Tribuna/Іншыя/Блогі/О духе времени/За моладзь перад Гульнямі СНД маліўся галоўны па Беларусі поп, які бласлаўляў Карпянкова, «АМАП» і «спецназ». Сабраліся ў храме духоўніка Лукашэнкі (вы бачылі яго ля Домрачавай)

За моладзь перад Гульнямі СНД маліўся галоўны па Беларусі поп, які бласлаўляў Карпянкова, «АМАП» і «спецназ». Сабраліся ў храме духоўніка Лукашэнкі (вы бачылі яго ля Домрачавай)

Рытуал на ўдачу.

Аўтар — bytribuna com
3 жніўня, 16:44
За моладзь перад Гульнямі СНД маліўся галоўны па Беларусі поп, які бласлаўляў Карпянкова, «АМАП» і «спецназ». Сабраліся ў храме духоўніка Лукашэнкі (вы бачылі яго ля Домрачавай)

У рэжымнай Беларусі працягваецца піяр «галоўных спаборніцтваў года» для сістэмы – Гульняў краін СНД, якія вось-вось пачнуцца. Чарговы «этап падрыхтоўкі» стаў даволі нечаканым – дэлегацыя спартсменаў і трэнераў на чале з лукашэнкаўскім «міністрам спорту» Сяргеем Кавальчуком адправілася ў царкву. Там іх сустракаў асабіста кіраўнік беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату мітрапаліт Веньямін.

Веньямін вядомы, у прыватнасці, тым, што ніяк не рэагуе на рэпрэсіі рэжыму да непажаданых святароў, а камусьці і асабіста забараняў служыць за «самавольства». Больш за тое, саноўнік супрацоўнічае з адказным за катаванні тысяч і тысяч мірных беларусаў «МУС» Лукашэнкі – для розных яго падраздзяленняў асвячаў харугвы (палотнішчы з выявай святых), Веньяміну дзякавалі за дастаўку Жыровіцкай іконы Божай Маці ў размяшчэнне «АМАП» Лукашэнкі па Мінску.

Абуральны эпізод адбыўся 9 жніўня 2021 года – на гадавіну выбараў, дзеля фальсіфікацыі якіх рэжымнікі і тапілі краіну ў жорсткасці. Тады Веньямін «узначаліў прастольную ўрачыстасць» у храме ваеннага гарадка Уручча, дзе базуецца «спецназ» «унутраных войскаў» Лукашэнкі – гэтае падраздзяленне таксама шчыравала ў гвалце. Давяршыла сітуацыю тое, што святар сустрэўся з намеснікам кіраўніка «МУС» Лукашэнкі, кіраўніком рэжымных «унутраных войскаў» Мікалаем Карпянковым (ён у 2020-м асабіста збіваў мірных беларусаў разам з «ГУБАЗіК», які тады ўзначальваў) і пры ім «дабраславіў на працу» «спецназаўцаў», а таксама агледзеў зброю (ад якой святары ўвогуле мусяць быць далёкімі). На фота тады засвяціўся і Дзмітрый Паўлічэнка – уплывовы экс-сілавік рэжыму, якога ў свой час затрымлівалі па абвінавачанні ў знікненні апазіцыйных палітыкаў (на загад Лукашэнкі быў хутка адпушчаны).

Тады ва Уруччы разам з Веньямінам маліўся і Фёдар Поўны – поп, які «руліць» Храмам усіх святых. Менавіта ў гэтым месцы прайшло сёлетняе «спартыўнае» набажэнства. Лукашэнка ўдзельнічаў у адкрыцці будоўлі храму яшчэ ў 1996-м і нібыта стаў яе «апекуном» – у выніку афіцыйнае адкрыццё адбылося праз 20 з лішнім гадоў.

У Поўнага даўнія і цесныя сувязі з дыктатурай. Паведамлялася, што Фёдар стаў адзіным царкоўнікам, каго паклікалі пасяліцца ў Драздах, побач з вярхамі рэжыму, і збудаваў там двухпавярховы катэдж. Таксама яму і двум ягоным братам у свой час выдзелілі тры прасторныя кватэры ў самым цэнтры Мінску па суседстве з «домам Чыжа». Усё гэта не проста так – Поўнага называлі «асабістым духоўнікам» Лукашэнку і не раз бачылі ў яго кампаніі.

Яркім эпізодам стаў банкет у Сочы ў 2014-м, дзе віншавалі з першым алімпійскім золатам Дарʼю Домрачаву. Тады Лукашэнка з дапамогай хакейнага трэнера Міхаіла Захарава і іншых чальцоў свайго тагачаснага асяроддзя гойдаў біятланістку. Поўны ў гэты момант рабіў тое ж самае, але бескантактна – зацаніце рухі Фёдара, барадатага дзядзькі на заднім плане.

Затое праваслаўны служка раскрыўся ў тосце – мацней віншаваў не саму Домрачаву, а Лукашэнку, які, па словах папа, «так хваляваўся», што Фёдар «нават наважыўся сказаць Аляксандру Рыгоравічу, што ён патрэбны не толькі спорту, але і краіне». Пасля гэтага Поўны ўсё ж дадаў, што краіне патрэбная і Домрачава.

Нягледзячы на падзеі 2020-га, Поўны працягнуў падтрымліваць беларускі рэжым, а цяпер яшчэ і выступае за Расію ў вайне, якую краіна з 24 лютага 2022 года працягвае ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. Непасрэдна ў «спартыўным малебне» Фёдар не ўдзельнічаў. Затое разам з Веньямінам працаваў малады клірык Храму ўсіх святых па імені Мікалай Генадзевіч Поўны – Генадзем клічуць аднаго з братоў Фёдара.

Дэлегацыя «удзельнікаў Гульняў» выглядала неяк надта ўжо па-маладому? Усё лагічна: як бы рэжым ні расказваў пра важнасць спаборніцтваў, на справе гэта маладзёжны турнір, у 15 з 20 відаў якога выступаюць удзельнікі ад 14 да 23 гадоў. Без узроставых абмежаванняў абышліся толькі ў самба, цяжкай атлетыцы, мастацкай гімнастыцы, пляжным футболе і хакеі на траве.

Кожны з тых, хто пабываў у храме, атрымаў па невялікім абразе Георгія Перамаганосца. А Веньямін «заклікаў Божае бласлаўленне на спартсменаў, пасля чаго акрапіў [іх] святой вадой». Таксама падкантрольны Маскве «высокі сан» сказаў, што нібыта «вынік выступу залежыць ад духоўнага складніка». У сваю чаргу, Кавальчук заявіў, што малебен правялі праз важнасць «духоўна-маральнага і патрыятычнага выхавання», а потым падпісаў з Веньямінам «пагадненне аб супрацы».

Але, здаецца, рэжымніку Кавальчуку было не вельмі ўтульна побач з мітрапалітам – той быў у парадным уборы, які утрымлівае мноства традыцыйных для царквы бел-чырвона-белых палос (сімвалізуюць кроў Хрыста і чысціню).

Яшчэ некалькі фота з антуражам мерапрыемства.

Ці дапаможа гэта рэжымнікам узяць болей медалёў?

Іншыя пасты блога

Усе пасты