Усе навіны

Па просьбе Сныцінай у Лондане пройдзе акцыя ў падтрымку сузаснавальніка SOS BY Гнёта ля амбасады Сербіі

4 сакавіка, 16:33

Беларуская баскетбалістка Кацярына Сныціна распавяла пра акцыю, якая пройдзе ў Лондане ў падтрымку сузаснавальніка Свабоднага аб'яднання спартсменаў Андрэя Гнёта, які быў затрыманы ў 2023 годзе ў Сербіі на запыт беларускага рэжыму.

– Я папрасіла дыяспару Лондана арганізаваць акцыю ў падтрымку Андрэя ля сербскай амбасады. Гэта будзе 7 сакавіка з 16.00 да 17.00. Петыцыя будзе адпраўлена ў сербскае консульства ў Лондане. Мы павінны змагацца за кожнага беларуса і не дапусціць экстрадыцыі Андрэя ў Беларусь, – сказала Сныціна.

Гнёт утрымліваецца ў турме Бялграда з 30 кастрычніка 2023 года. Ён быў затрыманы пасля прылёту ў сталіцу Сербіі ў аэрапорце з-за таго, што беларускі рэжым унёс у базу Інтэрпола ордэр на Гнёта па абвінавачанні ў нібыта ўхіленні ад выплаты падаткаў. Падобныя абвінавачванні неаднаразова станавіліся фармальнай нагодай для памяшчэння за краты да «суда» беларускіх палітвязняў.

19 лютага Апеляцыйны суд Сербіі разгледзеў справу аб экстрадыцыі Гнёта. Працэс скончаны, суд мусіць прыняць рашэнне на працягу 20-30 дзён.

Абарона Гнёта лічыць яго пераслед палітычна матываваным. 3 лістапада 2023 года юрыстам затрыманага быў пададзены запыт на выдаленне даных, якія тычацца Гнёта, у Камісію па кантролі файлаў Інтэрпола, а 20 снежня 2023 года быў накіраваны запыт аб прыняцці часовых мер у Еўрапейскі суд па правах чалавека з просьбай указаць ураду Сербіі не экстрадаваць Гнёта ў Беларусь.

Гнёт – беларускі журналіст, рэжысёр, палітычны актывіст. Ягоная дзейнасьць у SOS BY не афішавалася публічна, аднак у чэрвені 2021-га Гнёт атрымаў сыгнал, што беларускаму рэжыму вядома пра яе і іншую пратэстную актыўнасьць, пасьля чаго пакінуў Беларусь. З-за таго, што SOS BY абвешчаны «экстрэмісцкім фармаваннем», Гнёту ў Беларусі за сам факт стварэння абʼяднання пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.