Tribuna/Футбол/Блогі/Як разгульваліся ў найлепшай зборнай Беларусі: Малафеева не пусцілі ў Нідэрланды, Кульчы завісаў з Гурэнкам, гарэлка – з вядра

Як разгульваліся ў найлепшай зборнай Беларусі: Малафеева не пусцілі ў Нідэрланды, Кульчы завісаў з Гурэнкам, гарэлка – з вядра

Пра Туміловіча вы і так ведаеце.

Аўтар — bytribuna com
16 траўня, 18:00
Як разгульваліся ў найлепшай зборнай Беларусі: Малафеева не пусцілі ў Нідэрланды, Кульчы завісаў з Гурэнкам, гарэлка – з вядра

15 траўня расійскае інтэрнэт-выданне «Спорт24» апублікавала вялікае інтэрв’ю з рэкардсменам па колькасці матчаў за зборную Беларусі Аляксандрам Кульчым. У размове было нямала цікавых дэталяў, пра якія раней не было вядома. Сярод іншага Кульчы распавёў пра дагаворныя матчы па схеме абмену хатнімі перамогамі, якую не так даўно ўжо ўспаміналі.

А яшчэ Кульчы паскардзіўся, што «цяпер у маладых няма здароўя, і не п’юць і нават не паляць – хоць хто зайшоў за аўтобус падыміць». І, назваўшы сябе «чалавекам самагонароджанага пакалення», крыху ўспомніў пра свае загулы – і заадно пра спосабы расслабіцца ад партнёраў па зборнай пад кіраўніцтвам Эдуарда Малафеева. Так мы яшчэ больш даведаліся пра тое, як гуляла тая каманда, на рахунку якой застаецца самае высокае (трэцяе ў групе) месца за час удзелу беларусаў у адборах да чэмпіянатаў свету і чэмпіянатаў Еўропы.

Эдуард Малафееў

Вядомы сваімі паэтычнымі ўстаноўкамі трэнер у 2019-м дзяліўся: «Не выпіваю гады два-тры, асуджаю гэтую справу. Чытаю лекцыі – кажу: «Можа, вы баіцеся, дарагія дзеткі, сказаць: «Ты сам выпіваў, што нам цяпер расказваеш?» А вы не бойцеся! Вінаваты, дакараю сябе за гэта, не паўтарайце за мной! Свае памылкі не выправіш, а іншых адхіліць не позна».

У верасні 2002-га Малафееў не паляцеў са зборнай у Нідэрланды – хадзілі чуткі пра адстаўку, але афіцыйнай прычынай называўся «стан здароўя». Праз шмат гадоў Аляксандр Хацкевіч распавёў, што тады Малафееў на фоне візіту на базу да зборнай Аляксандра Лукашэнкі «крыху загуляў» – і дыктатар загадаў пакінуць трэнера ў Беларусі.

«Вяртаемся пасля гульні, недзе а пятай раніцы прыязджаем на базу. [Малафееў] стаiць: пінжак, туфлікі, спартыўныя штаны. У руцэ піва – паўбутэлькі. І кажа свайму памочнiку [Валерыю Стральцову]: «Ты ануча. А я валявы». Бярэ гэтую бутэльку – і выпівае», – успомніў Хацкевіч. Малафееў, дарэчы, у выніку прапрацаваў яшчэ амаль год пасля гэтага эпізоду.

Самая ж гучная гісторыя пра Малафеева і алкаголь – спроба трэніраваць у шатландскім «Хартсе» па запрашэнні літоўскага ўладальніка Уладзіміра Раманава, які потым не ведаў, як схаваць ад прэсы трэнера, які паспяваў «на секундачку ў бар, 50 грам пляснуць – і назад».

Генадзь Туміловіч

Легенда п’яных прыгод, пра якія, здаецца, ужо даўно вядома заўзятарам.

Але з гадамі былы кiпер расказвае ўсё больш. Адна гісторыя пра фэйкавае пахаванне брата чаго вартая.

У п’яным стане Туміловіч чаго толькі не тварыў – у тым ліку, на жаль, садзіўся за руль: краў аўтобус і тралейбус, улятаў на машыне ў бетонны блок. У Сочы брамнік настолькі надакучыў навакольным, што яго ў шторм вывезлі ў мора і пакінулі цверазець на буі. Але дапамагла толькі кадзіроўка – і тое не з першага разу. Цяпер цяжка паверыць, што брамнік піў усяго 14 гадоў са сваіх цяперашніх 52 – да 18 не спрабаваў, потым сыходзіў у «завязкі».

