Усе навіны

Камароўскі пра дыскваліфікацыю: «Не мог падумаць, што КДК АБФФ вынесе неабгрунтаванае і абсурднае рашэнне»

18 траўня, 16:14

Галоўны трэнер «Іслачы» Дзмітрый Камароўскі падзяліўся меркаваннем аб сваёй дыскваліфікацыі на 3 матчы, якая была вынесена па слядах матча ў адказ 1/2 фіналу Кубка Беларусі.

– Мне вельмі цікава, якім чынам сябры КДК разглядалі гэтую справу і на падставе чаго. За паўтара гады працы ў руля каманды ў нас з трэнерскім штабам быццам бы нядрэнна атрымліваецца працаваць, магчыма, не ўсім гэта падабаецца. У Жодзіне быў эмацыйны паядынак, які праходзіў пры падтрымцы мясцовых балельшчыкаў. У кампенсаваны час мы вырвалі нічыю і выйшлі ў фінал другі раз у клубнай гісторыі.

Што было пасля фінальнага свістка? Я павярнуўся да сваёй лаўкі і падняў рукі ўгору. Гэта звычайны жэст радасці, які робяць усе спартсмены ў рамках суперніцтва. Падняўшы вочы на трыбуны, я ўбачыў нашых хлопцаў: Дзяніса Мітрафанава, Дзіму Латыхава, Дзіму Сібілева і Глеба Роўду.

Хлопца, якога зламалі падчас перадсезонкі ў матчы з «Тарпеда-БелАЗ». Хлопца, які яшчэ з таго часу не выйшаў гуляць на футбольнае поле. У мяне ў той момант прамільгнула думка: «Глеб, гэта і для цябе, дружа». Усё гэта працягвалася 3-4 секунды. Развярнуўся і адправіўся на поле, каб падзякаваць камандзе і нашым заўзятарам.

Дэлегат указаў у рапарце, што мы з Дзмітрыем Макарам павярнуліся да балельшчыкаў каманды-суперніка і правакавалі іх сваімі абразлівымі паводзінамі, выкрыквалі правакацыйныя словы. Але і гэта яшчэ не ўсё.

Пазначана, што мой памагаты дэманстраваў абразлівыя жэсты. Гэта паклёп! Мне хацелася б прачытаць матывіровачную частку, пачуць тлумачэнні ад сябраў камітэта і дэлегата, бо нас ніхто не выклікаў на паседжанне, а толькі папрасілі напісаць тлумачальныя.

У рашэнні КДК напісана, што мы сваю віну не прызналі. Нам што, саміх сябе абгаварыць?! Я і падумаць не мог, што вынясуць такое рашэнне, якое ніяк не абгрунтавана. Гэта такое абсурднае рашэнне, якое атрымалася аднабокім і недарэчным.

За сваю больш за 20-летнюю прафесійную гульнявую кар'еру на розных узроўнях я ўсяго адзін раз быў выдалены (за дзве жоўтыя карткі).

Я ніколі не атрымліваў дыскваліфікацый і якіх-небудзь дысцыплінарных спагнанняў. За непрацяглую трэнерскую кар'еру не было ні жоўтых, ні чырвоных картак. Імкнуся заўсёды паводзіць сябе з павагай да ўсіх удзельнікаў матча, – сказаў Камароўскі.