Усе навіны

Дзмітрый Гомза: «Перад дагаварным матчам з «Шахцёрам» размаўляў з Нідэргаўсам пра пераход да «гарнякоў»

1 жніўня, 11:05

Экс-гулец «Белшыны» Дзмітрый Гомза распавёў, што камунікаваў з былым спартовым дырэктарам «Шахцёра» пра пераход у салігорскі клуб.

Адзначым, што пытанні Гомзе задае рэжымны следчы, а паказанні прыводзіць дзяржСМІ.

– Скажыце, ці паказваў Нідэргаўс намеры заключыць з вамі кантракт па заканчэнні сезона 2022-га года з «Шахцёрам».

– Ну, размова такая была. То бок, і тут вось у мяне праблемы, скажам так, з кантрактам з «Белшынай». І яму чаму так часта званіў? Думаў, ён дапаможа, умоўна, з кантрактам ці з гэтым, ну, працаўладкаваннем далейшым.

– А што ён наогул казаў з нагоды кантракту?

– Ну, канкрэтыкі ніякай там па суме… Нічога не было. Казаў, што будзем размаўляць перад сезонам ужо.

– А па тэрміне кантракту?

– Нічога таксама не абгаворвалі.

– Сама размова аб намеры калі адбывалася? Перад матчам з «Дынама» ці асобна?

– Не, гэта ўжо было пры апошняй сустрэчы нашай.

– Гэта значыць перад матчам...

– З «Шахцёрам».

– Паклаўшы руку на сэрца... Я паважаю вас як футбаліста, пытанняў ніякіх, але ў «Шахцёры» там, напрыклад, той жа Салавей, з якім вы гулялі ў «Гомелі», на лаўцы сядзіць…

– Ну, можа, хацелі звязку з Салаўём зрабіць. Ізноў жа, добра ў «Гомелі» дапаўнялі адзін аднаго. Ну, не ведаю... Мая справа якая? Калі б мне прапанавалі, умоўна, кантракт, не задумваючыся б падпісаў. Гэта значыць ведаю, і да гэтага там людзі, якія таксама ва ўзросце, падпісвалі кантракты і нармальна сябе паказвалі, – распавёў Гомза.

Нагадаем, што 11 траўня стала вядома, што 36-гадовы форвард быў аб'яўлены АБФФ персонай нон-грата і павінен выплаціць штраф у памеры 37 тысяч беларускіх рублёў (больш за 13 тысяч долараў). Пасля гэтага Гомза пакінуў «Паперпрам».

Нагадаем, КДК АБФФ разгледзеў інфармацыю, што ў ЧБ-2022 кіраўніцтва «Шахцёра» арганізавала дагаворныя матчы і фінансава стымулявала клубы вышэйшай лігі. У выніку «Шахцёр» быў пазбаўлены залатых медалёў, «Энергетык-БДУ» – сярэбраных. У гэтых клубаў і «Белшыны» таксама знялі ачкі на сезоны 2023 і 2024 гадоў. 30 чалавек атрымалі розныя дыскваліфікацыі і штрафы, але 25 з іх не будуць забаненыя, калі выплацяць прызначаныя сумы. Падрабязней пра справу «Шахцёра» можна даведацца па спасылцы ніжэй.