфліктаў спартоўкі з трэнерамі: і асабісты трэнер Алена Клімава, і трэнер зборнай Манцэвіч былі супраць уплыву біяэнергетыка.
- У лістападзе 2014-га. Саша сама папрасіла мяне сустрэцца з ім. Дарэчы, першы канфлікт біяэнергетыка здарыўся з псіхолагам каманды Інай Чарыкавай. Касьяненка лічыў, што акрамя яго ніхто з Сашай працаваць не можа. Ён «прыбраў» псіхолага ад Герасімені. А пасля згаданых збораў у Бабруйску сказаў, што Клімава заблакаваная і дапамагчы Сашы больш не можа, – казаў Манцэвіч.
Таксама супраць сумеснай працы плыўчыхі і біяэнергетыка быў і яе муж (сёння былы), плывец Яўген Цуркін.
Публічна пра сувязь Герасімені і Касьяненкі стала вядома з тэксту «Трыбуны» ў лістападзе 2016 года, дзе спікерамі выступілі трэнеры плыўчыхі, а таксама сама Аляксандра. Да таго моманту спартоўка супрацоўнічала з біяэнергетыкам чатыры гады і за гэты час сярод іншага выйграла бронзавы медаль Рыа-2016. А вось ці быў Касьяненка датычны да двух медалёў Алімпіяды ў Лондане, незразумела: так, ён разбіваў блокі, перашкодзіў Фэлпсу, але дакладная дата іх знаёмства невядомая.
Ездзіў у складзе зборнай Расіі на Алімпіду-2016
На Гульнях у Рыа-2016, дзе Герасіменя заваявала бронзавыя медалі, Касьяненка працаваў у зборнай Расіі па скачках у ваду. Запрасіў яго туды былы трэнер зборнай Беларусі па скачках у ваду Сяргей Ламаноўскі, які перабраўся да суседзяў на пасаду масажыста. Касьяненка прадставілі зборнай як спецыяліста ў галіне нетрадыцыйнай медыцыны. Паміж сабой спартоўцы празвалі яго «шаманам». З камандай «шаман» правёў некалькі збораў на Кубе, на якіх адказваў за акліматызацыю плыўцоў і выконваў абавязкі лекара, неяк прапанаваўшы адной спартоўцы палячыць локаць загаворанай вадой. Пасля Алімпіяды высветлілася, што скакуны ад метадаў Касьяненка не ў захапленні.
- Я нават не ведаю, хто гэта і якога чорта ён робіць у камандзе! – абураўся Дзмітрый Сауцін, двухразовы алімпійскі чэмпіён па скачках у ваду. – Лекар не паехаў на Алімпіяду, масажыст не паехаў, а нейкі шаман паехаў!
Па выніку, расіяне-скакуны з Рыа медалёў не прывезлі. У адрозненні ад Герасімені.