Фэйк тыдня: праўладны «палітолаг» абвінаваціў F1 у прапіхванні ЛГБТ, праз што нібыта пацярпеў расійскі гоншчык Квят (які ў прамове прапагандыста стаў «нашым»)
Вось што адбывалася насамрэч.
У чарговым выпуску выкрыцця фэйкаў рэжымнай прапаганды на YouTube-канале Беларускага даследчага цэнтра звярнулі ўвагу на дзівосную гісторыю ад праўладнага «палітолага» Вадзіма Ялфімава. У сваёй прамове ў эфіры «Радио-Минск» ён вяшчаў пра Формулу-1, якая нібыта прапіхвае ЛГБТ, і як праз гэта «пацярпеў» расійскі аўтагоншчык Данііл Квят (чамусьці стаў «нашым»):
– У Формуле-1 сталі прапіхваць ЛГБТ-тэматыку. Раней дзяўчынкі прыгожыя хадзілі, у кароценькіх спадніцах, прадстаўлялі кожнага гоншчыка і каманду. Палічылі, што гэта з ЛГБТшнай маралі няправільна, убралі іх [дзяўчынак], паставілі маладых людзей. Потым прымусілі гоншчыкаў F1, якія атрымліваюць вялікія грошы, стаць перад стартам на калені. Адмовіўся ад гэтага наш расійскі гоншчык Квят – на наступны год яго прыбралі, – заявіў на поўным сур'ёзе Ялфімаў.
А вось як усё было насамрэч патлумачылі ў Беларускім даследчым цэнтры:
– Гоншчыкі Формулы-1 у 2020 годзе, сапраўды, сталі перад гонкамі на калена. Але не ў падтрымку ЛГБТ, а супраць расавай дыскрымінацыі. Да гэтага заклікаў калег Льюіс Хэмілтан, але шэсць гоншчыкаў гэтага не зрабілі: сярод іх быў Данііл Квят, Шарль Леклер, Макс Ферстапен. Адзначым, што на кар'еры двух апошніх гэта ніяк не паўплывала, а Квят сышоў з Формулы не з-за пазіцыі, а праз адсутнасць вялікіх поспехаў на трасе, – распявялі ў БДЦ.
Адзначым, што найлепшы вынік Квята ў Формуле – гэта сёмае месца у 2015 годзе. Такім чынам, прапагандыст Ялфімаў наўпрост пераблытаў рух Black Lives Matter з ЛГБТ. Апладысменты!