Tribuna/Тэніс/Блогі/Матчбол/Не прызнае сябе ахвярай, лічыць, што ўлюлюкалі п’яныя, паважае пазіцыю Світолінай. Азаранка прайграла ўкраінцы – і вось што адбылося

Не прызнае сябе ахвярай, лічыць, што ўлюлюкалі п’яныя, паважае пазіцыю Світолінай. Азаранка прайграла ўкраінцы – і вось што адбылося

Жарсці, якія з намі надоўга.

Блог — Матчбол
Аўтар — bytribuna com
10 ліпеня, 12:19
Не прызнае сябе ахвярай, лічыць, што ўлюлюкалі п’яныя, паважае пазіцыю Світолінай. Азаранка прайграла ўкраінцы – і вось што адбылося

У нядзелю ўвечары адбыўся, мабыць, самы чаканы паядынак 1/8 фіналу жаночай сеткі «Уімблдона». Украінка Эліна Світоліна пасля пяці паражэнняў шосты раз у карʼеры выйшла на корт супраць беларускай Вікторыі Азаранкі. Цікавасць да матчу падагравалася палітычным складальнікам. Даўно вядома пра прыяцельскія стасункі паміж Світолінай і Азаранкай, таму ўкраінка перад сустрэчай не стала вербальна нападаць на суперніцу. Толькі сказала, што працягне ўстрымлівацца ад паціскання рукі тэнісісткам з Беларусі і Расеі, а таксама адзначыла, што на «Уімблдоне» публіка «ставіцца з большым разуменнем», бо «ў Парыжы да мяне былі пытанні».

У сваю чаргу Азаранка выпісвала кампліменты 76-й ракетцы WTA, называла суперніцу байцом і прадказвала няпросты матч. У прынцыпе так і атрымалася. Тэнісісткі правялі на корце амаль тры гадзіны. Першы сэт заслужана аказаўся за Азаранкай, якая зрабіла рывок з пяці пераможных геймаў запар, – 6:2. У другой партыі Світолінай удалося ўключыцца ў гульню. Ведучы 5:4, украінка не без праблем узяла падачу беларускі і зраўняла лік па сэтах.

Заключная партыя пачалася з арэляў – Світоліна павяла 3:0, а затым аддала запар тры гейма. Да тай-брэйка на корце нічога цікавага не адбывалася – суперніцы ўпэўнена бралі свае падачы. На самым тай-брэйку Азаранка была максімальна блізкая да шостай перамогі над Світолінай, калі павяла 7:4, аднак украінка не здалася. Пасля серыі паспяховых розыгрышаў Эліна выйшла наперад у ліку 10:9 і скончыла матч падачай на вылет.

Світоліна, як і абяцала, пасля матчу не стала ціснуць руку беларусцы. Для Азаранкі гэта не стала навіной, таму тэнісістка адразу накіравалася дзякаваць за працу суддзю, а затым паслала ўхвальны жэст суперніцы.

Калі Азаранка сабрала рэчы і накіравалася ў распранальню, трыбуны тэніснага цэнтру абурана загулі. Здалося, што беларуска на імгненне разгубілася, а затым засмяялася, няўхвальна пакруціла галавой і паказала дзіўны жэст – стукнула над галавой кулакамі.

«Пасля нараджэння дачкі гэта другі самы шчаслівы момант у маім жыцці. Я проста думала, што мая краіна перажывае цяжкія часы, а я гуляю тут перад вамі. Не магу скардзіцца, таму проста змагалася за кожны пункт, і ўрэшце выйграла матч», – сказала Світоліна ў інтэрвʼю на корце. Пасля яна зноў заявіла, што не мае намеру падаваць рукі спартсменкам з Беларусі і Расіі, пакуль вайна ва Украіне не скончыцца і пакуль усе ўкраінскі тэрыторыі не будуць вызваленыя.

Прэс-канферэнцыя з удзелам Азаранкі атрымалася напружанай. Для пачатку яе папрасілі ацаніць паводзіны гледачоў. У адказ беларуска прапанавала журналісту зрабіць гэта самому, на што пачула словы пра тое, што «яны [гледачы] павялі сябе вельмі несправядліва». Затым у Азаранкі спыталі пра яе жэст.

- Я паняцця не маю [што значыць жэст]. Не ведаю. Без разумення. Я нават не магу яго паўтарыць. Так што вось… – такой рэплікай адбілася экс-першая ракетка WTA.

Калі беларуску спыталі пра жэст у адрас суперніцы і адносіны са Світолінай, Азаранка абурылася спробам «чапляцца за кожны жэст» і празмернай увагай да жэстаў, у якіх «няма ніякага сэнсу». Спартсменка, якая ўхіляецца ад катэгарычнага асуджэння вайны, чарговы раз паўтарыла, што даўно знаёмая з украінкай і што ў іх «заўсёды былі добрыя адносіны».

Напрыканцы на прэс-канферэнцыі зноў узнялі тэму паводзін трыбун. Адзін з журналістаў нават назваў Азаранку ахвярай.

- Ахвяра? Ахвяра таго, што мне руку не паціснулі? Спыніцеся, – здзівілася тэнісістка, а затым дала разгорнуты адказ на пытанне наконт абурэння гледачоў.

- Так ужо 18-19 месяцаў. Я нічога не рабіла, але часам да мяне рознае стаўленне. Світоліна не хоча ціснуць рукі людзям з Расіі і Беларусі. Я праявіла павагу да яе пазіцыі. Што я яшчэ магла зрабіць? Стаяць і чакаць? Правільнага ходу не было, так што я зрабіла тое, што палічыла паважлівым да яе рашэння. Але гэтая размова пра поціскі рукі нічога не зменіць. Калі вы жадаеце гэта і далей абмяркоўваць, ладзіць нейкую шуміху, то наперад. Шкада, калі людзі засяроджваюцца толькі на поціску рукі або на даволі пʼяных гледачах, якія гулі, – сказала Азаранка.

Выхад у 1/8 фіналу прынёс Вікторыі 207 тысяч фунтаў стэрлінгаў (каля 263 тысяч долараў). Аднак выступленне беларуска на «Уімблдоне» не скончана. У панядзелак яе чакае матч 1/16 фіналу парнага разраду. Там Азаранка выступае разам з бразільянкай Беатрыс Хадад Майя, а ў суперніцах будуць расіянка Вера Званарова і немка Лаура Зігемунд.

Іншыя пасты блога

Усе пасты