Tribuna/Канькi/шорт-трэк/Блогі/Рэжымны сцяганоша з АГ-2022 загаварыў пра падлодкі ЗША і «змову» ў МАК – з вынікамі ў яго горш, чым з фантазіяй

Рэжымны сцяганоша з АГ-2022 загаварыў пра падлодкі ЗША і «змову» ў МАК – з вынікамі ў яго горш, чым з фантазіяй

Пакутуе ад санкцый, сілкуючыся ад рэжымнай арміі.

Аўтар — bytribuna com
16 лістапада, 10:44
6
Рэжымны сцяганоша з АГ-2022 загаварыў пра падлодкі ЗША і «змову» ў МАК – з вынікамі ў яго горш, чым з фантазіяй

Імкненне загаварыць пра пакаранне іншых – звыклая рэакцыя ў расійскім і беларускім рэжымным спорце, калі гаворка заходзіць пра адхіленне ад міжнародных турніраў, што ўведзенае ў многіх відах у адказ на пачатак вайны, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расія ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. Пазбягаючы разваг пра сваю адказнасць, многія тут жа пачыналі стагнаць пра тое, што не адхілялі, напрыклад, ЗША, якія таксама вялі войны. А сёння зʼявіўся яшчэ адзін варыянт – запатрабаваць бана для Ізраілю, які абʼявай вайны адрэагаваў на масавы тэрарыстычны напад палестынскіх баевікоў з ХАМАС (з якімі варагуе ўжо шмат гадоў – і нешта раней галасоў пра бан не было чуваць).

На днях гэты «козыр» дастаў не самы прыкметны беларускі прарэжымнік – Ігнат Галавацюк з канькабежнага спорту, у якім дзейнічае паўнавартасны бан. Прычым у каментары для дзяржТБ Штаты атлет таксама прыплёў, пабудаваўшы на іх саюзніцтве з Ізраілем тэорыю змовы.

- Кажуць, што спорт па-за палітыкай. Але МАК як да нас ставіцца, да Расійскай Федэрацыі і Беларусі, а як ставіцца да Ізраілю і Палестыны. Чаму так? Усе, ну, недурныя людзі разумеюць, хто стаіць за Ізраілем. Цяпер там у моры падводныя лодкі амерыканскія, самалёты лётаюць, – сказаў Галавацюк (характэрна, што пасля слова «нам» ён у першую чаргу згадаў Расійскую Федэрацыю).

На гэтым Галавацюк не спыніўся. Канькабежац, які з гэтага года перайшоў на ўтрыманне Узброеных сіл Лукашэнкі, задаўся пытаннем, «чаму мы павінны пакутаваць, спартсмены звычайныя», назваў спорт «нішай, праз якую пачнуцца нейкія прымірэнні», а яшчэ дадаў, што верыць у будучы міжнародны допуск – маўляў, «калі не верыць, дык навошта займацца» канькамі. Хоць не далей як у ліпені Галавацюк запэўніваў, што ў яго няма і не было «ніякіх упадніцкіх настрояў», былая міжнародная практыка выдатна замяняецца стартамі ў Расіі, а рэжым Лукашэнкі моцна падтрымлівае і дае спартсмену «адчуваць сваю неабходнасць». Зрэшты, яшчэ раней, у студзені, канькабежац называў адхіленне «вялікім мінусам» і казаў, што «гадам трэнаванняў тут роўны месяц знаходжання» на найбуйнейшых сусветных турнірах – увогуле, стабільнасці ў пазіцыі не здабыў.

Яшчэ адна заява Галавацюка – што ён шмат што страціў, таму што «пасля АГ-2022 пайшоў вынік, а тут нас рэзка абразаюць». Хоць ужо ў наступнай фразе атлет прызнаў, што яго найлепшы вынік цяперашняга сезону дазволіў бы займаць месцы ў канцы першага – пачатку другога дзясятка на этапах Кубка свету. У цэлым там Галавацюк да бана выступаў шэсць гадоў – але ніводнага медаля не здабыў, толькі пару разоў трапіў у тройку ў заездах другой катэгорыі (без удзелу топ-20 спартсменаў). У цэлым найлепшым стаў сезон-2020/21, калі Ігнат у агульным заліку стаў 8-м на дыстанцыі 500 м і 9-м на 1000 м. Галоўным медалём у карʼеры 26-гадовага Галавацюка застаецца золата юніёрскага ЧС-2016 на 500 м.

Зрэшты, усё магло змяніцца на АГ-2022. Там шматразовы рэкардсмен Беларусі паказаў выдатную для сябе хуткасць на 1000 м – але да бронзы не дацягнуў невялікія для гэтай дыстанцыі 0,15 секунды, стаўшы шостым. Але ўсё-такі больш Галавацюк запомніўся тым, што на ўлюбёных 500 м, дзе таксама ішоў цалкам нядрэнна, запнуўся на апошнім павароце і проста кінуў змагацца, у выніку з запасам стаўшы апошнім, 30-м. Зрэшты, нават без памылкі атлет проста патрапіў бы ў раён топ-10, пра медаль там гаворка не ішла.

На тых АГ Галавацюк быў яшчэ і сцяганошам зборнай Беларусі – прычым трымаў дзяржсімволіку як на адкрыцці, так і на закрыцці Гульняў. Паспрыяў гэтаму графік канькабежных спаборніцтваў (тых, у каго быў больш кампактны, хутка выпраўлялі дадому праз рызыку заразіцца каранавірусам), але ўсё роўна алімпійскі камітэт Лукашэнка, вядома, не паставіў бы на такую пазіцыю нелаяльнага спартсмена. Галавацюк хіба што чамусьці не падпісаўся за рэжым у 2020-м – а ў астатнім не выклікае сумневаў. Ніякіх пратэстных настрояў атлет не выказваў, яшчэ да АГ здымаўся ў праектах дзяржТБ, а ў пачатку 2023-га зʼявіўся на навагоднім прыёме ў Лукашэнка. Сам факт запрашэння туды ўжо шмат пра што кажа, але Галавацюк яшчэ і выклаў фота адтуль з колерам рэжыму (Недасекаў прыабдымае, а недалёка Баскаў, Мірончык-Іванова і іншыя), а ў подпісы назваў Лукашэнку «прэзідэнтам» і заявіў, што свята «адзначылі выдатна».

Галавацюк крайні злева

У 2023-м канькабежац удзельнічаў у мерапрыемствах алімпійскага камітэта Лукашэнкі, а таксама ў інтэрвʼю газеце адміністрацыі Лукашэнка паведаміў, што ягоны бацька – вайсковец, а таму ён сам лічыць сябе патрыётам і выконвае прынцып «дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся». Хоць нараўне з гэтым Галавацюк прызнаўся, што адразу пасля АГ павінен быў перайсці ў канькабежны клуб з Нідэрландаў, але там «былі вымушаныя падпарадкавацца палітычным рашэнням» і не ўзяць яго праз пачатак вайны. Галоўнымі стартамі для атлета ў цяперашняй сітуацыі, паводле ягоных свежых слоў, застаюцца чэмпіянаты Расіі, дзе летась атлет, у якога нібыта пайшоў вынік, праляцеў міма медалёў на асобных асабістых дыстанцыях.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты