Tribuna/Хакей/Блогі/Дзіўныя сувязі са спортам унукаў Лукашэнкі: партнёр-«каэсер», «судзейства» для дзяржТБ на «Мінск-Арэне», хакей з дзядзькам Колем

Дзіўныя сувязі са спортам унукаў Лукашэнкі: партнёр-«каэсер», «судзейства» для дзяржТБ на «Мінск-Арэне», хакей з дзядзькам Колем

«Кулакова», «Юста» і Аляксандр.

Аўтар — bytribuna com
11 лістапада, 13:00
1
Дзіўныя сувязі са спортам унукаў Лукашэнкі: партнёр-«каэсер», «судзейства» для дзяржТБ на «Мінск-Арэне», хакей з дзядзькам Колем

10 лістапада «Люстэрка» звярнула ўвагу на тое, чым займаецца ўнучка дыктатара Аляксандра Лукашэнкі Настасся – дачка Дзмітрыя Лукашэнкі (сын Аляксандра і кіраўнік яго спартыўнага клуба) і Ганны Лукашэнка (не так даўно стала пісаць тэксты да песень, якія ўсяляк прасоўваюцца на рэжымнай эстрадзе – нават БАТЭ прыцягвалі).

Даныя знайшліся на сайце юрыдычнага факультэта Маскоўскага дзяржуніверсітэта, дзе з 2021-га вучыцца Настасся. Як аказалася, у гэтым навучальным годзе яна стала куратарам адной з груп першакурснікаў факультэта – ці, як там гавораць, увайшла ў «каманду настаўнікаў», для чаго нават прайшла адбор (бралі 20 з 30 кандыдатаў). Адна з калег Лукашэнкі па гэтай камандзе па імені Дар“я Краўчанка ў 2022-м выйграла чэмпіянат Расіі U-20 па лёгкай атлетыцы ў эстафеце 4х100 метраў. А яшчэ ва ўсіх «настаўнікаў» апублікаваныя спасылкі на профілі ў сацсетках – дзякуючы гэтаму мы ведаем, што ў віртуале Настасся носіць псеўданім Кулакова (гэта, дарэчы, рэальнае прозвішча сястры яе маці).

Але наогул пра Настассю за два з лішнім гады вучобы ўсяго пары навін. Так, у лютым гэтага года Лукашэнка пад балалайку зачытала ўрывак з Якуба Коласа, для чагосьцi ўставіўшы ў радок «і там душою спачываю» непісьменнае для беларускай слова «ціхонька». А ў снежні 2021-га выйшла ў фінал танцавальнага конкурсу (там не ўзяла ніводнай намінацыі) дзякуючы выкананню павольнага вальса – пад тэму з амерыканскага мультфільма «Анастасія» – з партнёрам-аднагрупнікам па імені Саід Магамед Ізарыпаў, якім ганарылася за праведзеную ім працу. Пра Ізарыпава на сайце юрфака знаходзіцца адна навіна – свежая: месяц таму хлопец стаў пераможцам факультэцкага «свята спорту». Праўда, у кібердысцыпліне – з напарнікам выйграў турнір па CS:GO.

У роднай сястры Настассi таксама ёсць своеасаблівая сувязь са спортам. Дар“я Лукашэнка – вядучая «шоу» «Героі», якое паказваюць на галоўным рэжымным тэлеканале «Беларусь 1». Перадачу на дзяржТБ прасунуў спартыўны клуб Лукашэнкі (пад кіраўніцтвам бацькі Дар“і і Анастасіі, так), у ёй спаборнічаюць у прыкладным пажарна-выратавальным спорце, які культывуецца пры рэжымным «МНС». Першы сезон выйшаў яшчэ год таму – аказалася, што фармат дэ-факта «сабран» з розных папулярных праграм мінулых гадоў. Дар“ю ж паставілі як бы «суддзёй» – і далі ў гонар гэтага псеўданім «Юста» ад імя рымскай багіні правасуддзя Юстыцыі (якая злая іронія). Праўда, на справе Лукашэнка толькі аб“яўляла правілы, вынікі і рашэнні рэальных суддзяў у спрэчных сітуацыях.

На канькабежным стадыёне «Мінск-Арэны» з таго часу прайшлі здымкі яшчэ двух сезонаў «шоу». Адзін ужо выйшаў гэтай восенню – там па-ранейшаму выступалі падлеткі, але цяпер не толькі з Беларусі: было па дзве каманды з Расіі і Узбекістана і нават адна з краіны Еўрасаюза – Славакіі (мясцовы саюз пажарнага спорту, які адправіў каманду ў рэжымны праект, відавочна не хвалюе рэпутацыя). Вобраз «Юсты» амаль не памяняўся, ды і яна ўсё так жа кажа свой тэкст рабатызаваным голасам і раствараецца ў паветры ў канцы кожнай перадачы. Напэўна так застанецца і ў трэцім сезоне, дзе дзяцей заменяць рэжымныя «селебрыці», у тым ліку ад спорту – удзельнічаюць экс-баскетбаліст зборнай Аляксандр Кудраўцаў, чэмпіён АГ-2014 па фрыстайле Антон Кушнір, кіраўнік ФХБ Аляксандр Багдановіч, гендырэктар хакейнага «Дынама» Арцём Каркоцкі, старшыня федэрацыі барацьбы Алім Селімаў, ягоны тэнісны калега Сяргей Рутэнка, раліст Сяргей Вязовіч, кікбаксёрка Кацярына Вандар“ева і экс-тайбаксёр Дзмітрый Шакута, які ўсё ніяк не атрымае ад «правасуддзя» Лукашэнкi за гібель Рамана Бандарэнкі.

Зрэшты, самая зразумелая сувязь са спортам з унукаў Лукашэнкі – у Аляксандра. Цёзка дзеда – сын непрызнанага кіраўніка рэжымнага «алімпійскага камітэта» Віктара Лукашэнкі. Аляксандр-малодшы, як і бацька, гуляе ў хакей у аматарскім чэмпіянаце Мiнска за праект «Бастыён», які аб“яднаў вядомых «сілавікоў» рэжыму і ахоўнікаў Лукашэнкі, а трэніруе іх усіх любімчык Аляксандра-старэйшага Дзмiтрый Баскаў.

Аляксандр Лукашэнка злева

У Аляксандра-ўнука ў цяперашнім сезоне павышэнне – праз чатыры гады ў «Бастыёне-2» яго перавялі ў першую каманду клуба, якая рэгулярна выйграе мінскі Д3 і адмаўляецца павышацца. Там Лукашэнка стаў сукаманднікам свайго аднагодка-сваяка Мікалая (абодва нарадзіліся ў 2004-м, толькі дзядзька 31 жніўня, а пляменнік 13 верасня). Аляксандр у «Бастыёне» паўдзельнічаў у чатырох з пяці гульняў сезона і закінуў дзве шайбы.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты