Усе навіны

Аляксандр Зінчанка: «Калі дзеці вырастуць і спытаюць, наколькі я дапамагаў падчас вайны, то хачу сказаць ім: «Мы з мамай спрабавалі зрабіць усё магчымае»

13 чэрвеня, 11:11

Абаронца «Арсенала» Аляксандр Зінчанка на сустрэчы з брытанскімі журналістамі пракаментаваў удзел у праграме United24 пасля візіту ва Украіну і ініцыятыву па правядзенні дабрачыннага матча ў Лондане.

«Гэта зусім іншая гісторыя, калі ты бачыш гэтыя разбураныя будынкі на свае вочы, а не праз тэлефон.

Уявіце, што вы спрабуеце паспаць уначы са сваімі дзецьмі, а затым раптам з 1 да 5 раніцы даносіцца сірэна. Трэба прачнуцца, пайсці ў сховішча і схавацца. Ніколі не ведаеш, куды можа патрапіць бомба ці ракета.

Уявіце, што вы дзіця, і бачыце, як нехта прыходзіць да вас дадому з маскай, каб cкрасці нешта. Але гэта яшчэ горш. Яны прыходзяць са зброяй, яны робяць значна страшнейшыя рэчы, а потым проста сыходзяць.

Гэта былі сапраўдныя праўдзівыя гісторыі ад дзяцей. Я быў у шоку. Вы не можаце ўбачыць гэта нават у фільмах. Дзеці не могуць хлусіць, яны проста гавораць сапраўдную праўду.

Я магу дапамагчы адсюль значна больш сваёй краіне і людзям, чым будзь я там (ва Украіне – заўв.) зараз. Але я абяцаю, што я сапраўды хачу быць там – нават цяпер. На мінулым тыдні, калі я толькі прыехаў… Не ведаю, гэта мая радзіма.

Я пачуў страшную гісторыю пасля падрыву Кахоўскай ГЭС аб адной жанчыне, якая трымала на руках двух маленькіх немаўлят. Яна была з імі на даху, спрабуючы выжыць. На жаль, ім гэта не атрымалася.

Слухаючы гэтыя гісторыі – рэальныя гісторыі, а не з інтэрнэту – вы проста думаеце: «Для чаго? Каб што?».

Я злуюся кожны дзень, таму што я сапраўды хачу ведаць, навошта яны гэта робяць.

Вось чаму я думаю, што сёння футбол – гэта такая магутная магчымасць трымацца разам, быць адзінымі. Футбол – гэта маё жыццё, і калі я на полі, то пачынаю забываць пра ўсё.

Нашы героі губляюць жыццё, яны рызыкуюць ёю на перадавой. Вось чаму мы павінны працягваць ісці далей, інакш… Я ведаю, хлопцы, ва ўсіх ёсць пэўная стомленасць, я ведаю, але ў маім выпадку я не магу спыніцца.

Тое, што робіць, Зяленскі – неверагодна. Назіраць за гэтым працэсам знутры, за людзьмі вакол яго, за тым, як яны працуюць – неверагодна.

Яны не спыняюцца. Яны. Не. Спыняюцца. Здавалася, яны зусім не стаміліся. Я веру, што з такой энергіяй і такімі людзьмі ў нас светлая будучыня.

Я проста хачу зрабіць што-небудзь добрае. Таму калі дзеці вырастуць і спытаюць: «Тата, калі гэтая вайна была ў нашай краіне, што ты рабіў? Наколькі ты дапамагаў людзям?», я проста хачу паглядзець ім у вочы і сказаць: «Мы з мамай спрабавалі зрабіць усё магчымае». Вось што ў мяне ў розуме. Я так ганаруся сваім народам і тым, што я ўкраінец», – сказаў Зінчанка.

Нагадаем, з 24 лютага 2022 году Расія працягвае вайну ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.