Tribuna/Лёгкая атлетыка/Блогі/Польшча з Ціманоўскай прабілася на Алімпіяду ў эстафеце 4х100 – а што ёй там свеціць? Вывучаем расклады

Польшча з Ціманоўскай прабілася на Алімпіяду ў эстафеце 4х100 – а што ёй там свеціць? Вывучаем расклады

Каб быў медаль, павінна шмат чаго сысціся.

Аўтар — Pam-pam
8 траўня, 11:00
Польшча з Ціманоўскай прабілася на Алімпіяду ў эстафеце 4х100 – а што ёй там свеціць? Вывучаем расклады

У ноч з 4 на 5 траўня беларуская лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская, якая з 2023-га года выступае за зборную Польшчы, дапамагла сваёй камандзе заваяваць Алімпійскую ліцэнзію ў эстафеце 4х100 метраў.

На чэмпіянаце свету па эстафетным бегу, які праходзіў у сталіцы Багамскіх астравоў Нісаў, беларуска разам з Монікай Рамашкай, Магдаленай Стэфановіч і Эвай Свабодай выйграла свой паўфінальны кваліфікацыйны забег з вынікам 42,81 секунды.

Беларуска бегла на першым этапе і паказала найлепшы час сваёй змены (11,49 с), хаця перадача эстафетнай палачкі самай маладой польскай удзельніцы Моніцы Рамашка атрымалася не ідэальнай. На трэцім этапе з віражамі змагалася Магдалена Стэфановіч, якая перадала эстафету Эве Свабодзе практычна адначасова з яшчэ трыма удзельніцамі.

Свабода, якая з сакавіка не ўдзельнічала ў спаборніцтвах, бо была сканцэнтраваная на трэнавальным працэсе, са сваёй задачай справілася цудоўна. Два месяцы таму яна стала срэбнай прызёркай чэмпіёнка свету ў бегу на 60 м у памяшканнях, а на Багамах так паскорылася, што суперніцы аказаліся бяссільныя.

Перамога ў кваліфікацыі прынесла польскай камандзе не толькі шанс пазмагацца за медаль чэмпіянату свету, але і пуцёўку на Алімпійскія гульні. Разам з камандай Польшчы, якая па выніках чатырох кваліфікацыйных забегаў размясцілася на чацвёртым радку, білет у Парыж атрымалі зборныя ЗША, Вялікабрытаніі, Германіі, Аўстраліі, Нідэрландаў, Канады і Францыі.

Фінальны забег у польскай зборнай не склаўся. Па-першае, яго прапускала Ціманоўская, якая атрымала невялікае пашкоджаннне мышцы прыводніцы. Хутчэй за беларуску сярод полек 100 метраў бегае толькі фінішорка Свабода. На спаборніцтвах у бегу на 100 метраў у чэрвені мінулага года яна апярэдзіла Ціманоўскую на 0,13 секунды.

Замест Ціманоўскай на першы этап паставілі Марціну Катвілу. Але польская каманда ўвогуле не фінішавала. Моніка Рамашка, якая бяжала другі этап, не здолела перадаць эстафету партнёршы – не ўтрымалася на нагах і ўпала на дарожку.

Гонка завяршылася перамогай амерыканак (41,85). Другое месца занялі францужанкі (42,75), а трэцяе – спартсменкі з Вялікабрытаніі, якія паказалі вынік усяго на адну сотую лепшы, чым полькі ў папярэднім раўндзе (42,80). Са сваім часам польскі квартэт мог стаць у фінале чацвёртым.

Увогуле ў гэтым годзе вынік, які быў лепш за польскі, паказвалi 9 каманд. Сярод іх акрамя медалістак на турніры ў Багамах таксама былі Італія, Кот-д’Івуар, Нігерыя, Італія, Германія і Швейцарыя.

Тры гады таму польская зборная таксама адабралася на Алімпійскія гульні, якія праходзілі ў Токіа. Там бел-чырвоныя паказалі 4-ы вынік у сваёй кваліфікацыі і 10-ы ў агульным заліку, прабегшы дыстанцыю за 43,09 (на 0,28 секунды павольней, чым сёння). З такім часам полькі не здолелі прабіцца ў фінальную частку турніру. А вось секунд, што былі паказаныя на Багамах, польскай зборнай, якая поўнасцю абнавілася з мінулай Алімпіяды, было б дастаткова, каб патрапіць у фінал Токіа – такія ж лічбы тады паказала зборная Нідэрландаў, якая трапіла ў забег за медалі з 7-м вынікам.

Але ў барацьбу за медалі ўмяшацца б не атрымалася – усе прызёры выбеглі з 42 секунд, а пераможцы з Ямайкі ўвогуле паказалі 41,02 (бронзавыя брытанкі – 41,88). Сённяшняя хуткасць полек адпавядае сёмаму месцу папярэдняга алімпійскага фіналу.

Ці могуць полькі палепшыць свой час? Патэнцыял для гэтага дакладна ёсць, бо ў 2023 годзе на чэмпіянаце свету ў Будапешце яны ўжо беглі хутчэй – пераадолелі дыстанцыю за 42.65 і трапілі ў фінал, дзе на 0,01 секунды пагоршылі час. Тады бела-чырвоныя стала пятай, саступіўшы пераможцам камандзе з ЗША 1,63 секунды, а бронзавым брызёркам з Вялікабрытаніі – 0,68 секунды.

Тады ў складзе зборнай Польшчы замест Рамашкі была Піа Скшышоўска, якая сёлета сканцэнтравалася на бегу з бар'ерамі. Праўда, нават гэтых лічб не хапіла бы на медаль на мінулых Гульнях у Токіа – гэта быў бы толькі шосты вынік.

Абʼектыўна, каб зборная Польшчы ў эстафеце 4 па 100 патрапіла ў медалі, для гэтага павінна сысціся занадта шмат абставінаў. Але выхад у фінал – гэта цалкам рэальная мэта.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты