Усе навіны

Памёр Марыё Загала. Ён адзіны, хто 4 разы выйграваў чэмпіянат свету

6 студзеня, 11:02

Памёр былы футбаліст і трэнер зборнай Бразіліі Марыё Загала, паведамляе сайт Бразільскай канфедэрацыі футбола. Яму было 92 гады.

Загала выступаў на пазіцыі флангавага нападніка за «Амерыку», «Батафогу», «Фламенгу» і зборную Бразіліі. Як гулец ён двойчы стаў чэмпіёнам свету, па 2 разы выйграваў турнір Рыа – Сан-Паўлу і чэмпіянат штата Рыа-дэ-Жанейра разам з «Батафогу».

Трэніраваў зборныя Бразіліі, Кувейта, ААЭ і Саудаўскай Аравіі, а таксама шэраг бразільскіх клубаў. У 1970 годзе выйграў чэмпіянат свету як трэнер зборнай Бразіліі ва ўзросце 38 гадоў, а ў 1994 годзе – як каардынатар зборнай і асістэнт галоўнага трэнера.

У 1998 годзе каманда пад яго кіраўніцтвам стала другой на ЧС. Таксама ён выйграў з камандай Кубак канфедэрацый і Кубак Амерыкі. Пад яго кіраўніцтвам «Батафогу» у 1968 годзе выйграў чэмпіянат Бразіліі.

Загала быў адзіным, хто 4 разы выйграваў чэмпіянат свету. Ён таксама першы, хто стаў чэмпіёнам свету як гулец і як трэнер.