Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Мінскае «Дынама» ужо змагалася з будучым супернікам па ЛК – за паўфінал Кубка УЕФА: па дарозе прайшлі партугальцаў і гулялі «дамашку» далёка ад Беларусі

Мінскае «Дынама» ужо змагалася з будучым супернікам па ЛК – за паўфінал Кубка УЕФА: па дарозе прайшлі партугальцаў і гулялі «дамашку» далёка ад Беларусі

Амаль 40 гадоў таму.

Аўтар — bytribuna com
21 чэрвеня, 09:00
3
Мінскае «Дынама» ужо змагалася з будучым супернікам па ЛК – за паўфінал Кубка УЕФА: па дарозе прайшлі партугальцаў і гулялі «дамашку» далёка ад Беларусі

20 чэрвеня тры з чатырох беларускіх клубаў даведаліся сваіх супернікаў па кваліфікацыі еўракубкаў. БАТЭ ў першым раундзе адбору Лігі чэмпіёнаў трапіў на албанскі «Партызані», на аналагічнай стадыі Лігі канферэнцый «Нёман» сустрэнецца з «Вадуцам» з Ліхтэнштэйна, а мінскаму «Дынама» будзе супрацьстаяць баснійскі «Жалезнічар».

Для «Партызані» і «Вадуца» супрацьстаянні з клубамі з Беларусі стануць першымі ў гісторыі. А вось «Жалезнічар» з камандай з нашай краіны ўжо сустракаўся – і менавіта з мiнскім «Дынама». Гэта адбылося амаль 40 гадоў, а змагаліся каманды за значна больш круты вынік, чым зараз. На коне стаяў выхад у паўфінал Кубка УЕФА! Успамінаем, як гэта было.

«Дынама» прайшло «Спортынг» па пенальці і таксама праводзіла хатні матч па-за Беларуссю

Здарылася ўсё ў розыгрышы Кубка УЕФА-1984/85, куды мiнскае «Дынама» патрапіла як бронзавы медаліст чэмпіянату СССР-1983. Тады еўратурнір лічыўся трэцім па сіле, удзел у ім прымала 64 каманды, а групавога этапу ні ў адным еўракубку не было – усе гулялі па сістэме плэй-оф. З ёй у розыгрышы-1983/84 дынамаўцы дабраліся да чвэрцьфіналу Кубка чэмпіёнаў, папярэдніка ЛЧ.

У Кубку УЕФА «Дынама» ў першым раундзе патрапіла на фінскі ХІК. Супраціўлення «бела-блакітныя» не адчулі, разграміўшы суперніка і дома (4:0), і ў гасцях (6:0). У першым матчы хет-трык аформіў цяперашні галоўны трэнер зборнай Беларусі Георгій Кандрацьеў, у гульнi ў адказ покерам адзначыўся Сяргей Гоцманаў. У тым складзе «Дынама» было шмат легенд белфутбола: Сяргей Бароўскі, Андрэй Зыгмантовіч, Сяргей Алейнікаў, Людас Румбуціс, Юрый Курненін, Віктар Сокал.

У 1/16 фіналу каманду чакаў куды больш знаны супернік – лісабонскі «Спортынг». Першы матч праходзіў у сталіцы Партугаліі і скончыўся ўпэўненай перамогай гаспадароў: да самастрэлу Бароўскага ў пачатку другога тайма «Спортынг» дадаў гол Манэуля Фернандэша ў самым канцы сустрэчы – 2:0.

Задача адыграць два мячы здавалася непасільнай, але 7 лістапада 1984-га ў Менску дынамаўцы гэта зрабілі ўжо да 18-й хвіліны. Спачатку пасля шэдэўральнай перадачы Алейнікава Кандрацьеў пакаціў на пустую браму Сокалу, а неўзабаве той аформіў дубль, апынуўшыся першым на дабіванні пасля ўдару Алейнікава ў штангу. У выніку матч дайшоў да серыі пенальці, дзе сэйв Івана Жэкю і пяць дакладных удараў у выкананні мінчан адправілі іх у наступны раунд.

У 1/8 фіналу чакаў «Відзеў» з Лодзі, які да гэтага прайшоў «Барусію» з Мёнхенгладбаха. На гэты раз «Дынама» пачало з упэўненай выязной перамогі – 2:0, па голе забілі Зыгмантовіч і Румбуціс. Паядынак у адказ быў запланаваны на 12 снежня – да таго моманту ў Мінск ужо прыйшла сапраўдная зіма. Так што хатнюю сустрэчу праводзілі ў цяплейшым савецкім горадзе – Тбілісі, за дзве з лішнім тысячы кіламетраў ад роднага стадыёна.

Паядынак атрымаўся валідольным: ужо ў самым дэбюце Дарыюш Дзеканоўскі з «Відзева» адкрыў лік ударам з 11-метровай адзнакі. На працягу гульні клуб меў яшчэ некалькі нядрэнных магчымасцяў, самую рэальную ў канцоўцы выпусціў той жа Дзеканоўскі – Жэкю адбіў удар галавой ва ўпор. У чвэрцьфінал выйшла ўсё ж такі «Дынама».

Баснійцы таксама сталі трэцімі ў сваім чэмпіянаце і адыграліся з 0:2 па еўрадарозе

«Жалезнічару» дарогу ў еўракубкі таксама адкрыла бронза ў сваім чэмпіянаце – тады яшчэ Югаславіі: клуб з Сараева прапусціў наперад толькі бялградскі дуэт «Црвена Звезда» – «Партызан». Для баснійцаў гэта быў не першы досвед выступаў у еўракубках: у сезоне-1971/72 яны дайшлі да чвэрцьфіналу Кубка УЕФА, а ў сезоне-1972/73, узяўшы гістарычнае для сябе золата чэмпіянату Югаславіі, дэбютавалі ў Кубку чэмпіёнаў, але вылецелі ў першым жа раўндзе ад англiйскага «Дэрбі Каўнці».

У першым раундзе Кубка УЕФА «Жалезнічару» дастаўся балгарскі «Слівен». На выездзе баснійцы ўступілі з лікам 0:1, але дома разграмілі саперніка – 5:1. Далей па жэрабі балканцам дастаўся швейцарскі «Сьён». У Сараеве «Жалезнічар» перамог 2:1, а на выездзе змог утрымаць перавагу (1:1) і прайсці далей.

У 1/8 фіналу баснійцы сутыкнуліся з найбольшымі праблемамі падчас турніру. На гэтай стадыі яны трапілі на румынскую «Універсітацю», якой у гасцях прайгралі 0:2. Але дома «Жалезнічар» перамог з запасам – 4:0.

«Дынама» не справілася пасля зімовай паўзы, гулялі ў Менску на дрэнным газоне

Матчы чвэрцьфіналу Кубка УЕФА праводзіліся ўжо ў сакавіку 1985-га. Для «Дынама» сезон толькі пачынаўся: да першага матча супраць «Жалезнічара» мінчане паспелі правесці толькі адну сустрэчу ў чэмпіянаце СССР, дзе мінімальна абыгралі бакінскі «Нефтчы». У Сараеве пры 28 тысячах балельшчыкаў у першым тайме падапечныя Веніяміна Арзамасцава выстаялі, але ў другім прапусцілі два безадказныя мячы. Асабліва эфектным атрымаўся другі гол гаспадароў: Мехмед Баджаравіч працягнуў мяч амаль з цэнтра поля, абыграўшы па дарозе траіх дынамаўцаў.

Матч у адказ было вырашана праводзіць у Мінску, нягледзячы на тое, што газон больш падыходзіў для правядзення там балотнага футбола. На трыбунах у той вечар сабралася больш за 30 тысяч гледачоў. Як і ў супрацьстаянні са «Спортынгам», «Дынама» хутка адквітала адзін мяч: пасля падачы вуглавога лік адкрыў Аляксандр Кісцень. Але ўжо праз лічаныя хвіліны роўнасць была адноўленая: хуткі розыгрыш штрафнога і рыкашэт ад Бароўскага пасля прастрэлу Эдзіна Бахціча. Больш нікому забіць не ўдалося – і далей прайшоў «Жалезнічар».

На гэтай жа стадыі з турніру выбылі «Манчэстэр Юнайтэд» (саступіў венгерскаму «Відэатону»), «Тотэнхэм» (далей прайшоў мадрыдскі «Рэал») і «Кёльн» (яго абыграў «Інтэр»).

«Жалезнічар» да фіналу не дайшоў – не хапіла лічаных хвілін

«Інтэр» і «Рэал» у выніку склалі адну з паўфінальных пар - а «Жалезнічару» трэба было гуляць з «Відэатонам». Нашмат лягчэй баснійцам ад гэтага не стала – на выездзе ў Секешфехервары яны саступілі 1:3. Але ў Сараева «Жалезнічар» адкрыў лік ужо на пятай хвіліне, а ў сярэдзіне другога тайма забіў зноў – і правіла «выязнога гола» выводзіла іх у фінал. Але на 87-й хвіліне Ёзэф Шухай засмуціў гаспадароў, выбіўшы іх з розыгрышу турніру.

У паралельным жа паўфінале «Рэал» аказаўся мацнейшым за «Інтэр» – у Мілане гаспадары выйгралі 2:0, але ў Мадрыдзе ўжо «сметанковыя» аформілі разгром 3:0.

Фінальнае супрацьстаянне таксама складалася з двух матчаў, але ўсё, па сутнасці, было вырашана ўжо ў першай сустрэчы ў Венгрыі, дзе «Рэал» разграміў «Відэатон» 3:0. Венгры забілі адзіны мяч на «Санцьяга Бернабеу», але трафей дастаўся іспанцам.

Іншыя пасты блога

Усе пасты