Tribuna/Біятлон/Блогі/О духе времени/2022-i – гэта і 54 дні без вайны: цяпер цяжка паверыць, але туды нават улезла Алімпіяда, а яшчэ былі кавід у «Дынама», гульнявое Еўра ды іншае

2022-i – гэта і 54 дні без вайны: цяпер цяжка паверыць, але туды нават улезла Алімпіяда, а яшчэ былі кавід у «Дынама», гульнявое Еўра ды іншае

Навіны гэтага года з іншага жыцця.

Аўтар — bytribuna com
31 снежня 2022, 08:00
2022-i – гэта і 54 дні без вайны: цяпер цяжка паверыць, але туды нават улезла Алімпіяда, а яшчэ былі кавід у «Дынама», гульнявое Еўра ды іншае

У канцы года розныя выданні падводзяць вынікі мінулых 12 месяцаў, у тым ліку спартовыя. Але ў 2022-м спорт пайшоў далёка на другі план, прынамсі, у нашых шыротах. Галоўнай падзеяй стала, на вялікі жаль, вайна ва Украіне, якую ад 24 лютага працягвае Расія з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

Аднак жа да пачатку вялікага ўварвання паспела прайсці 54 дні 2022-га, у якія спорт яшчэ выклікаў больш эмоцый (хаця у Беларусі з гэтым пытанні з часоў узнікнення падпісантаў за Лукашэнка). Цяпер здаецца, што гэта было ў мінулым жыцці - але мы вырашылі ўсё ж такі ўспомніць, што паспеў белспорт у мірны адрэзак гэтага года (спойлер: аказваецца, з вялікіх турніраў там была не толькі Алімпіяда).

Пачаўся год, можна сказаць, хакеем. Ужо 3 студзеня ў мінскага «Дынама» стартавала чарговая выязная серыя - гасцявалі ў «Северсталі», «Віцязя» і «Авангарда». На гэтыя матчы беларускі клуб паехаў з адзіным брамнікам Патрыкам Рыбарам - у складзе былі яшчэ два кіперы, але адзін траўмаваўся, іншы захварэў, а больш нікога нават на двухбаковым кантракце «Дынама» не трымала і ўжо не магло дазаявіць, бо акно для гэтага зачынілася яшчэ ў 2021-м. Так што ў форме запаснога варатара на лаўцы сядзеў форвард Павел Варфаламееў - але яго дапамога не спатрэбілася.

"Дынама" здолела набраць чатыры ачкі (5:3 з "Поўначсталлю", 4:3 па булітах з "Віцязем" і 0:3 ад "Авангарда"), а затым рыхтавалася дабрацца да Рыгі на матч з мясцовым "Дынама" перад хатняй серыяй. Але латвійскую сустрэчу адмянілі праз успышкі каранавіруса ў камандзе гаспадароў. А далей кавід, які ў пачатку года яшчэ на ўсю моц бушаваў (і гэта таксама было быццам у мінулым жыцці), парушыў планы ўсёй КХЛ - спачатку ліга казала, што будуць адмяняцца толькі асобныя матчы, потым прыбрала ўсе матчы ў пэўныя даты (у тым ліку чатыры сустрэчы "Дынама" на "Мінск-Арэне", да якіх 20 гульцоў каманды атрымалі станоўчыя тэсты), а ў рэшце рэшт і зусім проста адмяніла рэшту рэгулярнага сезона, размеркаваўшы клубы ў табліцы па сярэдняй колькасці ачкоў за матч.

«Дынама» аказалася восьмым у Заходняй канферэнцыі, і потым у белхакеі гучна заяўлялі, што калі б «рэгулярка» працягнулася, то «зубры» абавязкова былі б вышэй. У асноўным так апраўдвалі паразу без варыянтаў ад СКА ў стартавым раундзе плей-оф. Зрэшты, з расійскімі «армейцамі» «Дынама» гуляла неўзабаве пасля пачатку вайны, а наша расповед не пра гэта.

Было ў беларускіх прадстаўнікоў і больш крутое - цэлы чэмпіянат Еўропы. Гаворка пра мужчынскі гандбол, дзе такія турніры заўсёды праходзяць на пачатку цотных гадоў, а Беларусь без пропускаў гуляла на іх з 2014 года. Перад турнірам кіраўнік беларускай федэрацыі Уладзімір Канаплёў ставіў спачатку найвышэйшую задачу, але потым рэзка знізіў апетыты.

Аднак на Еўра зборная, у моцным па імёнах складзе якой спалучаліся падпісанты за рэжым і тыя, хто перажываў за народ, правалілася - прайграла фаварытам з Германіі (29:33), а затым у вырашальным матчы за выхад з групы былі проста размазаныя палякамі (20:29).

У сваім заключным матчы Беларусь усё ж абгуляла (Аўстрыю 29:26), што дазволіла заняць выніковае 17-е з 24 месцаў - найгоршы вынік фінальнага этапа Еўра ў гісторыі. Далей зборная стала рыхтавацца да матчаў адбору на ЧС-2023, але адтуль праз санкцыі яе знялі яшчэ да паядынкаў з Фарэрскімі выспамі (зрэшты, далей усё роўна чакала Нямеччына).

А вось у баскетболе адбор да ЧС сарваўся яшчэ да пачатку вайны - 5 лютага замест вылету ў Японію на матчы жаночая зборная засталася ў Беларусі праз шэраг пазітыўных тэстаў на каранавірус. Як паведамлялі крыніцы, каманда магла адправіцца ў Азію увасьмёх і з галоўным трэнерам, але калі б хворых выявілі ўжо ў Японіі, іх таксама б адчапілі, а каманду чакаў бы жорсткі каранцін. З прычыны гэтага вырашылі не рызыкаваць.

А неўзабаве не захацела рызыкаваць і мужчынская зборная Вялікабрытаніі - ужо 18 лютага МЗС гэтай краіны рэкамендаваў сваім грамадзянам не наведваць Беларусь праз пагрозу хуткай вайны, а 20 лютага баскетбалісты адмовіліся ляцець у Мінск на матч, які быў запланаваны на 25 лютага. У БФБ гэта назвалі «палітычнымі амбіцыямі» - вось толькі 24 лютага беларуская тэрыторыя сапраўды стала небяспечнай, бо з яе пайшла атака ва Украіну. Зрэшты, працаўнікам беларускай федэрацыі гэта не перашкаджала і далей паліваць брытанцаў.

У тэнісе 2022-ы пачаўся, як звычайна, у Аўстраліі (адкуль праз нежаданне вакцынавацца дэпартавалі лідара мужчынскага туру Новака Джокавіча). Арына Сабаленка стартавала з правалу: падпісантка за Лукашэнку вылецела ў першых жа матчах адразу ў двух турнірах з анамальным паказчыкам падвойных памылак.

Праўда, на першым вялікім турніры года, Australian Open, атрымалася лепей - Сабаленка прайшла тры раўнда (і патрапіла ў адзін невялікі скандал) і спатыкнулася толькі ў 1/8 фіналу. Прычым у трох пераможных матчах Арына прайгравала першы сэт, а пры вылеце, наадварот, яго выйграла - а потым вопытная Кая Канепі перавярнула ход падзей.

Да 1/8 фіналу на AO дайшла і Вікторыя Азаранка, якая ў самым пачатку года яшчэ паспела згуляць пару матчаў у дуэце з іспанкай Паўлай Бадасой - тая потым сышла ў напарніцы да Сабаленкі, з якой яны цяпер рэгулярна публічна паказваюць, што сябруюць. Аляксандра Сасновіч вылецела з AO у першым жа раундзе, а Ілля Івашка зняўся праз траўму да старту турніру. Найлепшым жа даваенным вынікам 2022-га сярод беларускіх тэнісістаў стаў выхад Сасновіч у фінал «разагравальнага» турніру ў Мельбурне яшчэ ў першай дэкадзе студзеня.

У біятлоне ў пачатку студзеня стартаваў чарговы этап Кубка свету-2021/22 - а напярэдадні дзень нараджэння ў аддаленні ад каманды сустрэла Дзінара Алімбекава, якая незадоўга да таго прызнала нарэшце раман з аднадумцам па падтрымцы Лукашэнкі Антонам Смольскім.

А КС адразу прынёс чарговыя поспехі. У Аберхофе было ажно тры ўзнагароды - свой чацвёрты асабісты медаль у сезоне (срэбны) у спрынце ўзяла Ганна Сола, потым яе чацвёрка з Алімбекавай, Смольскім і Мікітам Лабаставым стала другой у змешанай эстафеце, а затым у гонцы праследвання на п'едэстал пасля шэрагу чацвёртых месцаў заехала сама Алімбекава.

У Рупольдынгу шэраг поспехаў здарыўся ў мужчынскай зборнай - Смольскі ўзяў дзве бронзы ў спрынце і гонцы праследвання (і стаў першым з сезона-2003/04 членам беларускай зборнай з трыма медалямі КС за сезон), а мужчынская эстафета сваім п'едэсталам здзівіла яшчэ мацней.

У Антхольцы абышлося адным медалём - Алімбекава забрала срэбра мас-старту.

А далей была зімовая Алімпіяда. На ёй НАК Беларусі адразу прымусіў гаварыць не пра спорт сваёй спробай забароны гаварыць не пра спорт.

Па прагнозах напярэдадні Гульняў Беларусі ў Пекіне свяцілі толькі бронзавыя медалі. Аднак у рэальнасці аказаліся два срэбры – Смольскі зачапіўся дакладнай стральбой у індывідуальнай гонцы, а фрыстайлістка Ганна Гуськова выдала «скачок жыцця» ў самы патрэбны момант.

Хапала і іншых цікавых і забаўных тады момантаў. Мы стараліся зразумець, чаму жаночы белбіятлон (якому спачувалі выбарча) застаўся на АГ без медалёў.

Слухалі ад так званага міністра Сяргея Кавальчука, што 20-е месца - гэта поспех (праз месяц чыноўнік перадумаў і аднёс гарналыжны спорт у групу з нездавальняючымі вынікамі).

Назіралі за успышкай кавіду ў лыжнай камандзе, якая і без віруса ні на што не прэтэндавала.

Фіксавалі, як у канькабежным спорце атрымалася 30-е з 30 месцаў з вялізным адставаннем – так на топ-турніры рабіць сапраўды не трэба.

Захапляліся мімікай на "фігурным" катку.

Смяяліся ад мема пра "чык-чырыка".

І праз ролікі ў быццам бы «добраахвотную» падтрымку алімпійцаў.

А ў цэлым - фіксавалі, што Гульні ў Беларусі выклікаюць цікавасць.

Праз чатыры дні пасля завяршэння Алімпіяды Расія распачала вайну - і цікавасць ад спорту пайшла ў іншы бок.

Іншыя пасты блога

Усе пасты