Tribuna/Гандбол/Блогі/Атрымаў пашпарт у Беларусі, упісаўся за рэжым, але на топ-турніры не ўзялі – цяпер гуляе за родную Украіну, дзе «памёр» для трэнера

Атрымаў пашпарт у Беларусі, упісаўся за рэжым, але на топ-турніры не ўзялі – цяпер гуляе за родную Украіну, дзе «памёр» для трэнера

«Перагорнутая старонка» з гандбола.

Аўтар — bytribuna com
11 траўня, 06:00
Атрымаў пашпарт у Беларусі, упісаўся за рэжым, але на топ-турніры не ўзялі – цяпер гуляе за родную Украіну, дзе «памёр» для трэнера

У сярэдзіне 2010-х у беларускім гандболе моцна заклапаціліся пазіцыяй правага паўсярэдняга – па ініцыятыве галоўнага трэнера зборнай Беларусі Юрыя Шаўцова, які быў перакананы, што пэўныя меры абавязкова дапамогуць закрыць пазіцыю ў будучыні. У выніку перад сезонам-2016/17 у ЧБ прынялі ўнікальнае «правіла ляўшы»: каманды па рэгламенце абавязалі ў першыя 15 хвілін выпускаць правым паўсярэднім беларускага гульца ростам 190+ см з левай кідковай рукой – ці ўвогуле нікога. У выніку некаторыя клубы рэгулярна гулялі па паўтайму ў меншасці, а ў гродзенскім «Кронане», па ўспамінах функцыянера Аляксандра Апейкіна, «закрывалi» пазіцыю футбалістам, які фармальна падыходзіў пад крытэрыi. У 2019-м правіла ўсё ж адмянілі для Д1 – але ў Д2 яно дзейнічае дагэтуль.

За першыя два гады правіла не прынесла зборнай Беларусі фактычна нічога. Затое ў адным з двух найлепшых клубаў краіны, СКА, відавочна захацелі абысці абмежаванне праз натуралізацыю – улетку 2017-га арандавалі ўкраінца Уладзіслава Данцова, які тут жа напісаў заяву на беларускі пашпарт і нават трэніраваўся са зборнай Беларусі. Але ў СКА неяк «забылі», што ёсць двухгадовы каранцін на змену спартыўнага грамадзянства – у выніку Данцоў з-за «правіла ляўшы» не гуляў на старце матчаў ЧБ (таму што быў замежнікам), а ўлетку 2018-га быў адкліканы назад з арэнды ва ўкраінскі «Матор», і гісторыя з Беларуссю скончылася.

Але СКА на гэтым не спынiўся – і ў снежні 2018-га ў клуб на 3,5-гадовы кантракт прыйшоў яшчэ адзін украінец з патрэбнымі параметрамі Багдан Чаркашчанка. У яго была лішняя вага і малая гульнявая практыка ва ўкраінскім ЗТР – але гандбаліст хутка адаптаваўся ў Мiнску, і пра яго таксама загаварылі як пра патэнцыйнага гульца зборнай Беларусі.

У 2019-м Чаркашчанка атрымаў прапанову змяніць грамадзянства ад шматгадовага кіраўніка белгандбола Уладзіміра Канаплёва.

«Я быў ашаломлены. Разважаў месяцы паўтара. Украіна – гэта мая Радзіма. Але ў плане карʼеры зборная Беларусі – гэта, хутчэй за ўсё, крок наперад. Каманда заўсёды ўдзельнічае ў топ-турнірах, баяздольная. Увогуле, з сямʼёй прынялі рашэнне, што мне варта атрымаць грамадзянства і канкураваць з хлопцамі», – потым казаў гандбаліст.

Да лістапада 2019-га Чаркашчанка выдалі пашпарт, гандбалiст трэніраваўся са зборнай Беларусі – але каранцін скараціць не ўдалося, і на ЧЕ ў пачатку 2020-га гулец не паехаў. А ў канцы таго ж года прозвішча Чаркашчанкi зʼявілася ў спісе падпісантаў за рэжым Лукашэнкі – у СКА гэта было масавай зʼявай.

Вось толькі сам гандбаліст да таго моманту ўжо даўно не гуляў – у пачатку верасня 2020-га СКА паведаміў пра праблемы Чаркашчанкi са спінай, і гандбаліст на паўгода знік з пратаколаў. У выніку ўкраінец не быў уключаны нават у пашыраны спіс кандыдатаў у зборную Беларусі на ЧС, які прайшоў у студзені 2021-га. У зборнай і СКА пазіцыю стаў нядрэнна закрываць маладзейшы Мікалай Алёхін – і нават калі Чаркашчанка вярнуўся ў строй, ён не заўсёды аказваўся лідарам па статыстыцы.

Ужо летам 2021-га ўкраінец мог пакінуць СКА – але застаўся яшчэ на паўгода. За клуб ён у гэты час гуляў, а вось за зборную Беларусі – не: у 2021-м за яе выступілі 38 чалавек, і Чаркашчанкi сярод іх не было. На ЧЕ-2022 правым паўсярэднім паехаў нават Мацвей Удавеня з дубля СКА – але не Чаркашчанка. Удавеня ж неўзабаве замяніў украінца ў клубе – 1 лютага 2022-га было абвешчана, што Чаркашчанка пакідае Мiнск і зʼяжджае ў польскую «Пагонь» са Шчэціна.

На развітанне з Беларуссю ўкраінец дыпламатычна заявіў, што «настаў час рухацца далей, паспрабаваць сябе на новым месцы, у новым чэмпіянаце».

У «Пагоні», праўда, у Чаркашчанкі адразу атрымалася не вельмі – першы матч згуляў 26 лютага, а ўжо 2 сакавіка на трэніроўцы парваў ахіл, быў праапераваны і надоўга выбыў з гульні. Але потым гандбаліст аднавіўся і ў выніку правёў за клуб 25 матчаў з 97 забітымі мячамі. Зрэшты, па выніках сезона-2022/23 «Пагонь» заняла апошняе месца ў чэмпіянаце Польшчы і вылецела ў Д2. Але Чаркашчанка летам 2023-га перайшоў у іншы польскі клуб «Квіздын» і застаўся ў Д1. За «Квіздын» украінец за 31 матч закінуў 133 мячы, чым дапамог заняць восьмае месца ў табліцы, плюс даваў пасляматчавыя каментарыі на нядрэннай польскай мове. Па выніках сезона гандбаліст быў намінаваны на званне найлепшага ў лізе па пазіцыі, а таксама развітаўся са сваім клубам – мабыць, пойдзе «на павышэнне».

А яшчэ Чаркашчанка ўсё ж такі згуляў за зборную – роднай Украіны. Хаця здавалася, што гэта немагчыма – ужо таму, што гандбаліст сваім подпісам падтрымаў рэжым, які спрыяе вайне, з 24 лютага 2022-га працягваемай Расiяй ва Украіне. А ў 2019-м, калі Чаркашчанка адмовіўся ад выкліку ў зборную сваёй краіны, яе тагачасны трэнер Сяргей Бябешка заявіў: «Казаў, што ён хоча гуляць ва ўкраінскай зборнай, а высветлілася, што збіраецца ўзяць грамадзянства Беларусі. Асабіста для мяне Чаркашчанка памёр. Нічога не хачу пра яго ведаць».

Але ў 2023-м зборную Украіны ўзначаліў Вадзім Бражнік – і восенню запрасіў Чаркашчанку на кантрольныя матчы, пасля якіх заявіў, што ў зборнай «нарэшце знайшлі правага паўсярэдняга, які паказаў вельмі якасны гандбол». Трэнер назваў гульца «вельмі прыемным хлопцам» і сабраўся «працаваць з ім далей». Чаркашчанка ж пасля тых матчаў выклаў у сацсетцы каманднае фота з расцяжкай «Разам за мір».

У сакавіку 2024-га каманда правяла першы пасля пачатку вайны збор ва Украіне перад матчамі адбору да ЧС-2025. Чаркашчанка туды прыехаў – а вось некаторыя іншыя легіянеры адмовіліся. Бражнік на гэты конт сказаў, што «яны не справіліся са сваімі страхамі», а ў зборнай «павінны гуляць тыя, хто не баіцца трэніравацца і пад абстрэламі, як жыве ўся краіна». Трэнер дадаў, што цяпер, на яго думку, «за каманду гуляюць толькі патрыёты», а наконт усіх астатніх у камандзе «перагортваюць старонку».

Вось і наконт Чаркашчанкі старонка сапраўды перагарнулася – ён паўдзельнічаў у двух афіцыйных матчах супраць Эстоніі, закінуў сумарна дзевяць мячоў. Праўда, Украіна абодва разы прайграла (29:32, 33:41) і выбыла з кваліфікацыі да ЧС-2025. Але ўжо ў канцы года стартуе адбор на ЧЕ-2026 – супернікамі стануць Нідэрланды, Фарэры і Косава. А вось зборная Беларусі да гэтай кваліфікацыі засталася без допуску.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты