Tribuna/Баскетбол/Блогі/«Мінск» бясслаўна скончыў свае пакуты ў Лізе ВТБ – напрыканцы прайгралі камандзе, дзе няма легіянераў

«Мінск» бясслаўна скончыў свае пакуты ў Лізе ВТБ – напрыканцы прайгралі камандзе, дзе няма легіянераў

Найгоршы сезон не выратавалі ні новы трэнер, ні змены ў кіраўніцтве.

Аўтар — Pam-pam
15 красавіка, 10:25
«Мінск» бясслаўна скончыў свае пакуты ў Лізе ВТБ – напрыканцы прайгралі камандзе, дзе няма легіянераў

Баскетбольны «Мінск» завяршыў свой выступ у Адзінай Лізе ВТБ. 14 красавіка сталічная каманда правяла апошні матч другога этапа супраць МБА, які гуляе ў турніры без замежных гульцоў у заяўцы. Беларусы саступілі 70:81.

МБА, якая набрала ў другой палове сезона добрую форму і выдала адрэзак з дзевяці перамог запар, з першых хвілін прадэманстравала, хто на пляцоўцы гаспадар. Падапечныя Васіля Карасёва дысцыплінавана абараняліся, дазволіўшы «Мінску» набраць толькі тры пункты за першыя 6 хвілін і патроху ўцякалі наперад. Пасля 10 пунктаў запар ад Данііла Касаткіна разрыў у ліку ледзь не дасягнуў «+20». Мінчукі ж з цяжкасцю набіралі пункты ў пазіцыйных атаках і часта памыляліся, але намаганнямі Вадзіма Стубеды здолелі скараціць адставанне да вялікага перапынку – 47:35.

У другой палове беларусы паспрабавалі больш жорстка дзейнічаць на сваёй палове, ненадоўга запаволіўшы атакі МБА, але рэалізацыя ўласных вымушала жадаць лепшага. Госці некалькі разоў скарачалі розніцу да «-10», але на большае іх не хапіла.

Пасля матчу галоўны трэнер мінчукоў Аляксей Сухавецкі тлумачыў чарговую паразу вялізнай колькасцю страт:

«У нас не атрымалася прадэманстраваць якасць, якая атрымлівалася ў папярэдніх сустрэчах. Таму віной 21 страта, з такой колькасцю складана разлічваць на станоўчы вынік. Таксама праблема штрафных пакуль нікуды не дзелася. Для нашай каманды сезон не заканчваецца, мы гуляем яшчэ ў чэмпіянаце Беларусі. Нам трэба выпраўляць гэтыя моманты для ўнутранага першынства».

Цікава, што ў канцы свайго каментара трэнер пажадаў суперніку ўдачы ў наступным сезоне. Магчыма, гэта агаворка, бо МБА працягвае змагацца за плэй-оф, а магчыма, так спецыяліст шле вестку свайму былому «начальніку» Расціславу Вяргуну ў Екацярынбург, бо маскоўская каманда стала адзінай, хто абгуляў «Уралмаш» на другім этапе Лігі ВТБ.

«Мінск» скончыў сезон у банкаўскай лізе з адной перамогай у 40 матчах. Палепшыць стан спраў не дапамаглі ні змена галоўнага трэнера па ходзе сезона, ні перастаноўкі ў кіраўніцтве. Клуб замацаваўся на апошнім радку табліцы.

Для сталічнай каманды гэты сезон адназначана стаў найгоршым у гісторыі ўдзелу ў лізе – адна перамога ў рэгулярцы здаралася яшчэ толькі раз у сезоне-2011/12, але тады каманды мелі толькі 16 гульняў. З лёгкай настальгіяй успамінаецца сезон-2017/18, калі пад кіраўніцтвам Аляксандра Круцікава каманда атрымала восем перамог і не прайшла ў плэй-оф толькі праз розніцу пунктаў у асабістых сустрэчах з латвійскім ВЭФам.

Цяпер экс-«цмокам» трэба змагацца на ўнутранай арэне, і проста ім дакладна не будзе. Магілёўскі «Барысфен» ужо адабраў у сталічнай каманды кубак, а цяпер разам з «Гродна-93» пазмагаюцца і за золата чэмпіянату.

Будучыня «Мінска» на сёння выглядае даволі туманнай – яшчэ ўвосень прадстаўнікі беларускай федэрацыі баскетболу форсілі навіны пра стварэнне каманды ў Салігорску (праўда, у выніку пакуль там ёсць толькі каманда па баскетболе 3х3). А ў сярэдзіне года кіраўніцтва БФБ сустракалася з прэзідэнтам Лігі ВТБ Сяргеем Кушчанкам, які да гэтага ў Мінск не дабіраўся.

Хоць супрацоўнік «Мінска» Аляксандр Кобрынец, які адказвае за працу са спонсарамі, і запэўніў бізнесмена Аляксандра Кныровіча ў тым, што клуб з вялікай доляй верагоднасці працягне ўдзел у банкаўскай лізе і ў наступным годзе, але яго абгрунтаванне ў выглядзе таго, што хоць нейкі клуб ад Беларусі мусіць там быць, не выглядае пераканаўчым.

Ды і самі гульцы дзяліліся з «Трыбунай», што ў сваім крузе абмяркоўваюць варыянт таго, што клуб могуць замяніць у расійскай лізе - можа, проста вярнуць у чэмпіянат краіны, а можа, увогуле закрыць. Апошняе ўяўляецца не вельмі рэальным, бо ў «Мінска» сапраўды нядрэнная інфраструктура, і праз яе невыкарыстанне могуць узнікнуць пытанні ў так званага міністэрства спорту.

Чакаць развязкі засталося нядоўга.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты