Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Зборную ўзначаліў іспанец, якога дакладна не здзівіць Беларусь: працаваў там, дзе быў генацыд, а дыктатар любіць спорт і набірае пад 100% на выбарах

Зборную ўзначаліў іспанец, якога дакладна не здзівіць Беларусь: працаваў там, дзе быў генацыд, а дыктатар любіць спорт і набірае пад 100% на выбарах

Свой чалавек.

Аўтар — bytribuna com
8 жніўня, 11:01
Зборную ўзначаліў іспанец, якога дакладна не здзівіць Беларусь: працаваў там, дзе быў генацыд, а дыктатар любіць спорт і набірае пад 100% на выбарах

Малавядомы 48-гадовы іспанец Карлас Алос узначаліў зборную Беларусі па футболе. Сам гуляў у ніжэйшых іспанскіх лігах, а як трэнер мае вельмі сціплыя дасягненні. Найвышэйшая кропка – перамога ў Кубку Казахстану з «Кайратам», а апошнім часам Алос працаваў у зборнай Руанды, з якой не так даўно падоўжыў кантракт, нягледзячы на вельмі і вельмі пасрэдныя вынікі. Чым такі спецыяліст, акрамя таго факту, што ён замежнік, мог прывабіць Дом футболу ў Мінску? Як мінімум згодай працаваць у адыёзных краінах, якія вельмі цяжка назваць дэмакратычнымі. Беларусь Алоса нічым не здзівіць пасля таго, што ён бачыў у Руандзе.

Справа не ў тым, што з афрыканскай камандай з 139-га месца ў рэйтынгу ФІФА трэнер мае адну перамогу ў 11 матчах, і тую ў «таварняку». Проста Руанда – краіна, дзе рэжым моцна нагадвае лукашэнкаўскі па метадах. Ну а ў 1994 годзе там здарылася нешта горшае, чым прыход да ўлады экс-кіраўніка саўгаса, і нават горш за тое, што сёння адбываецца ў Беларусі – вельмі маштабны фізічны генацыд народу. Раскажам, адкуль у нашу краіну прыехаў трэнер.

Да генацыду ў Руандзе прывёў шматгадовы канфлікт двух асноўных народаў краіны – тутсі і хуту. У XX стагоддзі, калі тэрыторыя была калоніяй спачатку Германіі, а затым Бельгіі, былі ўзвышаныя тутсі – хуту аказаліся практычна рабамі. Аднак у пачатку 1960-х пры атрыманні Руандай незалежнасці да ўлады прыйшлі хуту – і сталі жорстка помсціць, распраўляючыся з непажаданымі тутсі. Тыя сотнямі тысяч пакідалі краіну праз небяспеку, якая не слабела. Праўда, у 1973 годзе ўладу ў Руандзе праз ваенны пераварот захапіў высокапастаўлены сілавік Жувеналь Хабʼярымана, які хаця б не рваўся забіваць усіх тутсі – да іх проста ставіліся як да людзей другога гатунку. Гэта не задавальняла тых, хто паспеў зʼехаць у суседнія краіны – тутсі за межамі Руанды пачалі рыхтаваць ваенныя сілы з разлікам калі-небудзь з іх дапамогай вярнуць сабе былую ўладу.

У 1988-м у суседняй Угандзе тутсі арганізавалі «Руандыйскі патрыятычны фронт» – фактычна ўласнае войска. У 1990-м яно ўварвалася ў Руанду – захапіць буйныя гарады не змагла, але на тэрыторыі краіны засталося і працягвала партызанскія вылазкі. У вышэйшых колах рэжыму Хабʼярыманы адказалі на гэта прапагандай, у якой, у прыватнасці, здраднікам абʼяўляўся любы хуту, які вёў справы або меў любоўныя сувязі з тутсі. Але сам Хабʼярымана быў не настолькі крыважэрным – пагадзіўся на перамовы з РПФ, пусціў у краіну міратворчую місію ААН.

У выніку паплечнікі прэзідэнта ўнеслі яго ў свой «спіс здраднікаў» і пачалі дзейнічаць самі – масава ўзбройвалі хуту, а таксама запусцілі больш жорсткую прапаганду. «Вольнае радыё і тэлебачанне тысячы пагоркаў» стала наўпрост заклікаць хуту фізічна знішчаць тутсі, калі «прыйдзе час». Думка пра поўнае знішчэнне непажаданага народу ператварылася фактычна ў мэту. Дарэчы, уладальніка таго «медыя» Фелісьена Кабуга затрымалі толькі ў 2020-м – перадалі ў Гаагу, але ў сакавіку гэтага года прыпынілі судовыя паседжанні праз дэменцыю 90-гадовага падсуднага.

6 красавіка 1994-га радыкальныя хуту вырашылі, што час прыйшоў. Самалёт з Хабʼярыманай (і прэзідэнтам суседняга Бурундзі заадно) вяртаўся з чарговых перамоваў пра мір – і быў збіты некалькімі ракетамі перад самай пасадкай. Пазней расследаванне паказала, што месца запуску ракет кантралявалі хуту. Усе, хто быў у самалёце, загінулі – а ваенныя вярхі з хуту звінаваціла ў гэтым тутсі з РПФ. Таго было дастаткова для пачатку разні – рэжымныя арганізацыі (асабліва стараліся аналагі лукашэнкаўскіх «народнага апалчэння» і «БРСМ») і ўсе хуту, якія паддаліся прапагандзе, кінуліся забіваць тутсі, а тое самае «радыё» накіроўвала катаў у пэўныя месцы, даведваючыся, дзе хаваюцца непажаданыя.

У гэты час місіі ААН з галаўной арганізацыі забаранялі ўжываць зброю – не змагла абараніць яна нават прэмʼер-міністарку, якая аказалася непажаданай для вайскоўцаў і таму была імі забітая. У выніку за першыя шэсць тыдняў пасля гібелі Хабʼярыманы было знішчана ад 500 тысяч да мільёна тутсі, што суправаджалася згвалтаваннем перад забойствам жанчын, здзекам з трупаў і іншымі агіднымі рэчамі. Спыняўся генацыд толькі тады, калі ў вызначаным месцы больш проста ўжо не заставалася тутсі.

РПФ тым часам у спробе выратаваць прадстаўнікоў свайго народу прасоўвалася ў бок сталіцы, але атрымлівалася гэта не так хутка. Зрэшты, 4 ліпеня арганізацыя заняла сталіцу Руанды Кігалі, а неўзабаве – і ўсю краіну. За гэты час каля двух мільёнаў хуту збеглі з краіны, слушна разважыўшы, што з імі могуць паступіць гэтак жа жорстка, як гэта рабілі самі хуту. Аднак кіраўнік РПФ Поль Кагаме вырашыў выканаць заключаныя пры Хабʼярымане мірныя пагадненні – фармальна быў створаны кааліцыйны ўрад, а прэзідэнтам нават стаў «умераны хуту». Зрэшты, дэ-факта краінай руліў Кагаме, які заняў пасаду віцэ-прэзідэнта.

У пачатку 2000-х Кагаме выйшаў на першы план і дэ-юрэ – стаў прэзідэнтам сам («абралі» ў падкантрольным парламенце) і разгарнуў дыктатарскія метады: «зачысціў» усё палітычнае поле ад непажаданых, пасадзіўшы і свайго папярэдніка. У 2003-м нібыта з падтрымкай у 93% галасоў на «рэферэндуме» была прынятая новая канстытуцыя – там самі словы «тутсі» і «хуту» былі замененыя на «руандыйцы», але ў дадатак уводзіліся вельмі простыя магчымасці забараніць любыя палітычныя партыі і іншыя «непажаданыя» арганізацыі. Тэрмін прэзідэнцтва быў прапісаны на сем гадоў, а праз пару месяцаў на «ўсеагульных выбарах» Кагаме і «абралі», напісаўшы ў выніках 95% галасоў. Праўда, чамусьці было пакінутае абмежаванне ў два тэрміны – але калі справа падышла да трэцяга, у краіне быццам бы «самі па сабе» ўзніклі масавыя прашэнні да Кагаме нікуды не сыходзіць, а ён «літасціва пагадзіўся» і вынес пытанне на яшчэ адзін рэферэндум», дзе за ягоную магчымасць правіць да 2034 года прагаласавала нібыта 98,3%.

На двух апошніх выбарах галоўнымі суперніцамі Кагаме былі жанчыны. Перад галасаваннем 9 жніўня (так-так) 2010-га на авансцэну выйшла актывістка Віктуар Інгабіры – але яшчэ ў красавіку яе арыштавалі, прыдумаўшы нагодай гаворку аб генацыдзе. За гэта забаранілі ўдзельнічаць у выбарах, а потым абвінавацілі ў «тэрарызме» і «пагрозе бяспекі» рэжыму і пасадзілі на 15 гадоў (выйшла праз восем – Кагаме «памілаваў» суперніцу). На тых выбарах, перад якімі забаранілі каля 30 непажаданых рэжыму газет, а таксама забілі (без раскрыцця злачынстваў) апазіцыйных палітыка і журналіста, Кагаме «атрымаў» 93% галасоў.

У 2017-м супрацьстаяць сістэме паспрабавала бізнесвумэн Дыяна Руігара. У адказ спачатку ў інтэрнэт злілі ейныя аголеныя фота, потым абвінавацілі ў «няправільных» подпісах, праз гэта не дапусціўшы да выбараў (як і іншых непажаданых кандыдатаў). А ўжо пасля «элегантнай перамогі» Кагаме з 98,8% галасоў жанчыну затрымалі, абвінаваціўшы ў нявыплаце падаткаў (нешта вельмі знаёмае, ці не праўда?).

Руігарэ «пашанцавала» – адпусцілі ўсяго праз год з невялікім, а ў канцы 2018-га раптам апраўдалі, але на палітычнай сцэне пра яе больш нічога не было чуваць. Інгабіры ж засталася ў апазіцыі, але жыве пад назіраннем і не мае права выходзіць з дому без дазволу рэжымнікаў. У 2019-м быў забіты не першы з яе верных прыхільнікаў (рэжым не знайшоў вінаватых), у турмах застаюцца яшчэ 16.

Віктуар Інгабіры

Пры Кагаме Руанда, паводле статыстыкі, дасягнула некаторага эканамічнага прагрэсу, рэзка знізіла карупцыю і павысіла колькасць тых, хто атрымаў адукацыю. Але простым людзям нашмат лягчэй не стала: па звестках Сусветнага банку, у 2021 годзе даход на душу насельніцтва ў краіне ацэньваўся ў 822 долары – вось толькі не ў месяц, а ў год. Нягледзячы на такую сітуацыю, руандыйскі ўрад знаходзіць вялікія грошы на рэкламу – прычым праз топавыя футбольныя клубы. Вядома, што Кагаме – заўзятар «Арсенала», і якраз з гэтым клубам дзяржаўны Савет развіцця Руанды ў 2018-м заключыў дамову на рэкламу (надпіс «Наведайце Руанду» на рукаве формы плюс пакет больш дробных актыўнасцяў), абавязаўшыся пералічваць у Лондан па 10 мільёнаў фунтаў у год.

Іронія была ў тым, што Вялікабрытанія тады пералічвала 64 мільёны фунтаў у год у якасці эканамічнай дапамогі Руандзе («супраца» дайшла да таго, што афрыканская дзяржава стала месцам, куды астраўляне могуць законна выслаць непажаданых прэтэндэнтаў на ўцякацтва – інтарэс максімальна практычны). Але на крытыку што «Арсенал», які абвінавацілі ў супрацы з дыктатурай, што сама Руанда асабліва не рэагавалі – у краіне толькі заявілі, што рэклама спрыяе турызму. І ў 2019-м падпісалі аналагічнае пагадненне з ПСЖ (нядаўна яго працягнулі да 2025 года). Тут было дадатковае прасоўванне – у Руанду ездзілі і паведамілі пра гэта ў сацсетках такія зоркі клуба, як Серхіа Рамас, Юліян Дракслер, Кейлар Навас і не толькі. Наўрад ці яны задумваліся над тым, які рэжым гэтым падтрымліваюць.

Кагаме ж не хоча абмяжоўвацца футболам у прасоўванні праз спорт – у 2025-м у Руандзе запланаваны ЧС па шашэйных велагонках. І наўрад ці яго раптам адклічуць праз статус рэжыму – хіба толькі афрыканскі дыктатар раптам вырашыць прымусова пасадзіць які-небудзь самалёт на сваёй тэрыторыі.

Іншыя пасты блога

Усе пасты