Усе навіны

Апейкін пра допуск беларускіх атлетаў да Алімпіяды: «Цуду не адбылося»

8 снежня, 19:52

Кіраўнік БФСС Аляксандр Апейкін падзяліўся меркаваннем пра допуск беларускіх атлетаў да Алімпіяды ў Парыжы.

«Цуду не адбылося. Тое, што будзе рашэнне аб допуску ў нейтральным статусе беларусаў і расіян, было відавочна дзесьці з лютага гэтага года. І рэкамендацыі МАК да міжнародных федэрацый, якія былі апублікаваныя 28 сакавіка, засталіся тымі ж і адносна Алімпіяды.

МАК цягнуў з рашэннем да максімальна магчымага тэрміну на выпадак, калі зменіцца сітуацыя ў Украіне.

Для нас было б перамогай прыняцце Антываеннай дэкларацыі як галоўнага фільтра. Гэта значыць публічнае асуджэнне агрэсіі Расіі ў адносінах Украіны. Досыць доўга за гэта змагаліся: праводзілі публічныя мерапрыемствы, вялі перамовы ў кулуарах. Ведаю, МАК разглядаў такі варыянт. Але ў выніку вырашылі абмежавацца ўжо апублікаванымі крытэрамі.

Перад Гульнямі ў Парыжы будзе некалькі выканкамаў МАК. Зменяцца геапалітычныя ўмовы – МАК хопіць некалькі тыдняў, каб прыняць іншае рашэнне.

Упэўнены, што спартсмены з Беларусі выступяць у нейтральным статусе. Ніхто ім не забароніць удзельнічаць, што мы бачым па сітуацыі ў відах спорту, дзе атлеты ўжо могуць спаборнічаць.

Калі б дазволілі паехаць на гульні тым, хто сапраўды прымаў удзел у рэпрэсіях спартсменаў, гэта было б расчараваннем. А так рашэнне МАК успрыняў абыякава. Паўтаруся, усё да гэтага ішло. Фонд хацеў выціснуць максімум, але і назваць дзеючыя крытэры паразай не магу», – сказаў Апейкін.