Усе навіны

Дырэктар «Энергетыка-БДУ» Абдаль-Маджыд: «Юрэвіч сказаў: «Растлумач, навошта табе гэтыя медалі?»

30 ліпеня, 12:44

На дзяржТБ прадэманстравалі паказанні тэхнічнага дырэктара «Энергетыка-БДУ» Арама Абдаль-Маджыда па справе «Шахцёра».

Па версіі сілавікоў Лукашэнкі, у «Энергетыку-БДУ», сярод іншага, пагадзіліся прайграць матч 30-га тура ЧБ-2022 супраць мінскага «Дынама» за выплату ад «Шахцёра».

– Што за паражэнне ад [мінскага] «Дынама» ў апошнім туры «Энергетык-БДУ» можа атрымаць ад «Шахцёра» грошы, вы ведалі ці не?

– Я не ведаў.

– Вы здагадваліся пра гэта ці не?

– Не здагадваўся.

У нас быў сход. Не тое каб у нас кожны дзень сход. І там ён кажа: «Ну вось растлумач, навошта табе гэтыя медалі?»

– Ён – гэта хто?

– Анатоль Іванавіч [Юрэвіч]. Ён сказаў: «Навошта табе гэтыя медалі?». Сказаў, што мэта нашага клуба – выхоўваць як мага больш хлопцаў, каб яны потым заяўлялі [пра сябе] у добрых камандах, – сказаў Абдаль-Маджыд.

Раней КДК АБФФ разгледзеў інфармацыю, што ў ЧБ-2022 кіраўніцтва «Шахцёра» арганізавала дагаворныя матчы і фінансава стымулявала клубы вышэйшай лігі. У выніку «Шахцёр» быў пазбаўлены залатых медалёў, «Энергетык-БДУ» – сярэбраных. У гэтых клубаў і «Белшыны» таксама знялі ачкі на сезоны 2023 і 2024 гадоў. 30 чалавек атрымалі розныя дыскваліфікацыі і штрафы, але 25 з іх не будуць забаненыя, калі выплацяць прызначаныя сумы.

Абдаль-Маджыд быў аштрафаваны на 5,87 тысячы долараў і дыскваліфікаваны на тры гады.