Tribuna/Біятлон/Блогі/Смольскі – ідэальны балванчык рэжыму: гатовы ісці, куды скажуць, і рабіць, што скажуць. Вось і ў так званым «УНС» без яго ніяк

Смольскі – ідэальны балванчык рэжыму: гатовы ісці, куды скажуць, і рабіць, што скажуць. Вось і ў так званым «УНС» без яго ніяк

Слухаць доўгія прамовы Лукашэнкі яму не прывыкаць.

Аўтар — Pam-pam
21 красавіка, 13:00
Смольскі – ідэальны балванчык рэжыму: гатовы ісці, куды скажуць, і рабіць, што скажуць. Вось і ў так званым «УНС» без яго ніяк

З 12 па 14 красавіка ў Мурманску прайшоў заключны этап сезона бiятлоннага Кубка садружнасці, прыдуманага расіянамі. Першым у агульным залiку стаў беларускi спартсмен Антон Смольскi – i атрымаў пасля гэтага асабiстае вiншаванне ад дыктатара Аляксандра Лукашэнкi, за якога даўно падпiсаўся. Як аказалася, тытул Смольскага стаў для Лукашэнкi «выдатнай падставай для яркіх эмоцый» – мабыць, таму, што быў «здабыты ў бескампраміснай барацьбе з наймацнейшымі расійскімі біятланістамi». «Барацьба» выглядала неяк вось так.

Не адстала ў вiншаваннi для «свайго мужчыны» i Дзiнара Смольская – такая ж рэжымнiца, як i муж. Для экс-Алiмбекавай Смольскi – прыклад «спартсмена, які ідзе за сваёй мэтай, не баючыся агучыць яе».

Але з агучваннем мэтаў у Смольскага акурат атрымаўся казус. Калi пасля ўзяцця трафея рэжымнiк раздаваў каментарыi дзяржТБ, то, паскардзiўшыся на адсутнасць вiншаванняў (а такая ж топавая нагода!) ад замежных спартсменаў, заявiў, што iдзе ў адпачынак да сярэдзiны траўня – прычым, каб «максiмальна адпачыць пасля вельмi цяжкага сезона», плануе «быць недасяжным» нават па тэлефоне.

Але пару дзён – i Смольскi адрапартаваў, што застацца без сувязi для яго аказалася, «канешне, немагчыма». Чаму? Таму што рэжымнiк спатрэбiўся на пiяр рэжыму, вядома. Там даўно прыдумалi выганяць насельнiцтва на «суботнiкi» – безаплатную фiзiчную працу, якую, па iдэi, павiнна выконваць сiстэма. У Смольскга такая праца адбылася ў пятнiцу – 19 красавiка бiятланiст «закладаў» так званую «Алею славы» пад 50-годдзе спарткомплексу «Раўбічы».

Побач былi самыя статусныя рэжымнiкi – непрызнаны МАК кіраўнік «НАК» Лукашэнкi Віктар Лукашэнка, так званы «міністр спорту» Сяргей Кавальчук, дыскваліфікаваны на пяць гадоў IIХФ член «парламенту» Лукашэнкi Дзмітрый Баскаў. З iмi Смольскi пераразаў стужку ды мацаў валун.

I пасля гэтага адпачынак у Смольскага не пачнецца – як толькi было атрыманае рэжымнае даручэнне, для бiятланiста адразу стаў галоўным удзел у так званым «Усебеларускім народным сходзе». Паводле перапiсанай у 2022-м «канстытуцыi», цяпер у рэжымнай Беларусi рашэннi «УНС» будуць абавязковымi да выканання. Збор пройдзе 24-25 красавiка, плануецца 1162 дэлегата ды яшчэ 715 «гасцей» – пэўна, у iх i запiсалi Смольскага. Перад біятланістам будзе стаяць няпростая задача не заснуць – на апошнім такім зборышчы, у 2021-м, пратрымацца ўдалося не ўсім, што і не дзіўна, бо толькi дыктатар вяшчаў практычна 2,5 гадзіны.

Але за Смольскага досвед – слухаць пустыя прамовы дыктатара і яго прыслужнікаў бiятланiсту далёка не ўпершыню. За апошнiя некалькi гадоў рэжымнiка ўсё завуць то на адно «мерапрыемста», то на iншае – i, здаецца, Смольскi не адмовiўся нi разу.

У маі 2021-га бiятланiст з усёй камандай хадзіў на сустрэчу з Віктарам Лукашэнкам.

Тады «НАК» дзялiўся дзiўным фота з круглым сталом i пустымі талеркамі гасцей.

У красавiку 2022-га Смольскi ў «НАК» узнагароджваў пераможцаў адной з акцый «камiтэта».

У ліпені 2022-га Смольскі разам з тады яшчэ Алімбекавай наведваў выступ Лукашэнкі.

Будучая жонка так праніклася мерапрыемствам, што выклала сумесны са Смольскім здымак, які падпісала «Любіць – гэта імкнуцца праслаўляць краіну».

На пачатку 2023-га Смольскі запісаў відэа, якое вельмі нагадвала «пакаяныя» ролікі «ГУБАЗiК». У ім ён падзякаваў Лукашэнку за спецпрэмію «Беларускі спартыўны Алімп».

А неўзабаве з усмешкай забіраў «узнагароду» з рук таго, праз каго пазбавіўся магчымасці выступаць на міжнародных стартах.

Менш чым праз тыдзень разам з жонкай Смолькі тусаваўся на каляднай вечарынцы Лукашэнкі ў асяроддзі такіх жа рэжымнiкаў са спорту.

У пачатку ліпеня 2023-га Смольскі паўдзельнічаў у праекце «У свеце вайсковага спорту», арганізатарам якога выступіў спартыўны камітэт узброеных сіл Лукашэнкі. А затым з жонкай зноў прыйшоў на святкаванне «Дня незалежнасцi».

У верасні 2023-га Смольскi адправiўся за чарговай узнагародай. На гэты раз дыктатар уручыў яму знак «Заслужаны майстар спорту» і паставіў усім у прыклад – максiмальна цынiчна для кiраўнiка рэжыма-агрэсара заявiў, што «войны разгортваюцца там, дзе людзі перастаюць працаваць», а вось Смольскі працуе як варта для рэжыму.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты