Джокавіч спыніў супрацоўніцтва з трэнерам Іванішэвічам – 6 гадоў разам, 12 тытулаў ТБШ
Першая ракетка свету Новак Джокавіч аб'явіў аб спыненні супрацоўніцтва з трэнерам Горанам Іванішэвічам.
«Добра памятаю той момант, калі запрасіў Горана стаць часткай маёй каманды. Гэта было ў 2018 годзе. Мы з Мерыян хацелі ўкараніць новаўвядзенні і дадаць да нашага дуэта крыху магіі падачы.
Насамрэч, з тых часоў мы прынеслі на пляцоўку не толькі падачу, але і шмат смеху, весялосці, першае месца ў рэйтынгу па выніках года, рэкордныя дасягненні і яшчэ 12 тытулаў Вялікага шлема (і некалькі фіналаў).
Некалькі дзён таму мы з Горанам вырашылі спыніць супрацоўніцтва. Наша ўзаемадзеянне на пляцоўцы мела свае ўзлёты і падзенні, але наша сяброўства заўсёды было дужым. Дзякуй за ўсё, мой сябар», – напісаў Джокавіч.
36-гадовы серб выйграў з Іванішэвічам палову сваіх тытулаў турніраў Вялікага шлема – 12 з 24.