Усе навіны

Аляксандр Апейкін: «Беларускія спартоўцы былі ў авангардзе дэмакратычнага руха, але іга суагрэсараў было навешана на ўсіх аднолькава»

20 кастрычніка, 16:48

Выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандр Апейкін падзяліўся меркаваннем адносна допуску і нядопуску беларускіх спартсменаў да міжнародных спаборніцтваў.

– Як вы ацэньваеце магчымасць удзелу беларускіх спартсменаў у Алімпійскіх гульнях у Парыжы ў наступным годзе?

– Я ацэньваю магчымасць удзелу як дастаткова высокую. МАК ужо прыняў рашэнне аб допуску спартсменаў у нейтральным статусе, таму беларускія спартсмены сапраўды будуць у Парыжы. Адзіна, што яны не будуць прадстаўлены зборнай ці дэлегацыяй. Па сутнасці размова ідзе пра удзел спартсменаў, не звязаных ні з беларускім Нацыянальным алімпійскім камітэтам, ні з дзяржавай.

– Колькі беларускіх спартоўцаў зрабілі антываенныя заявы? Як зыходзяць з таго, што не могуць прымаць удзел у афіцыйных спаборніцтвах?

– У Беларусі ў цэлым высокая ступень антываенных настрояў у грамадстве. Не сталі выключэннем і спартоўцы. Больш за 120 беларускіх спартоўцаў падпісалі Антываенную дэкларацыю, шмат хто актыўна выступаў супраць вайны. З 2020 года беларускія спартсмены дастаткова актыўна выступаюць і супраць рэжыму Лукашэнкі. Петыцыю з асуджэннем дзеянняў рэжыму ў 2020 годзе падпісалі больш за 2 тысячы спартсменаў і прадстаўнікоў спорту. Для Беларусі гэта вялікая лічба.

На жаль, пасля пачатку поўнамаштабнай вайны шматлікія федэрацыі адмовілі гэтым беларускім спартоўцам у спаборніцтвах. Гэта не зусім справядліва, бо спартоўцы страцілі кар'еру, змушаныя былі пакінуць Беларусь з-за палітычных пераследаў. І ў выніку патрапілі пад падвойную дыскрымінацыю. Наогул Беларусь і РФ у міжнародным спорце вельмі памылкова ставяць у адзін шэраг. Беларускія спартоўцы былі ў авангардзе дэмакратычнага руху, займалі актыўную антываенную пазіцыю, падвяргаліся жорсткім рэпрэсіям, ішлі ва Украіну добраахвотнікамі. Цяпер у Беларусі за кратамі знаходзяцца больш за 20 прадстаўнікоў спорту як палітвязні. Але іга суагрэсараў было навешана на ўсіх аднолькава.

– Ці ёсць у беларускіх дэмакратычных сіл нейкая палітыка па спорце? Ці павінна ў іх быць афіцыйная пазіцыя па АГ і іншых афіцыйных спаборніцтвах?

– З 2020 года і да гэтага часу асноўным правадніком спартыўнай палітыкі дэмакратычных сіл зʼяўляецца Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці. Пазіцыяй фонду быў і застаецца допуск спартсменаў да Алімпійскіх гульняў пасля падпісання Антываеннай дэкларацыі і публічнага асуджэння вайны. Многія федэрацыі і нацыянальныя алімпійскія камітэты розных краін таксама ўзялі за аснову гэты прынцып. На жаль, МАК праігнараваў гэтыя рэкамендацыі і прыняў вельмі мяккія крытэры, – распавёў Апейкін.