Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Срэбра Гуськовай у Пекіне, серыя Асанава, вяртанне Шкурына, «Энергетык-БДУ» – галоўныя падзеі-2022 у белспорце
Tribuna

Срэбра Гуськовай у Пекіне, серыя Асанава, вяртанне Шкурына, «Энергетык-БДУ» – галоўныя падзеі-2022 у белспорце

Што выбіраеце?

Аўтар — KentYara98
27 снежня 2022, 20:46
Срэбра Гуськовай у Пекіне, серыя Асанава, вяртанне Шкурына, «Энергетык-БДУ» – галоўныя падзеі-2022 у белспорце

На прыканцы 2022-га «Трыбуна» разам са сваімі падпісчыкамі праз галасаванне ў сторыз Instagram вырашыць, якая спартыўная падзея стала галоўнай у гэтым годзе.

У пашыраным спісе знаходзяцца:

• Бяспройгрышная серыя Асанава ў прафесійным боксе;

З лютага падпісант ліста вольных спартоўцаў выступае ў прафесійным боксе. У мінулым месяцы Асанаў выйграў пяты бой запар.

• Сныціна у топ-5 па ачках у гісторыі Еўракубка;

Бягучы сезон баскетбалістка праводзіць у брытанскім «Лондан Лаянс», дзе з'яўляецца адной з лідараў на пляцоўцы. Кацярына ўвайшла ў лік тых, хто пераадолеў адзнаку 1000 ачкоў у Еўракубку – на яе рахунку ўжо 1058 балаў. Гэта пяты паказчык у гісторыі другога па сіле клубнага турніру кантынента.

• Срэбраныя медалі «Энергетыка-БДУ»;

Чарговы футбольны праект Анатоля Юрэвіча стаў галоўнай сенсацыяй чэмпіянату Беларусі па футболе. «Студэнты» ўпершыню ў гісторыі патрапілі на п'едэстал.

• Шараногавіча ў топ-5 беларусаў у НХЛ па галах;

Нападаючы трэці сезон праводзіць у НХЛ. Зараз у Шаранговіча 164 матчы і 93 (50+43) ачкі ў лепшай лізе свету. З пятага месца форвард пацясніў Руслана Салея, які меў 45 шайб. Больш з беларусаў закідвалі Міхаіл Грабоўскі (125), Андрэй Касціцын (103), Уладзімір Цыплакоў (69) і Сяргей Касціцын (67).

• Найбольшая колькасць сэйваў Вайцяховіча ў шведскім Д1 – 113;

32-гадовы варатар выдаў якасную серыю гульняў у дэбютным для сябе сезоне чэмпіянату Швецыі. Часам у беларуса было вельмі шмат працы, што адбілася на колькасці сэйваў.

• Выхад Каралька ў фінал Лігі чэмпіёнаў і званне MVP;

У чэрвені беларус у складзе польскага «Віве Кельце» дайшоў да фіналу ЛЧ, дапамог камандзе дайсці да экстратайму з «Барселонай». За сваю якасную гульню лінейны атрымаў званне найлепшага гульца Фінала чатырох.

• Срэбра Гуськовай на АГ-2022;

Другую запар Алімпіяду фрыстайлістка прывозіць медаль, хоць абодва разы не ўваходзіла ў лік фаварытаў на ўзнагароды. Калі ў Пхенчхане Ганна заваявала золата, то ў Пекіна ўзяла срэбра.

• Срэбра Смольскага на АГ-2022;

Біятланіст дзякуючы чыстай стральбе даволі нечакана ўзяў медаль у Пекіне. Антон падняўся на другую прыступку п'едэстала па выніках індывідуальнай гонкі, прайграўшы першаму месцу 15 секунд.

• Рэкорд Арлоўскага па колькасці перамог у UFC;

Бабруйчанін не мае намеру завяршаць кар'еру нават у 43 гады. У траўні былы чэмпіён UFC у цяжкай вазе атрымаў 23 перамогу ў UFC, паасобным рашэннем суддзяў перамогшы амерыканца Джэйка Кальера. Па гэтым паказчыку беларус зраўняўся з рэкордам Дональда Сэране і Джыма Мілера.

• Выхад «Макслайна» ў Д1 па спартыўным прынцыпе;

За адзін сезон у першай лізе прыватны клуб з Рагачова выйшаў у эліту. Праўда, усё ідзе да таго, што там каманды ў наступным годзе не будзе. І незразумела, ці працягне яна існаваць увогуле.

• Вяртанне Шкурына: 8+2 у Д2 Ізраіля;

Нападаючы пасля некалькіх пасярэдніх сезонаў за мяжой нарэшце здабыў клуб, дзе атрымлівае стабільную гульнявую практыку. Цяпер беларус выступае за «Макабі» Пэтах-Тыква, за які правёў ужо 13 матчаў.

• Выхад Сабаленкі ў фінал Выніковага турніру WTA;

Арына здзейсніла сваю даўнюю мару, завяршыўшы сезон на Выніковым турніры, куды адабралася перадапошняй. Па шляху ў фінал беларуска стала трэцяй тэнісісткай у XXI стагоддзі, якая на адным турніры перемагла першую, другую і трэцюю ракеткі свету. У вырашальным паядынку за тытул Сабаленка прайграла францужанцы Каралін Гарсіі – 6:7, 4:6.

• Трэцяе месца на Кубку свету ў мужчынскай біятлоннай эстафеце;

Шосты этап КС у Рупольдынгу для беларускай чацвёркі, якую склалі Мікіта Лабастаў, Дзмітрый Лазоўскі, Максім Варабей і Антон Смольскі, аказаўся бронзавым. У апошні раз нашы біятланісты паднімаліся на пастамент у гэтай дысцыпліне ў 2006-м.

• Перамога ў Кубку Грэцыі Удрыса з ПАОКам;

У красавіку беларус папоўніў сваю калекцыю трафеяў. У фінальным матчы ПАОКа усухую абыграў «Фаінікас». Улетку Артур пакінуў грэчаскі чэмпіянат і з'ехаў выступаць у Кітай.

• Выхад «Дынама-Мінск» у плэй-оф КХЛ;

Рэгулярны чэмпіянат дынамаўцы скончылі на восьмым месцы на Усходзе (з 12 агульных). Мінчане шосты раз за сваю гісторыю патрапілі ў плэй-оф, але зноў далей за першы раунд не прайшлі, прайграўшы ў серыі СКА з лікам 0:4.

• Перамогі зборнай Кандрацьева над Індыяй (3:0), Бахрэйнам (1:0) і Сірыяй (1:0).

Сёння са зборнай Беларусі гуляць хоча не кожны, таму камандзе даводзіцца сустракацца з далёка не самымі статутнымі супернікамі. У афіцыйнах матчах у каманды АБФФ усё вельмі кепска, але ў таварняках – іншая справа.

У аўторак і сераду пройдзе папэрядні этап з чатырох галасаванняў, пасля якіх будзе абрана чацвёрка фіналістаў. Заключная апытанка пачнецца ў чацвер, і ўжо 30 снежня мы даведаемся, што вы лічыце падзеяй года ў беларускім спорце.

Галасаванне будзе праходзіць на старонцы «Трыбуны» ў Instagram. Падпісвайцеся!

Найлепшае ў блогахБольш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты