Tribuna/Біятлон/Блогі/Домрачава наведала спартыўны гала-вечар у Аўстрыі – усё дзеля аднаго чалавека

Домрачава наведала спартыўны гала-вечар у Аўстрыі – усё дзеля аднаго чалавека

Былая спартсменка была ў суправаджэнні мужа.

Аўтар — Pam-pam
6 красавіка, 22:20
Домрачава наведала спартыўны гала-вечар у Аўстрыі – усё дзеля аднаго чалавека

Былая біталаністка Дар'я Домрачава – не часты госць свецкіх мерапрыемстваў. Тым не менш, 4 красавіка беларуска зʼявілася ў тэрмінале 2 аэрапорту Зальцбурга, дзе ў гэты дзень праходзіў гала-вечар Leonidas-Sportgala 2024.

Каля 800 гасцей сабраліся, каб ушанаваць найлепшых спартсменаў і спартсменак Аўстрыі. Так, найлепшым спартсменам быў прызнаны скакун з трампліна Штэфан Крафт, які заваяваў у гэтым сезоне свой трэці ў карʼеры Вялікі хрустальны глобус. На другім і трэцім месцах размясціліся лыжнік Штэфан Рэтэнегер і футбаліст Конрад Лаймер.

У дзяўчат найлепшай была прызнана велагоншчыца Валянціна Хёль, якая абыйшла скі-альпіністку Сару Драер і лыжніцу Тэрэзу Штадлобер.

У намінацыі «Трэнер года» перамогу святкаваў спецыяліст па скачках з трампліна Аляксандр Дыс. Ён апярэдзіў трэнера па плаванні Пламена Раскава і коуча «РБ Зальцбург» Герхарда Штрубера.

Асобнай узнагароды быў удастоены былы трэнер зборнай Беларусі па біятлоне Альфрэд Эдэр. Арганізатары адзначылі ўклад у сусветны спорт спецыяліста, які ў снежні мінулага года адзначыў сваё 70-годдзе. Свой першы бронзавы медаль ЧС Эдэр заваяваў у 1983 на турніры ў Антхольцы (праз тры дні пасля нараджэння сына Сімона). Гэтая узнагарода стала першай не толькі для Эдэра, але і для ўсяго аўстрыйскага біятлона.

У 1985 годзе ён стаў першым аўстрыйцам, які выйграў гонку Кубка свету, а праз год заваяваў яшчэ адну бронзу чэмпіянату свету. У 1995 годзе, пасля 20 гадоў і 58 гонак на Алімпійскіх гульнях і чэмпіянатах свету, ён завяршыў карʼеру, стаўшы некаранаваным каралём усіх аўстрыйскіх зімовых спартоўцаў. Як падкрэслівае аўстрыйская прэса, менавіта яму ўдалося зрабіць беларуску Дарʼю Домрачаву пераможцай Кубка свету.

Уручаць узнагароду мясцовай легендзе на сцэну выйшла яго выхаванка. Судзячы па ўсмешках на тварах для абодвух гэты момант быў вельмі кранальным.

На агульным здымку ўсіх пераможцаў прысутнічаў і муж Домрачавай былы нарвежскі біятланіст Уле Эйнар Бʼёрндален.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты