Tribuna/Баскетбол/Блогі/АБФФ пад «міністэрства» паклаў Рыжанкоў, чыёй жонцы абыякава тое, што родную дачку могуць пасадзіць за палітыку

АБФФ пад «міністэрства» паклаў Рыжанкоў, чыёй жонцы абыякава тое, што родную дачку могуць пасадзіць за палітыку

Норавы лукашыстаў.

Аўтар — bytribuna com
9 траўня, 08:09
АБФФ пад «міністэрства» паклаў Рыжанкоў, чыёй жонцы абыякава тое, што родную дачку могуць пасадзіць за палітыку

Беларускія дэмакратычныя сілы рыхтуюць выбары ў Каардынацыйную раду – свой аналаг парламента. Галасаванне пройдзе анлайн, выбіраць можна будзе розныя рухі, якія прадставілі спісы кандыдатаў. Сярод апошніх ёсць і спартсмены – напрыклад, бягунка Крысціна Ціманоўская.

Ёсць на выбарах і блок былога «міністра культуры» Лукашэнкі, а сёння кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі. У спіс увайшла і яго дачка Яна Латушка, для якой гэта першы палітычны досвед. «Люстэрка» паразмаўляла з дзяўчынай – і даведалася, напрыклад, што ў яе тры вышэйшыя адукацыі, яна магістр юрыспрудэнцыі і кіравання. А наконт вылучэння Латушка сказала, што да яе «палітыка прыйшла сама», таму што дзяўчына, «па-першае, дачка свайго бацькі», з якім «засталася, калі было восем гадоў, і ён фактычна адзін выгадаваў».

Такое дзяцінства ў яе было праз тое, што яе маці Наталля ў пачатку 2000-х сышшла ад Паўла Латушкі. Жанчына аддала перавагу тагачаснаму падпарадкаванаму мужу па рэжымнай «дыпмісіі» ў Польшчы Максіму Рыжанкову. Юнай Яне Латушке далі выбар – яна захацела застацца з бацькам, а з Рыжанковым у выніку проста пазнаёмілася, не завёўшы блізкіх зносін. Больш падрабязна пра даўнюю гісторыю сыходу жонкі Латушкі да Рыжанкова мы расказвалі ў пасце пра сувязь цяперашняга кіраўніка НАУ са спортам.

Прозвішча Рыжанкова добра вядомае ў белспорце – ён з 2014-га кіруе беларускай федэрацыяй баскетбола, у якім за гэты час былі і «чысткі», і іншыя рэпрэсіі. Асноўная пасада Рыжанкова пры гэтым – першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі (у якой цяпер няма кіраўніка). На гэтай пасадзе чынуша зусім нядаўна паўплываў на беларускі футбол – выклікаў да сябе прадстаўнікоў АБФФ і загадаў падпарадкавацца рэжымнаму «мінспорту» ў пытанні фармату другой лігі. У федэрацыі не адважыліся пярэчыць.

Наталля Рыжанкова, маці Яны Латушкі, паводле слоў апошняй, таксама застаецца на рэжымных пазіцыях. Як цяпер кажа дзяўчына, нават калі на яе ў пачатку 2022-га ў Беларусі завялі «завочную» крымінальную справу, маці сказала дачцэ, што гэта яе праблемы.

– Яна неяк пасля 2020 года мне прапаноўвала прыехаць у Беларусь. Я ў яе спытала: «Мяне не пасадзяць?» На што яна мне адказала, што калі я не рабіла нічога супраць закона, то не пасадзяць. На гэта нічога не скажаш, усё зразумела. Мы з мамай не камунікуем ужо больш за год. На свой дзень нараджэння я атрымала эсэмэску: «З днём нараджэння, здароўя, шчасця». Прычына некамунікацыі, думаю, у тым, што ў нас розныя палітычныя погляды. Мне здаецца, гэта пацвярджае і той факт, наколькі блізкі яе муж да Лукашэнкі, – падзялілася ў свежым інтэрвʼю Яна Латушка.

Яна Латушка з бацькам і маці ў 2015 годзе

Чым займаецца цяпер яе маці Наталля Рыжанкова? Яна скончыла біялагічны, а потым юрыдычны факультэты БДУ, але з 2005-га, як пазначана ёй самой, руліць у IT-кампаніях. Паралельна з 2015-га па 2020-й Рыжанкова была – раптоўна – вядоўцай на дзяржТБ, дзе была занятая ў ранішнім шоў «Дзень у вялікім горадзе» і перадачы са своеасаблівай назвай «Кулінарная дыпламатыя», куды прыходзілі рыхтаваць розныя замежнікі (але не толькі). Жанчына казала, што Рыжанкоў яе «падтрымлівае ва ўсіх пачынаннях, з вялікай павагай ставіцца [да працы], перажывае, каб усё атрымалася».

Што тычыцца IT, з 2014-га Рыжанкова была намеснікам дырэктара, а з 2019-га – кіраўніком мінскага падраздзялення паўднёвакарэйскай кампаніі SK Hynix, аднаго з лідараў на сусветным рынку паўправаднікоў (патрэбныя, напрыклад, каб у кампʼютара была аператыўная памяць). У Беларусі на кампанію працавала больш за дзве сотні супрацоўнікаў. Рыжанкова як дырэктарка згадвалася ў дзяржСМІ, удзельнічаючы ў розных падкантрольных рэжыму дабрачынных праектах.

Сацсеткі падраздзялення SK Hynix перасталі абнаўляцца з пачаткам вайны, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расія ва Украіне пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі. Як паведамляла выданне «Беларусы і рынак», па бізнесе ўдарылі санкцыі, якія многія краіны наклалі на Беларусь у адказ на вайну. У 2022-м галаўная кампанія перавезла ў раёне 100 чалавек у новы офіс у Польшчы, а летам 2023-га абʼявіла пра сыход з Беларусі.

Рыжанкова да таго моманту ўжо стала дырэктаркай створанага вясной таго ж года беларускага падраздзялення расійскай тэлекамунікацыйнай кампаніі «Ядро». Яна ўваходзіць у расійскі «ІКС Холдынг», якому належыць і «Цытадэль», кампанія-вытворца СОРМ, сістэмы для сачэння расійскіх сілавікоў за абанентамі мабільнай сувязі і інтэрнэту (абавязковая для ўсталявання любым аператарам або правайдарам Расіі). У лютым 2023-га ЗША наклалі блок-санкцыі на «ІКС Холдынг» і яго аднаасобнага ўласніка Антона Чарапеннікава. Той у ліпені ва ўзросце 40 гадоў раптоўна памёр, і цяпер холдынг пераходзіць яго топ-менеджарам.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты