Tribuna/Біятлон/Блогі/Экс-Алімбекава сустрэла «наймацнейшую суперніцу па дзяўчатах» – адзінокую маці, чый муж няўдала зʼездзіў ва Украіну

Экс-Алімбекава сустрэла «наймацнейшую суперніцу па дзяўчатах» – адзінокую маці, чый муж няўдала зʼездзіў ва Украіну

Трагічны лёс расійскай сямʼі.

Аўтар — Pam-pam
11 красавіка, 06:38
Экс-Алімбекава сустрэла «наймацнейшую суперніцу па дзяўчатах» – адзінокую маці, чый муж няўдала зʼездзіў ва Украіну

Беларуская біятланістка Дзінара Смольская, якая ў верасні мінулага года стала мамай, даволі хутка вярнулася да стартаў: ужо ў студзені 2024-га выступіла на расійскай спартакіядзе – у індывідуалцы фінішавала 21-й, пасля чаго цешылася, што нават з такім вынікам аказалася не апошняй у камандзе (ніжэй былі Сола – 24-я, і Кудаева – 45-я).

Але ўжо ў наступных стартах Смольскай не ўдавалася абысці сваю прынцыповую суперніцу-суайчынніцу. У спрынце на чэмпіянаце Расіі экс-Алімбекава стала 20-й, тады як Сола паказала 6-ы вынік, а ў пераследаванні, якое Сола выйграла, - 15-й. А вось у змешанай эстафеце спартсменкі беглі ў адной камандзе і разам з Дзмітрыем Лазоўскім і Антонам Смольскім дабраліся да вышэйшай ступені пʼедэстала. Ужо пасля гонкі алімпійская чэмпіёнка распавядала, што гэта невымоўныя адчуванні перамагаць у адной камандзе з мужам, і радавалася, што на стадыёне ўключылі рэжымны гімн.

У пачатку сакавіка экс-Алімбекава адправілася ў Мурманск, дзе з 12 па 14 красавіка пройдзе заключны этап Кубка Садружнасці. Разам з ёй на поўнач Расіі паляцеў і сын Cафрон, які, здаецца, падарожнічае ў статусе сябра каманды.

На днях падпісантка за рэпрэсіі выклала фота са шпацыру з сяброўкай і былой біятланісткай Кацярынай Абрамавай.

«Мой наймацнейшы супернік у дзяўчынах) І колькі прайшлі разам)) А цяпер вось з малымі гуляем. Час, не спяшайся», – падпісаны здымак.

Цікава, але «наймацнейшы супернік» Смольскай, якая ўжо даўно завязала з прафесійным спортам, не моцна ззяла ў біятлоне. У актыве Абрамавай хіба што медалі расійскіх рэгіянальных турніраў кшталту срэбра 81-га традыцыйнага свята поўначы па біятлоне.

Да таго ж дзяўчына адначасова займалася і канькабежным спортам, дзе таксама ўдзельнічала ў розных турнірах.

Мяркуючы па сацсетках былой спартсменкі, яе кумірам была Дарʼя Домрачава – расіянка нават знайшла беларускую экіпіроўку, каб быць падобнай да алімпійскай чэмпіёнкі.

Магчыма, пра ўзровень канкурэнцыі экс-Алімбекава крыху перабольшыла, але тое, што дзяўчыны сябруюць даўно, пацвярджаюць і старыя фота ў акаўнце расіянкі.

Падчас сваёй спартыўнай карʼеры Абрамава паспела «паслужыць» у войску – як ваеннаабавязаная нават прыцягвалася да ваенных вучэнняў, сурʼёзнасць якіх выклікае некаторыя пытанні.

Верагодна, дзесьці ў тую пару дзяўчына пазнаёмілася са сваім будучым мужам Аляксеем Барсуковым, які пасля стаў прафесійным вайскоўцам.

Барсукоў скончыў разанскую паветрана-дэсантную вучэльню, дзе атрымаў лейтэнанцкія пагоны.

Пасля вучобы мужчына працягваў будаваць ваенную карʼеру і сямʼю – у верасні 2022-га ён зрабіў Абрамавай прапанову, а ў пачатку кастрычніка пара ўзаконіла свае адносіны.

Магчыма, такая хуткасць была звязана з тым, што 26 кастрычніка мужчына адправіўся, як піша Абрамава, у «камандзіроўку» на вайну з Украінай. Гэта быў апошні раз, калі дзяўчына бачыла мужа жывым.

Ужо праз тыдзень дзяўчына даведалася, што цяжарная і паспела паведаміць пра гэта мужу, а 8 снежня да яе ў кватэру прыйшлі прадстаўнікі расійскага войска, каб паведаміць пра смерць мужа.

Дзяўчына не адразу паверыла ў тое, што здарылася, але, здаецца, у яе сітуацыі, у адрозненні ад многіх іншых, яна атрымала цела і здолела зладзіць пахаванне.

Мужчына, які ўдзельнічаў у вайне Расіі супраць Украіны, пасмяротна быў узнагароджаны ордэнам «мужнасці», і мяркуючы па тым, што гэты факт адлюстраваны ў сацсетках Абрамавай, для яе гэта важны аспект.

У лютым 2023-га ў Сасаве, дзе Барсукоў атрымліваў сярэднюю адукацыю, адкрылі мемарыяльную дошку ў яго гонар – з караулам, гваздзікамі і сталом з чырвоным абрусам.

А на 9 траўня такая ж дошка з'явілася і ў яго роднай вёсцы.

Абрамава ж цяпер выхоўвае маленькую дачку і часта ўспамінае свайго мужа, але публічна не ўздымае пытанне, для чаго яе 28-гадовы муж загінуў у чужой краіне.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты