Tribuna/Біятлон/Блогі/Сола кажа, што ў Еўропе яе чакаюць топ-аднагодкі: з адной дзяліла срэбра, прыступ іншай амаль дапамог разбагацець

Сола кажа, што ў Еўропе яе чакаюць топ-аднагодкі: з адной дзяліла срэбра, прыступ іншай амаль дапамог разбагацець

Прыкметы канекту ўжо былі.

Аўтар — bytribuna com
2 красавіка, 14:30
Сола кажа, што ў Еўропе яе чакаюць топ-аднагодкі: з адной дзяліла срэбра, прыступ іншай амаль дапамог разбагацець

Лідар сённяшняй жаночай зборнай Беларусі Ганна Сола ў канцы сакавіка перамагла ў дзвюх гонках чэмпіянату Расіі – пасьюце і змешанай эстафеце. Медалі для спартсменкі не былі прадугледжаныя, але асабліва яе засмучала адсутнасць пасля першай перамогі рэжымнага гімна – зрэшты, з нагоды другой яго ўсё ж такі запусцілі.

А неўзабаве выйшла інтэрвʼю Солы на партале дзяржТБ, дзе спартсменка распавяла, што падтрымлівае сувязь са шматлікімі «спартсменамі з топавых краін» – і яны, маўляў, чакаюць вяртання беларускіх біятланістаў на Кубак свету. Ад яго прадстаўнікі Беларусі адхіленыя IBU у адказ на вайну, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расія ва Украіне пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі.

«Пакуль не было ніводнага спартсмена, які б не вельмі добра да нас ставіўся. Усе падтрымліваюць і чакаюць. Мы вельмі добра камунікуем з Інгрыд Тандравольд, з Жуліяй Сімон. Яны клёвыя дзяўчынкі, вельмі радая за іх. Спадзяюся, што мы яшчэ паспаборнічаем разам», – сказала Сола.

Тандравольд (злева) і Сымон у снежні 2023 года

Названыя беларускай спартсменкай калегі – сапраўды топавыя біятланісткі. Францужанка Сімон узяла чатыры залатыя медалі на ЧС-2024. Нарвежка Тандравольд да апошняга змагалася за Вялікі хрустальны глобус – яго саступіла, але атрымала малы за спрынты.

Усе тры дзяўчыны – аднаго 1996 года нараджэння, таму сустракаліся яшчэ на юніёрскім узроўні. Напрыклад, у пачатку 2017-га на адпаведным ЧС усе патрапілі ў топ-10 у «індывідуалцы: Сола стала 7-й, Сымон – 9-й, Тандравольд – 10-й. З часам суперніцтва выйшла на ўзровень КМ – праўда, вось тут Сола ўжо стала адзінай, хто не трапіў у топ-10 агульнага заліку ні ў адным з сезонаў (суперніцам гэта ўдалося яшчэ ў сезоне-2019/20).

А яшчэ з абедзвюма Сола мае цікавыя гісторыі суперніцтва на трасе з пачатку 2022 года. З Сімон беларуская біятланістка падзяліла медаль, што ў біятлоне адбываецца даволі рэдка. 7 студзеня на этапе Кубка свету ў Аберхофе Сола дзякуючы топ-хуткасці на заключнай частцы дыстанцыі спрынту адзначылася другой на фінішы і чакала вынікаў суперніц – і галоўнай пагрозай была Сімон. Але ў выніку секундамер на фінішы зафіксаваў у францужанкі абсалютна той жа час, што і ў Солы – 23:37.2. Вынік – два срэбра, якія суперніцы ўручылі адзін аднаму, і вельмі блізкае суседства, якое ішло насуперак антыкавідным правілам.

З Тандравольд жа ў Солы звязана гісторыя з шанцам на алімпійскі медаль. 13 лютага на АГ у Пекіне праходзіла гонка пераследавання, дзе беларуская біятланістка стартавала 26-й, але, нягледзячы на сумарныя тры промахі за чатыры рубяжы, з апошняй стральбы пабегла пятай. Неўзабаве жвавая спартсменка абагнала чацвёртую Даратэю Вірэр. Трэцяй на фінішны круг сыходзіла Тандравольд – Сола скіравалася за ёй.

І тут Тандравольд стала рэзка губляць хуткасць. У выніку яна, даехаўшы быццам на дрэнным аўтапілоце, фінішавала 14-й і адразу страціла прытомнасць. Пазней высветлілася, што ў спартсменкі рэзка знізіўся ўзровень глюкозы ў крыві – гэта небяспечны для здароўя і нават жыцця прыступ лекары звязвалі з недахопам кіслароду на высакагорнай трасе. Аб праблемах Тандравольд было вядома і да таго, але ніхто не чакаў, што яны выявяцца настолькі ярка. Біятланістка адразу ж пакінула АГ, але нічога фатальнага не адбылося – неўзабаве вярнулася на больш даступныя для яе па ўмовах трасы Кубка свету і, як мы ўжо згадвалі, да гэтага часу паказвае высокія вынікі.

Але сітуацыя на кітайскай трасе не дапамагла Соле ўзяць бронзу і амаль 50 тысяч долараў з беларускага бюджэту ў прыдачу. З-за спіны выскачыла іншая нарвежка Цірыль Экхоф, якая пасля чацвёртай стральбы была сёмай. Менавіта Экхоф у выніку забрала медаль, а Сола засталася чацвёртай – і па выніках АГ гэта быў яе найлепшы вынік.

Тандравольд жа нядаўна паказвала, што памятае пра Солу – даслала ёй у Instagram віншаванне з днём нараджэння дачкі.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты