Tribuna/Тэніс/Блогі/Азаранка прадавала дом у Каліфорніі за 8 млн долараў, жыве ў Фларыдзе ў катэджы за 3,2 млн, у Драздах здае асабняк за 6,5 тысячы

Азаранка прадавала дом у Каліфорніі за 8 млн долараў, жыве ў Фларыдзе ў катэджы за 3,2 млн, у Драздах здае асабняк за 6,5 тысячы

Адшукалі апартаменты тэнісісткі ў Бока Ратон.

9 студзеня, 19:30
1
Азаранка прадавала дом у Каліфорніі за 8 млн долараў, жыве ў Фларыдзе ў катэджы за 3,2 млн, у Драздах здае асабняк за 6,5 тысячы

Вікторыя Азаранка добра пачала 2024-ы. Экс-першая ракетка свету дабралася да паўфіналу турніру ў Брысбене, дзе саступіла суайчынніцы Арыне Сабаленцы (6:2, 6:4). Таксама яна здолела падняцца на адну пазіцыю ў рэйтынгу WTA (стала 22-й).

9 студзеня з'явілася яшчэ адна нагода ўспомніць пра тэнісістку. На сайце Realt.by зʼявілася абʼява пра здачу ў арэнду дома, які якраз Азаранцы і належыць. Зямлю ў элітным раёне Мінска спартсменка атрымала бясплатна. У 2011 годзе рэжымны выканкам па сталіцы выдзеліў ёй участак па распараджэнню Лукашэнкі, які любіў рабіць такія падарункі паспяховым спартоўцам.

Дом тэнісісткі размешчаны недалёка ад вадасховішча. З балкона адкрываецца такі краявід:

Агульная плошча двухпавярховага катэджа – амаль 475 квадратаў, жылая – 279,5. Дом прасторны, а над участкам працавалі ландшафтныя дызайнеры:

Унутры ёсць вялікая кухня-сталовая з гасцінай і выхадам на тэрасу, шэсць асобных спальных, два санвузлы і прасторная ванная. Паведамляецца, што кожны пакой мае свой стыль:

А вось, здаецца, былы дзіцячы пакой сына Азаранкі Леа. Пра гэта можна меркаваць па літарах на сцяне:

У аб'яве сказана, што ўся мэбля і сантэхніка італьянскай і нямецкай вытворчасці прэміўм сегмента. Не вельмі патрыятычна, але затое якасна. А яшчэ ў хаце ёсць асобны пакой з джакузі і більярдавая:

Азаранка шукае тых, хто гатовы зняць дом на працяглы тэрмін. Кошт арэнды не па кішэні сярэднестатыстычнаму беларусу. Тэнісістка хоча 20 771 рубель у месяц, што эквівалентна 6,5 тысячам долараў.

Катэдж у Драздах – не адзіная нерухомасць, звязаная з Азаранкай. У 2015-м яна набыла дом на Манхэтэн-Біч у Каліфорніі за 7 мільёнаў еўра. Як і з катэджа ў Драздах, з дому ў ЗША адкрываецца выдатны краявід, праўда, не на вадасховішча, а на акіян.

У будынку ёсць ліфт, некалькі ванных пакояў, пяць спальняў, на ніжнім паверсе – зала для трэнаванняў і бар:

Азаранка спрабавала прадаць дом у Каліфорніі. У траўні 2019-га выставіла за 8 млн еўра, а праз 10 месяцаў апусціла цэннік да 7,5 млн. На сёння невядома, ці пазбавілася тэнісістка ад маёмасці.

Апошнiя гады Азаранка жыве ў ЗША, але ў штаце Фларыда – недалёка ад яго цэнтра Маямi. Тэнiсiстка пасялiлася ў гарадку Бока Ратон, дзе пражывае крыху меней за сто тысяч чалавек. Гэта курортнае месца на ўзбярэжжы Атлантычнага акіяну. З плюсаў можна адзначыць бяспеку – колькасць злачынстваў у Бока Ратон амаль на 40 адсоткаў ніжэйшая, чым агулам у штаце. Але перш за ўсё там вельмi цёпла – i ў верасні 2020-га спартсменка падчас «Ралан Гарос» менавiта з аргументам, што жыве ў Фларыдзе, адмаўляся працягваць матч, калi ў Парыжы было ўсяго восем градусаў ды лiў дождж.

Пра цяперашнi дом тэнiсiсткi ў Беларусi неяк не пiсалi. Але што за ён – гэта не сакрэт. На спецыялізаваных сайтах у ЗША можна нават знайсцi, што дом належыць не наўпрост тэнiсiстцы, а юрыдычнай асобе, але з вельмi адметнай назвай – V1KA CALIFORNIA LLC (мабыць, рэгiстравалася яшчэ з мiнулага амерыканкага адраса).

Плошча ўчастка складае амаль 463 квадратныя метры. Разам з асабняком ён ацэньваецца прыкладна ў 3,2 мiльёна долараў. Так усё выглядае з паветра – бачым i сад, i басейн, i вадаём побач.

Сама Азаранка не раз выкладала ў сацсеткi фота каля дома i знутры яго. На першым здымку лёгка пазнаецца дах будынку.

У лютым мінулага года тэнісістка сядзела ў журы конкурсу зорак НХЛ. Матч праходзіў на хатняй арэне «Фларыды Пантэрз», якая носіць назву Amerant Bank Arena. Да яе ад дома Азаранкі 30 міль – гэта 40 хвілін на аўто.

Таксама вядома, што Азаранка дапамагала будаваць домік ў вёсцы Рабунь ля Вілейскага вадасховішча. Зямлю яна набыла ў 2010 годзе, а вось так выглядаў дом у 2012-м:

Пабудова невялікая. На першым паверсе - гасцёўня, спальня, зала плюс ванны пакой і санвузел. На мансардзе – пакой для адпачынку. На ўчастку – лазня.

Гэты дом толькі будаваўся за грошы Азаранкі, а жылі ў ім ейныя бацькі. Тэнісістка там з'яўлялася вельмі рэдка.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты