Tribuna/Біятлон/Блогі/Рэжымнік раскрытыкаваў Кубак свету па біятлоне – вось у Раўбічах, маўляў, усё ідэальна. Ага, канешне 🙃

Рэжымнік раскрытыкаваў Кубак свету па біятлоне – вось у Раўбічах, маўляў, усё ідэальна. Ага, канешне 🙃

За трасу прад'яўлялі некалькі дзён таму, даўно «ўражвалі» вобшукамі.

Аўтар — KentYara98
10 студзеня, 22:00
Рэжымнік раскрытыкаваў Кубак свету па біятлоне – вось у Раўбічах, маўляў, усё ідэальна. Ага, канешне 🙃

З 5 па 7 студзеня ў Раўбічах прайшоў чарговы этап Кубка Садружнасці – спаборніцтваў, закліканых замяніць забаненым біятланістам з Беларусі і Расіі Кубак свету. А пасля заканчэння турніру намеснік міністра спорту Лукашэнкі Аляксандр Дараховіч разразіўся крытыкай у адрас IBU – маўляў, яны не заўважаюць Раўбiчы як пляцоўку для Кубку свету, а правялi студзеньскi этап у нямецкiм Аберхофе, дзе сутыкнулiся з праблемамi.

– Яшчэ раз запрашаем усіх да нас у Раўбічы, у тым ліку і IBU, якi ўжо які год запар кажа, што ў студзені, акрамя Аберхофа, няма іншых пляцовак. Ёсць! Мы адчыненыя. Заўсёды зробім усё, каб госці былі задаволеныя. Мы не будзем спаць, есці, але зробім так, каб траса і інфраструктура былi гатовыя.

Аберхоф увогуле не гатовы. Там камяні, гліна, шышкі, галінкі. Усе абураныя. Кажуць, што вынікі паказваць немагчыма. Карцiнка агідная, арганізацыя ніякая! – разышоўся Дараховiч.

Пра Аберхоф, трэба сказаць, рэжымнiк нават не схлусiў. IBU сапраўды шмат гадоў ставiць спаборнiцтвы на нямецкай трасе на той час, калi там плюсавая тэмпература (ёсць i агульная праблема з кліматычнымi зменамi ў Еўропе). Але ж у гэтым годзе арганiзатары зусiм завалiлi падрыхтоўку трасы – снег на ёй быў навалены ў сумесi з пілавіннем, грунтам і камянямі, але нават так пакрыцця было вельмi мала. Усё гэта, канешне, рэальна абурыла топ-бiятланiстаў свету.

Але ж пафас рэжымнiка Дараховiча пра «задаволеных гасцей» i «не будзем спаць, але падрыхтуем iнфрастуктуру» – гэта папросту трызненне. Цяпер ён можа зваць IBU пад Мiнск колькi заўгодна i пры iдэальнай арганізацыі – мiжнароднiкi забаранiлi спаборнiцтвы ў Беларусi сярод iншых санкцый у адказ на вайну, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расiя ва Украiне з выкарыстаннем тэрыторыi Беларусi. Аднак да 2020-х Раўбiчы не раз прымалi розныя спаборнiцтвы ад IBU – i кожны раз вылезалi якiя-небудзь недахопы.

У 2015-м адзін з гасцей апісваў свае ўражанні ад ЧС па біятлоне сярод юніёраў. Тады ён скардзіўся на слабую арганізацыю мерапрыемства – былi названыя «банальны «саўковы» туалет, «meeting room» у незразумелым будынку, беднае грамадскае харчаванне на вуліцы, сцэна без апазнавальных знакаў». Былі пытанні і да персанала, які не мог нічога растлумачыць і не меў ніякіх апазнавальных знакаў.

У 2019-м Раўбiчам даверылi чэмпiянат Еўропы – i яго арганізацыю па палiчках расклаў украінскі журналіст Улад Амельянчанка, якi меў вялiкi досвед працы на буйных турнірах. Замежнiк абурыўся тым, што аўтобусы з Мiнска да стадыёна для гледачоў былi платнымi i па раскладзе (у Еўропе – бясплатныя i з ад'ездам пры напаўненнi пасажырамi), а для журналістаў увогуле быў толькi адзiн спецыяльны рэйс на дзень. Таксама атрымала i арганізацыя харчавання на турніры, дзе журналістам «было дазволена браць па аднаму-два бутэрброды ў дзень і талерачку нейкай юшкі, якую называлі супам».

Канешне, ужо тады пакзвалi сябе «сiлавiкi» рэжыму. Для журналiстаў уводзiлi дадатковыя формы для акрэдытацыі, дзе трэба было ўказваць персанальныя даныя без тлумачэння, што будуць рабіць з iнфармацыяй. А тых журналiстаў, якiя чамусьцi не падабалiся рэжымнiкам, маглi заставiць «распрануцца ледзь не да трусоў».

Падобнымі ўражаннямі тады ж дзяліўся і расійскі фатограф Андрэй Іваноў. Ён адзначаў, што пры агляд на ўваходзе лепш называць iнакш.

«На ўваходзе нас прымушалі распранацца. Той, хто праводзіў вобшук, пагражаў, што iнакш затрымаюць, будуць непрыемнасці. Майго знаёмага прадстаўніка адной са зборных узмоцнена прымушалі дастаць усе рэчы з заплечніка», – казаў Іваноў.

Скардзіўся Іваноў і на адсутнасць звычайнай паркоўкі, замест якой арганізавалі невялікую пяшчаную паласу ўздоўж абочыны. Калі аўтаўладальніку нават удавалася заняць на ёй месца, то пасля дажджу ён мог і не выцягнуць сваю машыну з бруду.

У пачатку 2020-га ад ЧЕ адмовiлася Эстонiя – там было дрэнна са снегам. Тут жа свае паслугi прапанавалi Раўбічы – у IBU пагадзiлiся, прапагандысты пачалi расказваць, як у Беларусi «ратуюць» сусветны бiятлон. Але ж снега ў нашай краіне было таксама няшмат. Канешне, гэта адбілася на якасці трасы.

«Траса цяжкая: усё топіць, каша», – казаў тады рэжымнiк Антон Смольскi. Згаджалася i яго цяперашняя жонка, рэжымнiца Дзінара Алімбекава: «Траса вельмі цяжкая, усе цярпелі, не было нiкому лёгка, па нагах дае вельмі моцна». Незадаволенасць трасай выказвалі і іншыя біятланісты.

Але самае смешнае – у 2024-м на тыя самыя «камянi» i падобнае, чым папракаў немцаў Дараховiч, скардзiлicя здагадайцеся дзе? Так, у Раўбiчах!

«Лыжы проста ператварыліся з гоначных у трэніровачныя. Жахлівая траса: пясок, камяні. Круг усяго тры кіламетры, ды і то некаторыя адрэзкi немагчыма было захопліваць, бо там быў засыпаны пясок», – 4 студзеня гаварыла пасля беларускiх трэнiровак расiянка Анастасія Гарэева.

Далей пад Мiнск проста прыйшлi маразы i снег, таму на самiх спаборнiцтвах траса была ў добрым стане. Карацей, «добрая карцiнка» з «Раўбiчаў» сёлета – воля выпадка. Прайшоў бы этап «Кубку Садружнасцi» на пару дзён раней – i Дараховiчу проста няма было б чым хвалiцца. Ну а пакуль ёсць – можна i выслужвацца! Канешне, пакуль нешта не парушылася – як калiсьцi мост на Немiге, за стан якога тады адказваў рэжымнiк.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты