Усе навіны

Кацярына Сныціна: «Спартсмены, якія абралі маўчаць, не забывайцеся, адкуль рэальна ўсе вашыя цяперашнія праблемы»

23 чэрвеня, 22:08

Экс-капітан зборнай Беларусі Кацярына Сныціна падзялілася меркаваннем пра адхіленне беларускіх спартсменаў ад міжнародных спаборніцтваў.

– Быць Алімпійцам для мяне – гэта штосьці большае, чым быць проста спартсменам.

Еўрабаскеты, чэмпіянаты Свету, кваліфікацыі змешваюцца ў адно, а эмоцыі ад удзелу ў Алімпійскіх гульнях заўсёды стаяць асобна, недзе вышэй за ўсё астатняе.

Ты адзін з самых найлепшых атлетаў у свеце, стаіш на адкрыцці Алімпіяды ўнутры 80-тысячнай арэны, выступаеш, ведаючы, што краіна прачнулася па сярэдзіне ночы, каб глядзець гульні нацыянальнай каманды з Пекіна і Рыа, выкладаешся на 110% –незабыўныя эмоцыі, якія даюць энергію для далейшай кар'еры.

Алімпіяда ў Парыжы не за гарамі, кваліфікацыі ў баскетболе ўжо пачаліся. Гэтымі днямі праходзіць чэмпіянат Еўропы, дзе каманды з другога па шостае месца маюць правы адбірацца на АГ.

Чытаць выказванні чыноўнікаў пра тое, што з нядопускам расійскіх і беларускіх спартсменаў у выніку губляе толькі міжнародны спартыўны свет, смешна.

Людзі, якія вінавацяць усіх вакол у сваіх праблемах, акрамя сябе – слабыя людзі.

Спартсмены, якія абралі маўчаць ці падтрымліваць дыктатара, не забывайце, адкуль рэальна ўсе вашыя цяперашнія праблемы. Гэта не выдуманы вораг з-за мяжы. Людзі, якія загубілі вашыя надзеі на Алімпіяду знаходзяцца ўнутры краіны, побач з вамі, дзякуючы вам, –напісала Сныціна.

Нагадаем, у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022-га працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, МАК 28 лютага 2022-га апублікаваў рэкамендацыю адхіліць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў, як i зрабiла большасць сусветных федэрацый па відах спорту.

28 сакавіка 2023-га МАК абвясцiў, што з гэтага моманту рэкамендуе дапускаць да міжнародных спаборніцтваў беларускіх і расійскіх індывідуальных атлетаў у нейтральным статусе, калі такія спартсмены не дапускалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама не маюць кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі.