Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/У футбалістаў ёсць справы больш важныя за зборную Беларусі. Вось па якіх прычынах яны ў яе не едуць

У футбалістаў ёсць справы больш важныя за зборную Беларусі. Вось па якіх прычынах яны ў яе не едуць

Ты пакліч мяне, пазаві.

Аўтар — bytribuna com
15 чэрвеня, 09:45
У футбалістаў ёсць справы больш важныя за зборную Беларусі. Вось па якіх прычынах яны ў яе не едуць

Зборная Беларусі - не тое месца, куды хочацца ехаць, кінуўшы ўсё на свеце. Замест гэтага мазахісцкага досведа можна выбраць адпачынак, вяселле ці проста спакой. За апошнія некалькі гадоў хапала выпадкаў, калі гульцы ігнаравалі выклік у каманду АБФФ. Вось якія справы аказваліся больш важнымі.

Яўген Шыкаўка, 30 гадоў, форвард

За каго выступае: «Карона» (Польшча)

Не аказалася ні ў пашыраным спісе, ні ў канчатковым форварда польскай «Кароны» Яўгена Шыкаўкі, які правёў нядрэнную другую частку польскага сезона: шасцю галамі вельмі дапамог свайму клубу замацавацца ў элітным дывізіёне, за што атрымаў новы двухгадовы кантракт.

Па інфармацыі Youtube-канала «ЧестнОК», футбаліста ўсё ж паклікалі ў зборную, але зрабілі гэта ў апошні момант. А зборная Беларусі - не тое, дзеля чаго змяняюць планы. Калі прыляцеў выклік, Шыкаўка ўжо набыў квіткі на адпачынак. Цяпер разам з жонкай ён бавіць час на іспанскім Тэнэрыфэ.

Віталь Лісаковіч, 25 гадоў, форвард

За каго выступае: «Рубін» (Расія)

Эпапея ў стасунках аднаго з самых таленавітых футбалістаў краіны і зборнай доўжыцца з 2022-га, калі Віталь не прыехаў на матчы "нацыяналкі" ў Лізе нацый супраць Славакіі, Казахстана і Азербайджана. Як аказалася, Кандрацьеў проста не змог да яго датэлефанавацца.

- Лісаковіч - гулец вельмі высокага класа, але падзеі развіваюцца так, што ён, мабыць, вырашыў адпачыць. Не атрымоўваецца ў нас з ім звязацца, нажаль. Разумею: у Віталя быў цяжкі сезон, і ўжо трэба рыхтавацца да наступнага. Калі ў будучыні ён захоча вярнуцца - мы будзем чакаць яго з нецярпеннем. Гвалтам нікога ў зборную не клічам, - распавядаў тады спецыяліст.

Сувязь паміж трэнерам і футбалістам, відаць, так і не наладзілася: да зборнай Лісаковіч за год ні разу не даехаў, а цяпер разам з сям'ёй адпачывае ў Турцыі.

Сезон для яго скончыўся на мажорнай ноце: «Рубін» стаў чэмпіёнам расійскага Д2 і вярнуўся ў РПЛ. Форвард у 29 матчах чэмпіянату забіў 10 мячоў.

Аляксандр Мартыновіч, 35 гадоў, абаронца

За каго выступае: «Рубін» (Расія)

Іншага беларуса з «Рубіна» (26 матчаў, 1 асіст) у зборнай няма яшчэ даўжэй і ўжо напэўна не будзе: апошні матч быў згуляны ў кастрычніку 2020-га, калі Мартыновіч з капітанскай павязкай вывеў каманду на гульню супраць Літвы ў Лізе Нацый (2 :2). У лістападзе таго ж года Мархель паведаміў, што Мартыновіч (на той момант яму было 33), Драгун і Няхайчык завяршылі выступленне за каманду АБФФ.

Мартыновіч так і не патлумачыў сваё рашэнне, хаця і працягнуў гуляць на адносна высокім узроўні. У ягоную адсутнасць выступаць за зборную раптам пачаў Руслан Юдзянкоў, які на год старэйшы і доўгі час не звяртаў на сябе ўвагу нават у межах ЧБ.

Юрый Кендыш, 33 гады, паўабаронца

За каго выступае: «Жальгірыс» (Літва)

Кендыш даволі яскрава вярнуўся ў літоўскі «Жальгірыс» (3+3 у 12 матчах чэмпіянату), але зборнай не дапаможа, прычым выключна па ўласным жаданні. Кандрацьеў мог бы яго і паклікаць.

Яшчэ ў сакавіку 2021-га хаўбек вырашыў з паездкамі ў зборную скончыць. Адбылося гэта пасля эпічнай паразы ад Бельгіі з лікам 0:8.

- Гэта неафіцыйна было, але пасля матчу з Бельгіяй, у якім было 0:8, я сказаў у сваім коле, дзе я палічыў патрэбным гэта сказаць, што я больш не паеду, гэта мой заключны матч.

- Што здарылася?

- Я бачыў, што я тых хлопцаў [са зборнай Бельгіі] не магу нічым здзівіць :). Я бачыў, што мне не дарасці да іх узроўню, я не магу скласці ім канкурэнцыю, - патлумачыў сваё рашэнне футбаліст і выказаў спадзеў, што ў маладога пакалення беларускіх гульцоў атрымаецца лепш.

Антон Чычкан, 27 гадоў, галкіпер

За каго выступае: «Дынама» Батумі (Грузія)

Перад Ізраілем і Косава Кандрацьеў сярод брамнікаў разлічваў на Антона Чычкана з батумскага "Дынама", Андрэя Кудраўца з БАТЭ, Сяргея Ігнатовіча з "Шахцёра", Максіма Плотнікава з казахстанскага "Каспія" і Рамана Сцяпанава з казахстанскага "Кызыл-Жара". Абраў у выніку Кудраўца, Ігнатовіча і Плотнікава, але апошні праз праблемы з дакументамі выпаў з заяўкі. На яго месца выклікалі не Сцяпанава ці Чычкана, а першага нумара мінскага «Дынама» Дзяніса Шпакоўскага, пра якога першапачаткова і гаворкі не ішло.

Нетрапленне ў выніковы склад Сцяпанава і Чычкана можна растлумачыць іх знаходжаннем у "чорным спісе" так званага міністэрства спорту. Да таго ж у Чычкана былі і справы больш важныя: падчас паўзы ў чэмпіянаце ён гуляў вяселле.

Іншыя пасты блога

Усе пасты