Tribuna/Гімнастыка/Блогі/Як жыве найлепшая зборная Беларусі апошніх гадоў: уцёкі ў Лас-Вегас, зрывы чэмпіёна, пафас «дыктатара» насуперак лічбам

Як жыве найлепшая зборная Беларусі апошніх гадоў: уцёкі ў Лас-Вегас, зрывы чэмпіёна, пафас «дыктатара» насуперак лічбам

Нават калі адхіленне не здымуць, адзін беларус можа прарвацца ў Парыж.

Аўтар — bytribuna com
22 снежня, 14:14
Як жыве найлепшая зборная Беларусі апошніх гадоў: уцёкі ў Лас-Вегас, зрывы чэмпіёна, пафас «дыктатара» насуперак лічбам

20 снежня пра завяршэнне карʼеры абʼявіла батутыстка Таццяна Пятрэня. Зрабіла яна гэта на адкрыцці турніру ў Магілёве на ейныя ж прызы. У Пятрэні за плячыма вельмі доўгая карʼера – дастаткова сказаць, што першы медаль ЧЕ яна ўзяла ў 1998 годзе (золата ў камандах), а апошні ў 2021-м (срэбра ў камандах), а было яшчэ тры золата ЧС і іншыя ўзнагароды.

42-гадовая спартсменка да самага рашэння сысці знаходзілася ў асноўным складзе зборнай Беларусі па скачках на батуце. У апошнія гады гэтая каманда была фактычна найлепшай у краіне сярод летніх відаў – толькі ў ейных прадстаўнікоў атрымоўвалася браць золата Алімпійскіх гульняў у 2016-м і 2021-м. Вызначылася каманда і з іншага боку – уся ейная аснова (Пятрэня ў тым ліку) у першых нумарах патрапіла ў спіс падпісантаў за Лукашэнку ў канцы 2020-га.

Цяпер беларускі батут перажывае міжнароднае адхіленне, якое было ўведзенае Міжнароднай федэрацыяй гімнастыкі (FIG) у адказ на вайну, якую ад 24 лютага 2022 года працягвае Расія ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. Разбіраемся, як сёння жыве зборная, якія вынікі на якіх турнірах паказвае і ці можа прэтэндаваць на Алімпіяду.

Галоўным трэнерам каманды працягвае заставацца Вольга Уласава, якая славіцца сваімі «дыктатарскімі» метадамі працы. Яна фанатка Лукашэнкі – казала, што без ягонай падтрымкі ў ейнай зборнай нібыта не было б поспехаў, і хацела атрымаць ад куміра званне героя. У кулуарах кажуць, што гэта сіламі Уласавай подпісы за рэжым зʼявіліся ва ўсёй зборнай уключна з самім трэнерам.

«У батуце не падпісаць ліст было нерэальна. Усіх адным спісам у 100-працэнтным складзе беспярэчна падалі. Быць героем і не падпісаць можна было толькі пасмяротна», – казаў самбіст Сцяпан Папоў.

У канцы кастрычніка Уласава дала інтэрвʼю, у якім сказала, што ў ейную зборную ўваходзіць 16 чалавек. Менавіта столькі і было ўнесена ў асноўны «спісачны склад» каманды на 2023-ы ад рэжымнага «мінспорту», да якога прыпісаныя абсалютна ўсе ейныя сябры (ніякіх «сілавікоў»). Аднак жа Пятрэня – не першая страта з гадавога ростэра. Увесну нечакана выявілася, што алімпійскі чэмпіён (вядома, таксама падпісант за рэжым) Уладзіслаў Ганчароў пераехаў у Амерыку, дзе стаў выступаць у знакамітым Цырку дзю Салей, які заявіў, што «па-за палітыкай». Па чутках, за сыход са зборнай з удзельніка рэжымных мерапрыемстваў запатрабавалі 40 тысяч долараў.

У Instagram 28-гадовага экс-батутыста адзіны пост сёлета выйшаў у верасні – гэта фота з дачкой. У кастрычніку 2020-га дзяўчынак-двайнят Мілаславу і Алівію нарадзіла жонка Ганчарова, шматразовая медалістка батутных чэмпіянатаў свету Ганна (у дзявоцтве Гарчанок). Цяпер у ейных сацсетках горадам пражывання пазначаны Лас-Вегас у ЗША, што пацвярджаецца і фота.

Галоўнай «зоркай» для рэжыму апошніх гадоў сярод батутыстаў прадказальна стаў чэмпіён АГ-2020 Іван Літвіновіч. У 2023-м 22-гадовы падпісант за рэжым паспеў зʼездзіць на расейскі «форум юных алімпійцаў», зняцца ў некалькіх відэа для алімпійскага камітэта Лукашэнкі і разам з іншымі рэжымнікамі падняць чырвона-зялёны сцяг на адкрыцці Гульняў краін СНД (дзе, дарэчы, батут у праграму не ўключылі). Таксама Літвіновіч атрымаў дыплом БДУФК – на развітанне яму далі наказ, што «вучыцца трэба пастаянна», аднак атлет прызнаваўся, што і ва ўніверсітэце рабіў гэта без імпэту.

Спаборнічаюць беларускія батутысты сёння даволі прадказальна на турнірах у Беларусі і Расіі. Уласава не называе Літвіновіча лідарам зборнай – кажа, што «ўзровень майстэрства ва ўсіх практычна аднолькавы, а размеркаванне месцаў залежыць толькі ад псіхалагічнага настрою непасрэдна ў момант выступу». І з гэтым у ўраджэнца Вілейкі, здаецца, бываюць праблемы. Хоць у штаце зборнай ёсць рэдкая для белспорта пасада «трэнер-псіхолаг» – яе шмат гадоў займае прарэжымніца Ірына Конан, з якой падабалася працаваць Арыне Сабаленке.

Сутнасць праблемы – у памылках Літвіновіча на апошніх турнірах. Травеньскі чэмпіён Беларусі-2023 заваліў спаборніцтвы ў асабістым заліку на вераснёўскім Кубку Дабравольскага ў расійскім Санкт-Пецярбургу і на турніры «Славянскія гульні» ў кастрычніку ў Віцебску. У абодвух выпадках Літвіновіч не выходзіў у фінал. У кваліфікацыі ў пратаколах значыцца выкананым толькі першы элемент скачковай праграмы спартсмена. З Расіі ёсць нават відэа – Іван проста адразу паляцеў за край сеткі, «падстрахоўшчык» ледзь паспеў кінуць мат для больш мяккага прызямлення атлета.

Трэба дадаць, што ў сінхронных скачках Літвіновіч збіраўся і ўзяў золата на абодвух турнірах у пары з 19-гадовым Андрэем Буйлавым, які выйграў «Славянскія гульні» ў індывідуальным заліку. А вось у Санкт-Пецярбургу Буйлаў, падобна напарніку, асабіста выканаў толькі тры элементы і таксама не прайшоў у фінал. Яго выйграў калега па зборнай Алег Рабцаў, якому ў студзені споўніцца 30. Другое месца тады заняў 20-гадовы Себасцьян Станкевіч – які, у сваю чаргу, не даскакаў сваю праграму ў Віцебску (Рабцаў там стаў чацвёртым).

У жанчын дамінавання хаця б над расійскімі суперніцамі не назіраецца. У Санкт-Пецярбургу чатыры першыя месцы занялі гаспадыні турніру – пятай стала 20-гадовая Кацярына Яршова. У Віцебску выйграць сумела 18-гадовая Віялета Бардзілоўскай (у 2020-м была вельмі юная і подпісу за рэжым пазбегла – адзінай з усіх вышэйпералічаных), але ў топ-8 апынуліся толькі тры беларускія спартоўкі.

Нягледзячы на доўгую адсутнасць міжнародных спаборніцтваў, Уласава захоўвае думку аб паездцы са сваёй камандай на АГ-2024. Праўда, у ейнай пафаснай прамове прагаворваецца, што не на любых умовах.

– У ізаляцыі рабятам больш складана не страціць веру ва ўласныя сілы, але мы не здаемся. Еўрапейцы? З гонарам канстатуем, што наш узровень нашмат вышэйшы. Упэўненая, нас не чакаюць – ім нашая адсутнасць на руку, толькі такое становішча дазволіла прэтэндаваць на прызавыя месцы. Алімпійскія гульні? Калі выставяць абсалютна зневажальныя ўмовы, то лепей не ехаць: пачуццё ўласнай годнасці ў нас не адабраць, дзяржава нас падтрымлівае. Але ёсць рэальныя шанцы на дзве ліцэнзіі. Думкі «дапусцяць – не дапусцяць», вядома, мучаць рабят. Але апускаць рукі – не ў характары беларусаў. І ўсё роўна нашыя спартоўцы, упэўненая, на пʼедэстале будуць спяваць [дзяржаўны] гімн, нейтральны сцяг не зможа гэта змяніць, – лілося з Уласавай.

Шанцы на алімпійскія пуцёўкі сапраўды ёсць, калі FIG дапусціць беларускіх атлетаў да этапаў Кубка свету: у лютым адзін пройдзе ў сталіцы Азербайджана Баку, а ў сакавіку іх прымуць нідэрландскі Алкмар і нямецкі Котбус. Дастаткова добра выступіць на двух турнірах, максімум для прадстаўнікоў любой краіны – па адной пуцёўцы для мужчын і жанчын (на Гульнях праводзяць толькі індывідуальныя спаборніцтвы). Пра гэта і не толькі мы ўжо падрабязна расказвалі ў агульным пасце з нагоды беларускіх шанцаў на АГ.

