Усе навіны

Аляксандр Апейкін: «Як ужо магчыма абмяняць допуск ў Парыж на вызваленне палітвязняў»

8 снежня, 23:30

Кіраўнік БФСС Аляксандр Апейкін патлумачыў, чаму лічыць нерэальнай прапанову вызваліць палітвязняў у абмен на доступ беларускіх атлетаў да Алімпіяды.

«Гэта сапраўды нерэалістычна. Праблема ў тым, што тут дзейнічаюць зусім іншыя механізмы, сітуацыя моцна адрозніваецца ад эканамічных і персанальных санкцыяў. На Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі (НАК) санкцыі накладалі двойчы. Першы раз – у 2020 годзе за парушэнне правоў атлетаў; другі раз — у лютым 2022 году за вайну ва Украіне.

Санкцыі ўводзілі за парушэнне Алімпійскай хартыі, і неяк звязаць іх з палітвязьнямі амаль немагчыма. Асноўнае патрабаванне Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК) – па-першае, спыніць вайну Расіі супраць Украіны; па-другое – спыніць пераслед спартсменаў за іхную грамадзянскую пазіцыю; і трэцяе – перавыбары выканкаму і прэзідэнта НАК.

Другі момант – МАК фактычна (на 99 працэнтаў) ужо дазволіў удзел беларускіх спартсменаў у Алімпіядзе 2024 году ў нейтральным статусе, бязь сцяга. Усе атлеты, якія так ці іначай трапляюць пад адпаведныя крытэры, паедуць на Алімпіяду. Таму як можна гэты дазвол ехаць на Алімпіяду (які і так ужо фактычна існуе) абмяняць на вызваленне палітвязняў?

І калі нейкая ўгода на гэты конт і магла б адбыцца, то толькі ва ўмовах непублічнасці. А калі гэта ўсё ўжо вынесена на шырокае абмеркаванне, то ніхто не пойдзе на нейкія публічныя перамовы», – сказаў Апейкін.