Усе навіны

Расійскі баскетбаліст беларускага паходжання Астапковіч: «У Беларусі трэнер выцягваў пацаноў з вуліцы, умовы былі спартанскімі»

29 студзеня, 18:46

Баскетбаліст ЦСКА Антон Астапковіч, які нарадзіўся ў Беларусі, але ў 15 гадоў пераехаў у Расію і пазней атрымаў там грамадзянства, расказаў, як у дзяцінстве займаўся баскетболам.

– Датычна краіны табе магу распавесці, што ў мяне «ўклалі». Ёсць СДзЮСШАР, а ў мяне была ДзЮК – дзіцяча-юнацкая каманда, нават не спартыўная. Проста ДзЮК «Аўтазаводзец», дзе мы трэніраваліся ў звычайных школьных залах, гэта значыць на пляцоўках, якія не падобныя на сапраўдныя – яны меншыя, там розныя кольцы і іншыя разметкі, трохачковых пад 90 градусаў не існуе… Трэніроўкі ў зале, якая адпавядала стандартам, былі ўсяго раз на тыдзень.

Калі мы ездзілі, дай бог, на нейкія спаборніцтвы, то ехалі звычайным плацкартам. Нас не забіраў спецыялізаваны аўтобус, як прынята пры арганізацыі перавозак дзяцей. Мы заўжды карысталіся грамадскім транспартам. Жылі ў хостэлах, а не ў гатэлях ці інтэрнатах.

Такая карціна: у нас дашырак, трэнер купляе каўбасу, наразае кожнаму таўшчэзныя кавалкі, кладзе на хлеб – гэта наш абед і вячэра. Бацькі клалі з сабой курыцу і ўсё, што не магло сапсавацца за два дні, бо захоўваць прадукты не было дзе.

Самы жорсткі ўспамін з дзяцінства: неяк прыехалі ў Гомель, мне тады гадоў 10-12 было. Позні вечар, дабраліся ўжо ў цемры. Зайшлі на тэрыторыю школы, нехта нас упусціў, праводзілі ў пакой, там была столь – метраў, напэўна, пяць, нейкае дапаможнае памяшканне, і дзесяціярусныя ложкі…

– Не ведаў, што такія існуюць.

– Я таксама. Але мне там месца не хапіла, і я пайшоў у нейкі кабінет, дзе былі рассунутыя парты, а ў цэнтры ляжаў матрац сантыметраў у 20 таўшчынёй. Лёг на яго проста ў адзенні. У кабінеце акно было разбіта, мне далі коўдру, зіма была... І вось так я спаў.

Яшчэ прыгадаў гісторыю: неяк раз у хостэл, дзе мы жылі, завалілася кампанія ў відавочным алкагольным ап'яненні. А нам па 12 год! Ноч, святло ўключылі. Гэта быў пакой прыкладна 10 на 15 метраў, ложкаў штук 25 – самы тыповы хостэл. Проста людзі вырашылі працягнуць выпіваць там.

Вось так мы жылі. Таму не ведаю, хто і што на мяне патраціў. Нашы бацькі скідаліся на білеты на цягнік, на нейкае харчаванне і нейкае пражыванне. У камандзе былі хлопцы з семʼяў у цяжкай жыццёвай сітуацыі, трэнер літаральна выцягваў пацаноў з вуліцы, займаў іх увагу баскетболам. Умовы былі спартанскімі, і харчаваліся мы гэтак жа. Бывала, што было дзве-тры гульні ў дзень, паміж імі мы нават не паспявалі схадзіць паесці, – сказаў Астапковіч.