Усе навіны

Сныціна пра сыход са зборнай Беларусі: «Шматгадовыя партнёры баяліся, што іх заўважаць са мной. Не хацела быць з тымі, хто не можа пастаяць за сяброў»

13 снежня, 17:33

Беларуская баскетбалістка Кацярына Сныціна згадала, як пакінула зборную Беларусі ў 2021-м годзе.

«Мой кантракт заканчваўся ў сакавіку 2021 года, а ў лютым зборная гуляла ў кваліфікацыі [да ЧЕ-2021]. Яшчэ да таго я вырашыла, што не буду працягваць кантракт.

Мы гулялі ў Латвіі, і гэта быў яшчэ кавiдны час. Мы жылі ў «бурбалцы» – нельга выходзіць на вуліцу, жывеш у гатэлі, на аўтобусе прывозяць у залу, не дазваляюць нікуды хадзіць. Так што мы захраслi ў гатэлі амаль на тыдзень.

І я ўбачыла сваю каманду, у якой я гуляла са многiмі 15 гадоў, з кімсьці 10 гадоў, пяць гадоў. Я ўбачыла сукамандніц, якія аглядаліся, калі размаўлялі са мной, якія баяліся, што іх убачаць побач са мной за размовай – у еўрапейскай краіне, у Латвіі.

Я глядзела на іх і думала, што проста не хачу быць з імі. Не хачу больш дзяліць з імі пляцоўку, свой час. Не хачу быць у такой групе людзей, якія не могуць пастаяць за сваіх сяброў.

Можа быць, без таго тыдня я б падумала, што павінна сказаць нешта большае сваім партнёрам па камандзе, бо мы праходзілі праз Алімпійскія гульні, Еўрабаскет і ўсё такое. Але пасля той сітуацыі ў Латвіі гэта было проста: «Я сыходжу», – сказала Сныціна.