Валянцін Бялькевіч

Нябожчык і адзін з найлепшых футбалістаў Беларусі збіраў вакол сябе кампаніі, але спакойна мог піць і ў адзіноце, абiраючы віскі. Яго першая афіцыйная жонка Ганна Седакова не разумела, як гулец мог прыехаць у кватэру пад раніцу ці закінуць рэчы і адправіцца піць з сябрамі, калі дома чакалі яна і маленькая дачка, а для Бялькевіча гэта быў звыклы ўклад жыцця.

Нейкіх гучных скандалаў з алкаголем у Бялькевіча не згадаць. Але выпіўка, хутчэй за ўсё, паўплывала на яго раннюю смерць. У 2024-м сябар Аляксандр Хацкевіч распавёў, што, калі Бялькевіча-трэнера прыбралі са структуры кіеўскага «Дынама», ён «упаў у яму».

«У мяне былі кантакты з прэзідэнтам клуба. Ужо, здаецца, мы пра ўсё дамовіліся, і [Белькевіч] ведаў, што вернецца. Але, напэўна, вырашыў, што не будзе. Дэпрэсія, алкаголь… Я яго не здолеў выцягнуць. Гэтага ўжо не вернеш», – прызнаўся Хацкевіч.

Аляксандр Хацкевіч

Самая гучная гісторыя з алкаголем у Хацкевіча здарылася ў 1994-м у моладзевай зборнай Беларусі пасля матча ў Польшчы. Трэнер каманды Іван Савосцiкаў заявіў, што Хацкевіч у кампаніі яшчэ аднаго будучага гульца зборнай Малафеева Андрэя Астроўскага, а таксама калег Аляксандра Багайчука і Сяргея Федаровіча напіліся, знайшлі на базе ў чужой краіне аўтакар, без дазволу завялі і сталі катацца як атрымаецца, уразаючыся ў перашкоды. Хацкевіч таксама абвінавачваўся ў маце на адрас трэнера, а таксама новай папойцы з Астроўскім у аўтобусе па дарозе дадому. Гульцы ж заяўлялі, што выпілі не так шмат, выпадкова перакулілі вулічны маразільнік, за што заплацілі, а Хацкевіч потым проста палаяўся з трэнерам – і той выдумаў гісторыю з «крадзежам». Зрэшты, ФФРБ (цяперашняя АБФФ) паверыла Савосцiкаву і выпісала гульцам умоўны бан на паўгода.

Як бы там ні было, Хацкевіч прызнаваўся, што ў маладосці цалкам сабе ўжываў – звычайна ў кампаніі з Туміловічам. Той потым казаў, што таварыша выратавала жонка – Хацкевіч рана аформіў шлюб і пад уплывам жонкі «ўзяўся за галаву». Але некаторыя гісторыі засталіся – напрыклад, як у Мiнску два сябры напаілі нейкага афрыканца, а потым загрузілі яго ў цягнік да Масквы, якую ён хацеў калі-небудзь паглядзець.

Васіль Баранаў

«Я неяк спытала: «Вася, адкуль ты ўзяўся ў «Ведрычы»?» А ён: «З піўной». І незразумела, жарт ці не», – успамінала жонка экс-аднаклубніка Баранава Наталля Капленка. Пра любоў Баранава да піва хадзілі легенды. Футбаліст піў яго не толькі куфлямі, але і паўтарашкамі – а потым спакойна выходзіў і працаваў на трэніроўках. Самая вядомая гісторыя тут – як Баранаў на базе свайго «Спартака» на час трэніроўкі паставіў у душ астуджацца скрыню піва, а этыкеткі забілі змыў, што прывяло да патопу.

Але і з Малафеевым у Баранава была свая гісторыя – пра тое, як з п’яных вачэй гулец не прачынаўся ад слоў трэнера.

«Адзін яго тады паспрабаваў падняць, другі, трэці. Тут Малафееў падыходзіць: «Васіль, родны мой, давай мацней, уставай». Вася: «Мужык, адыдзі». Наступная фраза: «Мужык, ### [блін], ідзі ты ##### [нафіг]». Трэцяя фраза: «Мужык, ### [блін], я табе зараз як #### [удару]». Пазней рыхтуемся да трэніроўкі – Васятка прачынаецца, ужо ў форме: «Ну што, рабят, пагуляем». – «Вась, прабач, але цябе адлічылі», – распавядаў Туміловіч.

Віталь Валадзянкоў

У мiнскім «Дынама» Валадзянкоў хутка, так бы мовіць, уліўся ў кампанію. Гулец успамінаў, як на дзень нараджэння братоў Макоўскіх «паставілі вядро дзесяцілітровае, туды ўсю гарэлку злілі і чэрпалі шклянкамі». А Хацкевіч, які яшчэ ўдзельнічаў у такіх рухах, тады адвёў будучую жонку Валадзянкова ўбок і пераконваў «не крыўдзіць Віталя».

Валадзянкоў з мянушкай «Малы», па ўспамінах, сапраўды адмаўляўся сталець. І дзівіў не толькі ў п’яным стане – проста любiў разнастайныя «прыколы», у лік «каронных» уваходзіла ні з таго ні з сяго паслаць суразмоўцу ##### [к чорту].

«Помню, падчас кросу ён сарве крапіву і бегае за хлопцамі. Дагоніць і як дасць крапівой па дупе :). Шышкамі яшчэ ў нас кідаўся. Да яго пазней падсялілі Сярогу Кавальчука. Той сядзіць, чытае нешта. Да яго падлятае Валадзянкоў і рэзка пачынае гарлапаніць на вуха: «Ааааааа!». Кова: «Малы! Ды ###### [надакучыў] ты!» – «Закрый рот, манда сляпая!» Гэта значыць, логікі ў гумары наогул няма, але калі табе расказваюць, ржэш і не можаш спыніцца», – успамінаў Уладзімір Макоўскі.

Аляксандр Лухвіч

Пра загулы Лухвіча публічна амаль нічога не расказвалі. Але сам ён прызнаваўся, што яго добрыя знаёмыя казалі: «Калі б у наш час быў інтэрнэт, мы турмы дакладна не пазбеглі б». Фраза была своеасаблівай падтрымкай Лухвіча ў момант, калі пад суд (як потым акажацца, не ў апошні раз) трапіў яго сын Ілля Лухвіч.

У мiнскім «Дынама» Лухвіч меў вельмі добрыя зносіны з Бялькевічам, які любіў збіраць вялікія кампаніі. А Валадзянкоў запомніў Лухвіча чалавекам, які «доўга не гаворыць, можа падысці і адразу ў лоб даць». Аднойчы Валадзянкову і дасталася за яго грубыя жарты – Лухвіч у кампаніі з Хацкевічам, Бялькевічам і Пятром Качурам на зборы ў Стайках злавілі калегу і скінулі ў возера. А на зборах у Аўстрыі кампанія з Лухвічам і Туміловічам «супакойвала» Яўгена Кашанцава, які, напіўшыся, паводзіў сябе абуральна, а потым наогул завёў «Дзень перамогі». У выніку Кашанцава пабілі ўжо ў аўтобусе, а ў гатэлі дадалі, раздзелі, звязалі рамянямі і выкінулі на балкон цверазець.

Аляксандр Кульчы

Кульчы (злева) і Сяргей Гурэнка

Пра рэкардсмена зборнай не тое каб хадзілі алкаміфы, але пра тое, што ён таксама можа затусіць, вядома даўно. Зрэшты, яшчэ ў 2009-м Кульчы распавёў пра свой досвед піцця і яго канчатку.

«Раней прымаў, як і ўсе. У 2001-м завязаў, бо зразумеў: пакоцішся ўніз. Калі пачынаеш па гэтай справе прапускаць трэніроўкі… Звычайна ў нас для зняцця стрэсу пачыналі з піва, потым працягвалі гарэлкай, а потым ужо ішло ўсё запар. Я яшчэ зачапіў час, калі спірт «Раяль» разводзілі. Тыя, хто цудзіў уначы, выходзілі на поле і ўсё роўна былі найлепшымі», – дзяліўся Кульчы.

Цяпер экс-футбаліст дадаў пару дэталяў. Напрыклад, што ў Маскве, гуляючы за мясцовае «Дынама», часта адпачываў у папулярным у футбалістаў начным клубе. Заходзілі туды і калегі па зборнай. Паводле слоў Кульчыя, Сяргей Гурэнка наведваў дыскатэкі, але «казаў, што ходзіць туды з-за смачнай кухні». А Эрык Яхімовіч быў настолькі пастаянным кліентам, што атрымаў уласную мянушку – за знойдзенае падабенства называлі Аленам Дэлонам.

Пра сябе ж Кульчы распавёў гісторыю з расiйскім трэнерам Валерыем Петраковым, пад кіраваннем якога гуляў у «Томі».

– Петракоў быў душэўным чалавекам, проста мог пасядзець з усёй камандай. Аднойчы я нешта адзначаў, пад раніцу мне прыспічыла сустрэцца з Петраковым. І вось я паддаты прыязджаю ў 6 раніцы да вокнаў яго дома і крычу: «Валера, выходзь!» Не чуе. Тады я ўключаю ў машыне на ўсю гучнасць «Без цябе, усё непатрэбным стала адразу без цябе». Ён выйшаў, пагразіў кулаком і пайшоў назад спаць, – падзяліўся экс-футбаліст.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты