Усе навіны

Неймар, Хакімі і Верраці – у спісе гульцоў, з якімі «ПСЖ» хоча развітацца летам

7 чэрвеня, 20:14

«ПСЖ» склаў спіс гульцоў, з якімі клуб хоча спыніць супрацоўніцтва ў летняе міжсезонне.

Паводле інфармацыі RMC Sport, першым у спісе значыцца паўабаронца Карлас Солер, які далучыўся да каманды ў жніўні мінулага года. Іспанец расчараваў кіраўніцтва і не здолеў знайсці сябе ў сістэме Крыштафа Галцье.

Яшчэ адным расчараваннем паўабаронца Рэнату Саншэш, які часта траўмаваўся, а калі ўсё ж выходзіў на поле – быў непераканаўчым. Партугалец хацеў бы застацца ў камандзе, аднак гатовы разгледзець варыянты з трансферам. Гулец перакананы, што можа гуляць лепш, але не ўпэўнены, што зможа даказаць гэта, калі працягне знаходзіцца ў «ПСЖ».

Таксама парыжскі клуб гатовы развітацца з нападаючым Юга Экітыкам, на рахунку якога 4 галы і 4 асісты ў 32 сезоны. Француз хоча застацца ў Парыжы, аднак адкрыты для прапаноў ад іншых клубаў. Экітык з’яўляецца прыярытэтнай опцыяй «Айнтрахта» на выпадак сыходу Рэндала Кола-Муані.

Маўра Ікардзі і Леандра Парэдэс, якія правялі сезон у арэндах у «Галатасараі» і «Ювентусе» адпаведна, – таксама ў ліку тых, на каго не разлічваюць у сталічным клубе. Гульцы могуць стаць часткай здзелкі падчас аднаго з наступных уваходных трансфераў.

Акрамя таго, каманду могуць пакінуць футбалісты, якія ў мінулым сезоне рэгулярна выходзілі ў стартавым складзе – гэта Ашраф Хакімі, Марка Верраці і Неймар.

У «ПСЖ» занепакоеныя скандаламі вакол пазаспартыўнага жыцця Хакімі. Мараканец атрымлівае асалоду ад знаходжанне ў клубе, аднак у апошнія месяцы адчувае сябе ў Парыжы менш камфортна. Калі гулец выявіць жаданне сысці – яму не стануць перашкаджаць.

Тое ж тычыцца і Вераці, які, зрэшты, хоча застацца ў клубе.

З Неймарам «ПСЖ» планаваў растацца яшчэ мінулым летам, аднак тады гэтага зрабіць не ўдалося. Зараз нападаючага зноў выставяць на трансфер. З улікам вялікага заробку бразільца і доўгай гісторыі траўм патэнцыйных пакупнікоў не так шмат. Аднак некаторыя клубы – у прыватнасці, ангельскія – праяўлялі цікавасць да гульца ў апошнія тыдні.

Калі ўслед за Месі і Рамасам з каманды сыдзе і Неймар, гэта дазволіць кіраўніцтву «ПСЖ» атрымаць дадатковую свабоду дзеянняў у бліжэйшае трансфернае акно.