Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/У Беларусі хочуць узяцца за дзіцячыя школы ў футболе: новыя патрабаванні да трэнераў і кіраўнікоў, адзіная для ўсіх праграма

У Беларусі хочуць узяцца за дзіцячыя школы ў футболе: новыя патрабаванні да трэнераў і кіраўнікоў, адзіная для ўсіх праграма

Некаторыя непакояцца, што прыватнікі могуць знікнуць.

Аўтар — bytribuna com
10 красавіка 2023, 17:39
5
У Беларусі хочуць узяцца за дзіцячыя школы ў футболе: новыя патрабаванні да трэнераў і кіраўнікоў, адзіная для ўсіх праграма

Будучае прыватных школ у беларускім спорце пад пытаннем, як мінімум – у футболе. Лукашэнкаўскія чыноўнікі распрацоўваюць крытэры акрэдытацыі на дазвол працы з дзецьмі, мэты гэтых рухаў пакуль што цьмяныя. Сярод варыянтаў – дамагчыся ператоку вучняў з прыватных устаноў у дзяржаўныя і тыя, што належаць клубам. Чыноўнікі незадаволеныя ні якасцю працы прыватнікаў, ні самім фактам канкурэнцыі, хаця на сёння дзяцей у дзяржаўных футбольных школах амаль у тры разы болей, чым па-за іх межамі.

«Трыбуна» даведалася пра некаторыя падрабязнасці.

Чарговая ініцыятыва былога ахоўніка Лукашэнкі

У лютым 2023-га ў Мінску прайшло сумеснае паседжанне міністэрства спорту Лукашэнкі і АБФФ. Цягам некалькіх гадзін чыноўнікі ў прысутнасці кіраўнікоў клубаў і трэнераў абмяркоўвалі, як выправіць сітуацыю ў айчынным футболе. Адным з напрамкаў інтэлектуальных патуг сталі змены ў дзіцячым футболе - што і як рабіць, каб юныя спартсмены раслі ў гульцоў, здольных даць вынік на дарослым узроўні.

І, што характэрна, падчас абмеркавання не прагучала ніякіх ідэй наконт развіцця футбольных якасцяў дзяцей. Затое казалі пра узмацненне жорсткасці кантролю над працай школ, перш за ўсё - прыватных. Так у плане па «выратаванні» беларускага футбола з'явіўся наступны пункт:

«Правесці абавязковую акрэдытацыю ўсіх асоб, якія працуюць у беларускім футболе, да 1 студзеня 2024 года. Гэта датычыцца кіраўнікоў прыватных школ і ўсіх трэнераў, якія непасрэдна ўплываюць на развіццё беларускага футбола. Без такой акрэдытацыі займацца футбольнай дзейнасцю ў краіне будзе забаронена».

Як нам удалося даведацца, ідэя з акрэдытацыяй належыць так званаму міністру спорту Сяргею Кавальчуку. У пачатку гэтага года ён падпісаў распараджэнне (копія ёсць у рэдакцыі), дзе сказана літаральна наступнае: «У мэтах прадастаўлення далейшага ўрэгулявання пытанняў якаснага прадастаўлення паслуг у сферы фізічнай культуры і спорту, захавання адзіных патрабаванняў пры аказанні паслуг, Законам Рэспублікі Беларусь ад 19 ліпеня 2022 г. № 200-3 "Аб змяненні Законаў па пытаннях фізічнай культуры і спорту" прадугледжана, што з 1 ліпеня 2023 г. індывідуальныя прадпрымальнікі і арганізацыі недзяржаўнай формы ўласнасці будуць падлягаць дзяржаўнай акрэдытацыі на права ажыццяўлення дзейнасці па развіццю культуры і спорту.

Таксама ў другім паўгоддзі 2023 года плануецца правядзенне маніторынгу выканання дадзенымі арганізацыямі заканадаўства ў сферы фізічнай культуры і спорту».

Пра якія умовы для прыватных школ ідзе гаворка?

У першую чаргу распараджэнне закранула ўлюблёны футбол Кавальчука - менавіта ў гэтым відзе спорту больш за ўсё прыватнікаў.

- Ведаю, што крытэры акрэдытацыі павінны былі распрацаваць у Мінспорту сумесна з АБФФ да 1 красавіка 2023 года. Але, наколькі мне вядома, пакуль працэс не завершаны, хаця ўжо і існуюць напрацоўкі, якія даходзяць да вушэй кіраўнікоў і трэнераў дзіцячых школ, – распавёў “Трыбуне” адзін са спецыялістаў, які мае дачыненне да беларускага дзіцячага футбола.

Нам удалося даведацца, што за крытэры хочуць скарыстаць падчас акрэдытацыі футбольных школ. Першае - наяўнасць пэўнай катэгорыі ў трэнераў.

- У прыватных футбольных школах трэнеры ў асноўным маюць катэгорыю D. Яе атрымліваюць для працы ў масавым футболе (школах, акадэміях). Навучанне - у БДУФК і АБФФ, кароткатэрміновае (не больш за тыдзень), бясплатнае. А прыватныя футбольныя школы - гэта ж, па сутнасці, і ёсць масавы футбол, так што спецыялісты і ідуць на такое навучанне. Але, наколькі чуў, ходзяць размовы пра тое, што трэнераў абавяжуць мець катэгорыю С, - кажа адзін са спецыялістаў у галіне дзіцячага футбола.

Катэгорыя C практычна не адрозніваецца ад D, аднак слухачам трэба прайсці больш глыбокае навучанне ў АБФФ, яно ўжо платнае (крыху больш за 200 долараў), а курс доўжыцца некалькі месяцаў. Пасля навучання трэба здаваць іспыт.

- Па сутнасці, можна сказаць, што дыплом D могуць атрымаць усе ахврчыя, а вось C - гэта ўжо больш высокая ступень, больш прафесійная, - працягвае наш суразмоўца.

Пры гэтым дакладнага раскладу курсаў у АБФФ няма. Федэрацыя сама вырашае, калі мусяць стартаваць курсы на ліцэнзію.

- Пакуль не магу зразумець, навошта трэнерам у прыватных футбольных школах катэгорыя C, - разважае адзін з суразмоўцаў. - Можна спакойна працаваць і з D. Ды і не ўпэўнены, што ўсе трэнеры з прыватных футбольных школ паспеюць да 1 студзеня 2024 года вывучыцца на катэгорыю С. І што тады, ім проста нельга будзе працаваць з дзецьмі?

Дадамо, што ў дзяржаўныя і клубныя школы трэнераў з катэгорыяй D не прымаюць.

Асобным момантам, які хвалюе прадстаўнікоў прыватнага футбола Беларусі, - акрэдытацыя кіраўнікоў школ.

- У Беларусі можа адкрыць сваю справу чалавек, які нават банальна не мае адукацыі, - кажа адзін са спецыялістаў белфутбола. - Галоўнае - усё рабіць па законе і празрыста. Такія людзі могуць адкрываць і прыватныя футбольныя школы, набіраць трэнераў, арандаваць палі і гэтак далей - усё скіраванае на выхаванне падрастаючага пакалення гульцоў і развіццё віду спорту. Што зараз чыноўнікі хочуць зрабіць? Якую акрэдытацыю павінны праходзіць кіраўнікі школ? Яны павінны таксама мець трэнерскую катэгорыю ці, дапусцім, эканамічную адукацыю? Пакуль пра гэта нічога не гавораць, але, адназначна, нешта будзе мяняцца. Жыццё кіраўнікоў толькі ўскладніцца.

Раней «Трыбуна» ужо расказвала пра тое, што АБФФ мае намер укараняць нейкую расійска-нямецкую праграму нібыта для развіцця беларускага футбола. З дапамогай акрэдытацыі абавязаць працаваць па гэтай праграме хочуць не толькі дзяржаўныя, але і прыватныя школы. Трэнер Юрый Шуканаў яшчэ ў 2021 годзе расказваў, чым добрая і чым дрэнная гэтая сістэма, а таксама разважаў пра тое, чаму, на яго думку, ініцыятыва АБФФ не прывядзе да пажаданага выніку.

- Калі ў ДзЮСШ або клубных акадэміях чыноўнікі могуць прымусіць трэнераў працаваць па адной методыцы, то што рабіць прыватным школам? Кіраўнікі структур выдатна разумеюць, што кожны трэнер - гэта індывідуальнасць, у яго свае падыходы да дзяцей. Так, ёсць нешта агульнае ва ўсіх, але ў асноўным жа сваё бачанне гульні і метады падрыхтоўкі. І вось як прымусіць усіх працаваць па расійска-нямецкай праграме, якую, па сутнасці, ніхто ў белфутболе да гэтага часу толкам і не ўкараніў? А як яны збіраюцца кантраляваць яе выкананне? - разважае адзін з трэнераў, з якім пагутарыла «Трыбуна».

Навошта гэта ўсё робіцца і да чаго можа прывесці?

Чыноўнікі ўсе свае крокі і рашэнні падаюць пад выглядам клопату пра развіццё футбола. Аднак, як лічаць прадстаўнікі прыватных футбольных школ, з якімі мы пагаварылі, пра развіццё цяпер размова дакладна не ідзе. Нашыя суразмоўцы падазраюць іншыя матывы павышанай увагі да дзіцячага футбола.

- Чуў, што на адной з нарад у Мінспорту, дзе былі прадстаўнікі АБФФ, узнімалася праблема працы ДзЮСШ, клубных школ у Беларусі. Функцыянеры казалі, што няма дзяцей, трэнераў няшмат, ды і тыя не надта высокай кваліфікацыі. А вось прыватныя школы, было адзначана, запоўненыя, туды дзеці ідуць, там ім падабаецца займацца, - кажа адна з нашых крыніц. - У выніку што вырашылі? Узмацніць кантроль за прыватнымі структурамі, увесці ўсе гэтыя акрэдытацыі. Для чаго? Усё проста: калі прыватныя школы не выканаюць прад'яўленыя крытэрыі, то іх проста змогуць закрыць. У Беларусі да любога могуць прычапіцца, нават калі ўсё чыста і паводле закону. Трэнеры сыдуць ці ім не дадуць працаваць, не выдадуць акрэдытацыю кіраўнікам - у выніку проста вымусяць школы зачыніцца. І тады, паводле задумы чыноўнікаў, дзеці пойдуць у дзяржаўныя школы, ДзЮСШ стануць больш папулярнымі, чым цяпер. Тады можна будзе казаць пра напаўняльнасць дзяржаўных спартовых устаноў. А гэта - яшчэ адзін пункт у справаздачнасці для УЕФА, якое выдзяляе грошы.

Сёння, як расказваюць спецыялісты, даходзіць да таго, што трэнеры клубных акадэмій тэлефануюць у прыватныя школы і просяць «пазычыць» гульцоў пэўнага ўзросту для ўдзелу ў тым ці іншым турніры. Маўляў, трэба згуляць, паказаць працу, а выхаванцаў бракуе.

Дэфіцыт гульцоў не можа радаваць чыноўнікаў, якія нібыта прыдумалі выйсце. Гэтае выйсце, па меркаванні нашых суразмоўцаў, паставіць на мяжу выжывання прыватныя школы, але наўрад ци павялічыць напаўняльнасць ДзЮСШ.

- Па-першае, рабят у прыватных школах багата. Няўжо ў клубных школах месцаў на ўсіх хопіць? Сумняюся, - разважае наш суразмоўца. - Умоўна кажучы, у нашай школе займаецца 200 хлапцоў. А колькі ў астатніх прыватнікаў? У адным толькі Мінску каля 10 буйных прыватных футбольных школ, плюс ёсць дробныя. Што, адтуль усіх размяркуюць у ДзЮСШ ці клубныя школы? Іх у сталіцы можна пералічыць па пальцах адной рукі: "Арбіта", "Дынама-Мінск", "Мінск", "МТЗ". Яшчэ і "Іслач" трэнуецца ў горадзе, але фактычна прывязаная да Мінскага раёна. І там пэўная колькасць месцаў ужо занятая.

Па словах спецыялістаў, не кожны з бацькоў, які вадзіў дзіця ў прыватную школу, захоча пераходзіць у клубную або дзяржаўную ДзЮСШ.

- Усё ж відавочна: бацькі гатовыя плаціць грошы прыватнікам, таму што бачаць стаўленне да хлопцаў з боку трэнераў. Да кожнага - індывідуальны падыход, таму што не стаіць задача набраць як мага больш гульцоў. Галоўная задача ў школ - гэта выхаваць футбаліста. Гэта ў клубных школах, у ДзЮСШ думаюць толькі пра масавасць. Адпаведна, і пра якасную працу трэнераў гаварыць не даводзіцца. І нават нягледзячы на тое, што ў ДзЮСШ тыя ж трэніроўкі ў большасці сваёй бясплатныя. Толькі ў некаторых школах, ведаю, бацькі часам скідаюцца на арэнду палёў.

У так званай канцэпцыі развіцця футбола ў Беларусі да 2028 года гаворыцца, што цяперака ў краіне дзейнічае крыху больш за 70 прыватных школ, дзе займаецца каля васьмі тысяч чалавек. Найбольшая канцэнтрацыя прыватнікаў - Мінск і Мінская вобласць (каля 45 школ). Пры гэтым дзяржаўных структур у разы больш.

- Зноў жа, калі зірнуць канцэпцыю, то, паводле звестак АБФФ, у краіне на 2020 год дзейнічалі 117 ДзЮСШ, у якіх займалася крыху больш за 23 тысячы чалавек. Цяпер, наколькі ведаю, колькасць дзяцей зменшылася. Так што не так ужо і масава ўсё, - кажа адзін са спецыялістаў дзіцячага футбола.

Які лёс чакае трэнераў пасля закрыцця прыватных футбольных школ, калі да такога дойдзе? Як кажуць нашыя суразмоўцы, частка, вядома, паспрабуе працаўладкавацца ў ДзЮСШ, у клубныя школы. У асноўным - тыя, хто паспее атрымаць неабходныя ліцэнзіі. Але многіх не прымуць ці яны не пойдуць самі.

- Не сакрэт, як Асправы з трэнерскімі кадрамі ў дзяржаўных школах. Няхай ніхто не крыўдуе, але колькі мы чулі апавяданняў пра тое, што спецыялісты тупа прыходзяць на заняткі і даюць мяч хлопцам, каб тыя бегалі. Трэнеры разумеюць, што грошы, няхай і невялікія, ім заплацяць, а на вынік працаваць ніхто не хоча. Гэта ж трэба марнаваць час, вучыцца самому. А трэнерам у дзяржаўнікаў, нажаль, галоўнае адпрацаваць, потым сабрацца ў кампаніі ў падсобцы, адзначыць канчатак трэніроўкі і разысціся. Ці захочуць спецыялісты з прыватных школ туды ісці? Вельмі сумняюся, - сказаў на заканчэнне наш суразмоўца.

- Так, у тых жа ДзЮСШ, клубных школах куды больш трэнераў з высокай кваліфікацыяй, чым у прыватнікаў. Але чаму ў дзяржструктурах спецыялісты менш старанна і добрасумленна ставяцца да сваіх абавязкаў? – разважае адзін са спецыялістаў. - У першую чаргу, уплывае стаўленне з боку кіраўніцтва. Прысутнічае ціск, патрабаванне выніку. Але пры гэтым умовы працы, перш за ўсё фінансавыя, не адпавядаюць патрабаванням. Вось рукі ў многіх і апускаюцца, трэнеры працуюць для таго, каб проста адпрацаваць свой заробак. У прыватнікаў жа стаўленне да спецыялістаў больш чалавечнае, скажам так.

Памер заробку ў дзяржаўных школах і ў прыватнікаў адрозніваецца. Па нашай інфармацыі, напрыклад, у РЦАР БДУ трэнеры могуць працаваць і за 500 рублёў, а ў школе "Мінска" зарплата спецыялістаў знаходзіцца ў раёне тысячы рублёў. У прыватных жа школах, паводле нашых звестак, можна атрымліваць і паўтары тысячы рублёў.

Прадстаўнікі прыватнага футбола Беларусі, з якімі нам удалося пагутарыць, упэўненыя: каб масавы футбол развіваўся, дзяржава дакладна не павінная лезці да прыватнікаў - разбяруцца без яе. А вось што варта зрабіць, дык гэта палепшыць працу ў дзяржаўных ДзЮСШ і клубных акадэміях, зрабіць працу там больш прывабнай, каб і ў трэнераў быў стымул старацца, і дзецям было цікава.

- Пакуль жа мы назіраем адсутнасць сумленнай канкурэнцыі. Калі ў Мінспорту і АБФФ зразумелі, што не могуць нічога супрацьпаставіць прыватнікам, апошніх проста вырашылі прыбраць. Не выразаць па жывым, бо проста так гэта не атрымаецца, а па факце выжыць з футбольнай карты праверкамі, акрэдытацыямі і іншымі новаўвядзеннямі. Але мы будзем змагацца і выжываць, як зможам, - выказаў сваё меркаванне прадстаўнік адной з прыватных школ Беларусі.

А што ў іншых відах спорту?

Прыватны спорт у Беларусі футболам не абмежаваны. Багата школ і ў іншых відах, у асноўным, у розных адзінаборствах: самба, дзюдо, каратэ і г.д.

Пра тое, што "разбярэцца з прыватнымі школамі і ўзмоцніць дзяржструктуры", яшчэ ў снежні 2021-га заяўляў Аляксей Багданаў, заступаючы на пасаду старшыні федэрацыі каратэ. Як пазней заяўляў чэмпіён Беларусі па каратэ і заснавальнік клуба "Волат" Віталь Рак, які сёння паспяхова трэніруе дзяцей у Польшчы, ён не верыць, што ўсіх прыватнікаў у краіне ліквідуюць:

- Таму што дзяржава зараз не можа на сябе ўзяць фінансаванне ўсіх, хто займаецца. Думаю, многія прыватныя клубы пакінуць, але пры ўмове, што яны будуць падтрымліваць рэжым, займацца лукашызмам, - казаў ён тады.

Ці змянілася нешта да сярэдзіны красавіка 2023 года? Мы спыталі пра гэта трэнера.

- Гэтай вясной у федэрацыі з новай сілай загаварылі пра тое, што прыватнікаў абавяжуць праходзіць ліцэнзаванне. Усе сыходзяцца ў меркаванні, што гэта проста яшчэ адзін спосаб расправіцца з непажаданымі. Але непажаданых у Беларусі ўжо практычна не засталося, распраўляцца, па сутнасці, няма з кім, - кажа Рак.

Спецыяліст працягвае:

- Багданаў заявіў, што разбярэцца з прыватнымі школамі. Але я нават не ўяўляю, як ён будзе гэтым займацца. Па-першае, ён ідэйны ябацька, а такія людзі разумнымі быць не могуць. Па-другое, у Багданава велізарны функцыянал - ён міністр гандлю Лукашэнкі. Хапае сваёй працы. Яшчэ і будзе займацца ліцэнзаваннем клубаў па каратэ ці кантраляваць гэты працэс? Наўрад ці. І я не ўпэўнены, што ў яго ёсць давераныя асобы, якія змогуць зрабіць падобную працу. Так што я не думаю, што прыватным клубам па каратэ нешта пагражае. Там галоўнае махаць чырвона-зялёным сцягам - гэта амаль усе і робяць. Толькі некалькі клубаў імкнецца вытрымліваць нейтралітэт. Але і іх, думаю, не будуць чапаць. Тым больш нават наверсе разумеюць, што каратэ - гэта менавіта прыватныя клубы, менавіта там выхоўваюцца і растуць чэмпіёны. І нават калі спартсмен ёсць на стаўцы ў нацыянальнай камандзе, у РЦАП, ён усё роўна трэнуецца ў прыватніка.

У дзюдо пра ліцэнзаванне прыватных клубаў таксама загаварылі пару гадоў таму, ініцыятарам выступала федэрацыя. Аднак, як ні дзіўна, такі крок не знайшоў падтрымкі ў Мінспорту Лукашэнку, і ад прыватнікаў нічога патрабаваць не сталі. Клубы працуюць спакойна і не чакаюць нейкіх дадатковых умоў для свайго існавання. Не чапаюць прыватныя клубы і ў самба.

А вось у тхэквандо становішча іншае. Адразу адзначым, што ў Беларусі развіваюцца два напрамкі гэтага віду - алімпійская версія (кукі стыль) і неалімпійская версія. У прыватных клубах заняткі праходзяць па другой версіі. Па словах нашых суразмоўцаў з віду спорту, дзяржава зараз заклапацілася дзейнасцю прыватнікаў. І размовы вядуцца не пра нейкае ліцэнзаванне, а пра поўную ліквідацыю прыватных клубаў.

- Прыватныя клубы дзяржава не кантралюе, а гэта, натуральна, наверсе не падабаецца. Вось, мабыць, і вырашылі прыкрыць усё пад маркай таго, што няма сэнсу развіваць неалімпійскі від тхэквандо. Але калі гэта ўсё будзе, якім чынам, ніхто ня ведае. Аднак размовы пра тое, што прыватныя клубы могуць падгрэсці пад дзяржшколы, ходзяць вельмі ўпартыя. Што тады будзе па спартсменамі і трэнерамі, нават уявіць складана, - распавёў нам адзін з трэнераў.

Іншыя пасты блога

Усе пасты