Усе навіны

Трэнер па АФП Мілашэўскі: «Леўчанка, Сныціна і Ліхтаровіч – топ-3 па фізпадрыхтоўцы з тых, з кім я працаваў»

18 снежня 2022, 10:25

23-гадовы трэнер па АФП Уладзіслаў Мілашэўскі ў інтэрв'ю тэлеграм-каналу «О, спорт! Ты – мир!» назваў найлепшых, на яго думку, гульцоў жаночай зборнай у плане фізічнай падрыхтоўкі.

– Топ-3 з тых людзей, з якімі я працаваў, – вядома, Лена Леўчанка, Каця Сныціна і Таня Ліхтаровіч. Па месцах не буду дзяўчынак размяркоўваць, няхай усе яны будуць лепшымі. Плюс вылучу Насцю Верамеенка і Сашу Тарасаву. Не сказаў бы, што яны працуюць столькі, колькі дзяўчынкі з топ-3, але ведаюць, як і калі трэба працаваць, і калі робяць гэта, то на максімуме, на піке.

Гэта людзі, якія нават траўміраваныя выглядаюць лепш здаровых, – за кошт любові да сваёй справы, жадання працаваць. Яны прыйдуць хворымі-кульгавымі на трэніроўку, але ўсё зробяць на такім узроўні, быццам нічога і не турбуе. У іх залімітавая матывацыя рухацца наперад і прагрэсаваць.

– Леўчанка толькі-толькі скончыла кар'еру, Сныціна яшчэ гуляе. Сакрэт – у іх граматнай фізічнай падрыхтоўцы?

– У першую чаргу – у іх жаданні быць у баскетболе. А ад гэтага будзе і жаданне працаваць. Калі не хочаш, то заўсёды знойдзеш апраўданні і прычыны, каб не выкладвацца. У гэтых жа дзяўчат заўсёды хапала і хапае матывацыі, незачыненых гештальтаў, каб як мага даўжэй заставацца ў баскетболе, – падзяліўся Мілашэўскі.