Усе навіны

Ірвінг ахвяраваў 26 тысяч долараў на трансплантацыю ныркі ганцу, якому тэрмінова трэба было рабіць аперацыю

2 студзеня, 17:09

Плэймэйкер «Даласа» Кайры Ірвінг дапамог хвораму чалавеку сабраць сродкі на трансплантацыю ныркі.

31-гадовы баскетбаліст адным ахвяраваннем закрыў збор сродкаў, які арганізавала сям'я Эндруса Дзіфа Амузу на платформе GoFundMe. На аперацыю па трансплантацыі ныркі трэба было сабраць 25 тысяч долараў, а Кайры даслаў 26 тысяч.

Пра гэта стала вядома з твіту журналіста Лэндана Томаса, які асвятляе навіны вакол «Даласа». Томас адзначае, што ў Эндрса заставалася «зусім мала часу», таму аперацыю трэба было рабіць тэрмінова.

Ірвінг ужо не ўпершыню дапамагае грашыма тым, хто мае патрэбу. Летась ён ахвяраваў больш за 20 тысяч долараў студэнту, якому не хапала сродкаў, каб аплаціць сваё навучанне ў Гарвардзе.

Сёння, 2 студзеня, Кайры Ірвінг вярнуўся на баскетбольную пляцоўку пасля аднаўлення ад траўмы пяткі. За 32 хвіліны матчу з «Ютай» плэймэйкер «Маверыкс» набраў 14 ачкоў (6 з 14 з гульні, 2 з 3 трохачковых), зрабіў 9 падбораў, 4 перадачы і 1 блок-шот.