Усе навіны

Сныціна пра рэкамендацыю МАК дапусціць беларускіх спартсменаў: «Нельга нават на дзень спыняць ціск»

29 сакавіка 2023, 22:01

Экс-баскетбалістка зборнай Беларусі Кацярына Сныціна пракаментавала рэкамендацыю МАК міжнародным спартыўным федэрацыям вярнуць расійскіх і беларускіх спартсменаў.

«Да Алімпіяды засталося паўтара года, але адборачныя кваліфікацыі на некаторыя віды спорту ўжо пачаліся ці вось-вось пачнуцца. Мне здаецца, што Францыя наўрад ці зможа на гэта паўплываць, бо заўсёды ёсць грамадскі ціск і ціск арганізацый, якія могуць паўплываць на міжнародныя федэрацыі пра допуск ці недопуск беларускіх ці расійскіх спартсменаў.

Каб зборная Беларусі прыняла ўдзел у Алімпіядзе, то яна павінна ўжо гэтым летам удала выступіць на Чэмпіянаце свету, адкуль яны змогуць патрапіць на кваліфікацыю і толькі потым на алімпійскія гульні. Але на дадзены момант Міжнародная федэрацыя баскетболу не здымае з іх бан. Значыцца, яны не змогуць патрапіць на Чэмпіянат свету і кваліфікавацца.

Тое, што МАК учора агучыў, гэта чарговы напамін пра тое, што нельга нават на дзень спыняць грамадскі ціск і ціск іншых структур пра допуск спартсменаў з краінаў-агрэсараў. Інакш гэтая вайна стане нечым звычайным і прымальным у нашым свеце», – сказала Сныціна.

Нагадаем, што шматлiкія беларускія каманды і спартсмены былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага года працягваецца Расiяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.