Рэжымніца прадказальна перабольшвае ў частцы недасяжнасці беларускіх спартсменаў для еўрапейцаў. Так, у сусветным топе спачатку ідуць атлеты з Азіі. Але звернемся да пратаколаў спаборніцтваў – для параўнання возьмем кастрычніцкі этап Кубка свету ў Балгарыі і лістападаўскі ЧС у Вялікабрытаніі. Заадно раскажам Уласавай, якая адмовілася «выказваць меркаванне аб бесстароннасці судзейства» на міжнародным узроўні, што адным з «супервайзераў выканання» (то-бок кіраўніком для шасці суддзяў, якія ацэньваюць тэхніку і чысціню скачкоў) на абодвух турнірах працаваў пад сцягам FIG не хто іншы, як Дзмітрый Паляруш – заснавальнік згаданых «Славянскіх гульняў», шасціразовы чэмпіён свету ў складзе зборнай Беларусі.

Што да адзнак, то, напрыклад, Буйлаў у Віцебску атрымаў 62,545 балу – такое на вялікіх стартах, якія мы разглядаем, нікому і не снілася. Але гэта якраз і прымушаецца задумацца наконт судзейства беларускага турніру – нават у Санкт-Пецярбургу пераможца Рабцаў набраў ужо ўсяго 59,840. А гэта – вынік, больш чым супастаўны з паказнікамі еўрапейцаў: на ЧС партугалец Габрыэль Альбукерке паказаў 60,020, брытанец Зак Перзаманас – 59,990 (і гэта пры несупаставімым напружанні на турніры такога ўзроўню). Ну а чэмпіёнам свету стаў з 60,690 балы кітаец Ян Лангʼю. Ён жа выйграў балгарскі этап КМ, дзе выступіў яшчэ лепш – 61,640 пункта.

У жанчын нават віцебскія 55,415 пункты ў найлепшай на турніры Бардзілоўскай – гэта толькі пятае месца на ЧС і чацвёртае на этапе КМ. А ўжо з піцерскімі вынікамі беларускіх прадстаўніц увогуле не было б у фіналах вялікіх турніраў. Ну а чэмпіёнкай свету нечакана стала якраз еўрапейка – брытанка Брыёні Пэйдж на хатняй арэне атрымала 56,680 балу і нечакана апярэдзіла магутную кітаянку Чжу Сюэйін.

Ну а беларус на АГ, хутчэй за ўсё, будзе, нават калі FIG не дапусціць ніводнага прарэжымнага падпісанта. Зваць прэтэндэнта на Гульні Аляксей Шостак. Ён ужо спаборнічаў у Токіа ў 2021-м – і запомніўся няўдачай: не прайшоў кваліфікацыю праз тое, што пры адным з прызямлення на край батута трапіў нагой у шчыліну паміж сеткай і каркасам, на чым і скончыў праграму.

Бацька Аляксея Аляксандр Шостак таксама ўдзельнічаў у АГ – у 1996-м спартыўны гімнаст у камандзе з Віталём Шчэрбам ледзь не прынёс Беларусі медаль Атланты, але застаўся на чацвёртым месцы. На АГ-2000 каманда з Шостаком стала ўжо толькі восьмай, пасля чаго той завяршыў карʼеру і з сямʼёй пераехаў у ЗША.

Аляксей Шостак, які нарадзіўся ў Мінску ў 1995-м, з дзяцінства захапіўся гімнастыкай – толькі пайшоў у адрозную ад бацькоўскай дысцыпліну. Каб дапамагчы сыну, Шостак-старэйшы ўладкаваў таго займацца ў згаданага Паляруша, які на той час таксама ўжо жыў у Амерыцы. На АГ-2016 Шостак-малодшы, праўда, не адабраўся, але ўжо ў 2019-м стаў віцэ-чэмпіёнам свету ў камандзе, а ў асабістым заліку быў 10-м, пасля чаго адабраўся ў Токіа, дзе заняў 13-е месца.

У 2022-м Шостак ізноў узяў каманднае срэбра ЧС, а на свежым брытанскім чэмпіянаце свету стаў 12-м у асабістым заліку, срэбным прызёрам у сінхронных скачках і чэмпіёнам у камандзе. Засталося добра паказаць сябе на КМ або выйграць дадатковы кантынентальны адбор – хаця б адзін з гэтых двух варыянтаў Аляксей выкарыстоўваць павінен.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты