Tribuna/Лёгкая атлетыка/Блогі/20 секунд не хапіла Мазуронак, каб забраць галоўныя грашовыя прызы на марафоне ў Лос-Анджэлесе. Але яе вынік усё роўна топ

20 секунд не хапіла Мазуронак, каб забраць галоўныя грашовыя прызы на марафоне ў Лос-Анджэлесе. Але яе вынік усё роўна топ

Суперніца адарвалася толькі на апошніх 2 км.

Аўтар — Pam-pam
18 сакавіка, 05:21
20 секунд не хапіла Мазуронак, каб забраць галоўныя грашовыя прызы на марафоне ў Лос-Анджэлесе. Але яе вынік усё роўна топ

Беларуская лёгкаатлетка Вольга Мазуронак стала срэбнай прызёркай традыцыйнага марафону ў Лос-Анджэлесе. Спартсменка фінішавала другой, прабегшы 42 кіламетры 195 метраў за 2 гадзіны 25 хвілін і 48 секунд.

Пераможцай у жанчын з асабістым рэкордам стала Стэйсі Ндзіва, якая патраціла на маршрут 2:25:28. На апошніх двух кіламетрах яна адарвалася ад беларускі і выйграла ў той 20 секунд, абнавіўшы свой леташні вынік на 5:32.

Пераможца атрымала 6 тысяч долараў непасрэдна за першае месца, а яшчэ бонус у 10 тысяч за тое, што ў прынцыпе першай дабралася да фінішу ў гэтым марафоне. Жанчыны стартавалі ў Лос-Анджэлесе на 17 хвілін раней за мужчын, але ўсе беглі па адной трасе. Ндзіву так ніхто і не здолеў дагнаць. Мазуронак, калі меркаваць па часе, таксама, але яна засталася без бонуса.

Яшчэ перад стартам Мазуронак, якая толькі ў верасні мінулага года перабралася ў ЗША, дзякавала арганізатарам марафону за магчымасць вярнуцца да любімай справы.

«Мой старт у Амерыцы адзіночны. Я ўсё яшчэ шукаю каманду – пакуль у мяне няма ні менеджара, ні трэнера. Што да маіх планаў на нядзелю, то я чалавек забабонавы і не буду загадваць. Магу сказаць толькі, што ў мяне былі прадуктыўныя пяцітыднёвыя трэніроўкі ў Кеніі, і думаю, што я знаходжуся ў добрай форме».

Форма ў Мазуронак сапраўды выдатная. Так, яна не здолела перамагчы, але пры гэтым паказала пяты персанальны вынік у кар'еры (значна хутчэй бегала толькі на Алімпійскіх гульнях)...

...а таксама выканала алімпійскі нарматыў, неабходны для траплення ў Парыж. І гэта пры тым, што з Алімпіяды ў Токіа (то бок ад 7 жніўня 2021 года), дзе беларуска заняла пятае месца, на старты яна не выходзіла.

Праўда, зроблены нарматыў яшчэ не гарантуе паездкі на галоўную спартыўную падзею чатырохгоддзя – беларусы ўсё яшчэ не дапушчаныя да спаборніцтваў Міжнароднай федэрацыяй лёгкай атлетыкі.

39-ы Лос-анджэлескі марафон стартаваў а 7-й раніцы па мясцовым часе. Амаль 25 тысяч удзельнікаў прабеглі міма такіх славутасцяў як Драконавыя вароты Чайнатауна, мэрыя Лос-Анджэлеса, возера Рэха-Парк, будынак «Кэпітал Рэкардс», Галівудская алея славы, Кітайскі тэатр TCL, Радэа-драйв.

На кожнай мілі знаходзіліся дзясяткі людзей, гатовыя падтрымаць марафонцаў. Некаторыя з іх выглядалі даволі экзатычна.

У мужчын пераможцам стаў 26-гадовы кеніец Дамінік Нгена. Ён пераадолеў дыстанцыю за 2:10:20 – амаль на тры хвіліны хутчэй за леташняга чэпіёна эфіёпа Джэмаля Йімера.

На на фінішы пераможцаў вітала Джоан Бенуа Самуэльсан –уладальніца залатога медаля першага жаночага алімпійскага марафону 1984 года.

Пасля марафону траса выглядала не вельмі чыстай, таму яе адразу пачыналі прыбіраць, каб хутчэй пусціць аўтамабілі.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты