Tribuna/Экзатычныя вiды/Блогі/О духе времени/Мала хто заўважыў, а ў санкцыйнай Беларусі правялі «чэмпіянат Еўропы» – расiйскі вiд не прызнаны нават рэжымнікамі, медаль узяў гомельскі фатограф

Мала хто заўважыў, а ў санкцыйнай Беларусі правялі «чэмпіянат Еўропы» – расiйскі вiд не прызнаны нават рэжымнікамі, медаль узяў гомельскі фатограф

І падапечныя «сілавікоў»-ласуноў.

Аўтар — bytribuna com
1 ліпеня, 11:00
2
Мала хто заўважыў, а ў санкцыйнай Беларусі правялі «чэмпіянат Еўропы» – расiйскі вiд не прызнаны нават рэжымнікамі, медаль узяў гомельскі фатограф

Беларускі спорт працягвае заставацца пад санкцыямі ў адказ на вайну, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расiя ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. МАК адназначна стаіць на тым, што ў Беларусі не павінны праходзіць якія-небудзь міжнародныя спаборніцтвы. Але дзяржСМІ заяўляюць, што, нягледзячы на ўсё гэта, з 21 па 26 чэрвеня ў Гомелі ўзяў ды і прайшоў спартыўны чэмпіянат Еўропы. Няўжо нейкая міжнародная федэрацыя вырашыла пайсці супраць агульнапрызнаных абмежаванняў?

Канешне, не. Размова ідзе пра першы чэмпіянат і першынство Еўропы па кіданні нажа – «відзе спорту», які да МАК наогул ніяк не адносіцца. А шырока культывуе гэты від роўна адна краіна. Не, не Беларусь – у спісе арганізацый, прызнаных рэжымным «мінспорту», няма адказных за кіданне нажа. Стваральнікам гэтага «віду спорту» сябе называе расіянін Андрэй Трохаў – казаў, што пасля шматразовых адмоў Мінспорту РФ усё ж такі дамогся ад ведамства прызнання кідання нажа ў 2019-м, пасля чаго яно стала «паўнавартасным відам з прысваеннямі спартыўных разрадаў». Нядзіўна, што пераважная большасць турніраў «кідальнікаў» праходзіць у Расіі.

У Беларусі ж энтузіясты кідання нажа знайшліся якраз у Гомелі – і ўстанавiлі сувязі з расiянамі. У красавіку 2023-га ў горад прыехаў Трохаў (як кіраўнік і расійскай, і «міжнароднай» федэрацый) і расказваў, што хоча дапамагчы мясцовым «спартсменам», каб стварыць канкурэнцыю прадстаўнікам Расіі, якія абвяшчаліся «чэмпіёнамі свету». У Гомель жа адправілі і «ЧЕ» – відаць, каб хоць неяк надаць «міжнароднасці». Чэрвеньскі турнір праходзіў у абласным цэнтры алімпійскага рэзерву па лёгкай атлетыцы, а ўсе затраты па правядзенні прыйшлося ўзяць на сябе Гомельскаму тлушчаваму заводу.

Па паведамленнях дзяржСМІ, у Гомелі сабралася каля 70 спартсменаў ад 12 да 72 гадоў нібы з пяці краін: Расii, Беларусi, Грэцыi, Венгрыi і Сербіi. Аднак поўныя пратаколы недаступныя – магчыма, тры апошнія краіны былі прадстаўлены адзінкава або зусім адсутнічалі на турніры. Абсалютна ўсе медалі забралі беларускія і расійскія «спартсмены» – гаспадарам дасталiся дзве залатыя, тры сярэбраныя і чатыры бронзавыя, а астатнія 45 узнагарод паехалі ў суседнюю краіну.

Пра ўзровень «ЧЕ» ўсё гаворыць кінутая ў інтэрв“ю фраза расіяніна Уладзіміра Турчына: «Я займаўся гэтым спортам як хобі, пакуль у 2019 годзе не выйграў чэмпіянат свету». Беларускія «медалісты», думаецца, могуць сказаць прыкладна тое ж. Так, бронзавы прызёр у кіданні з 4 метраў Фаціма Тажыбаева (ураджэнка ўзбекістанскай Ферганы) прыйшла да поспеху ў 45 гадоў. А на старонцы Уладзіслава Грачова (трэцяе месца ў кіданні з шасці метраў) прама напісана, што зарабляе ён вясельнай фотаздымкай у Гомелі.

Грачоў – крайні злева

А ў катэгорыі 12-13-гадовых ад Беларусі выступалі выхаванцы сілавікоў Лукашэнкі – члены клуба «Лазурыт» пры гомельскай частцы ўнутраных войскаў «МУС» рэжыму. У 2020-м адтуль бралі носьбітаў формы для падаўлення мірных пратэстаў, а за апошні час самая гучная падзея ў часці – перадача яе «сілавікам» зробленай у Рагачове самай вялікай у свеце банкі згушчанага малака вагой 485,5 кілаграма. У кіданні нажоў падапечныя «згушчэначнікаў» апынуліся ў парадку – па сваім узросце забралі ў расiян пяць з шасці медалёў.

Застаецца паглядзець, ці дапаможа «ЧЕ» стаць «кіданню нажоў» відам спорту і для беларускага рэжымнага мінспорту. Думаецца, такі лёгкі спосаб павелічэння колькасці медаляў «еўрапейскага ўзроўню» цалкам можа спакусіць Сяргея Кавальчука.

Іншыя пасты блога

Усе пасты