Tribuna/Хакей/Блогі/О духе времени/Як мільянер супраць волі фінансаваў будаўніцтва арэны ў Чыжоўцы. Матчаў на ёй ён так і не пабачыў

Як мільянер супраць волі фінансаваў будаўніцтва арэны ў Чыжоўцы. Матчаў на ёй ён так і не пабачыў

Кажуць, зверху лукашысты з яго выбілі 20 мільёнаў долараў наяўнымі.

Аўтар — bytribuna com
4 жніўня, 10:11
Як мільянер супраць волі фінансаваў будаўніцтва арэны ў Чыжоўцы. Матчаў на ёй ён так і не пабачыў

У канцы ліпеня рэжымныя структуры пазбавілі ліцэнзіі папулярную сетку медцэнтраў «Новы зрок». Яна ў адказ заявіла пра спыненне дзейнасці ў Беларусі. А заснавальнік бізнесу Алег Каўрыгін у інтэрвʼю «Люстэрку» заявіў, што проста не пажадаў плаціць рэжыму хабары ў буйным памеры, на што той разлічваў.

- Пра тое, як вырашаюцца такія пытанні, я магу сказаць, каб не нашкодзіць нікому, толькі на прыкладзе аднаго чалавека – Яўгена Шыгалава. У яго была аналагічная сітуацыя. Пасля таго як яго адпусцілі, мы сустрэліся ў самалёце. Спытаў у яго, як справы. Ён адказаў: «30 мільёнаў долараў штрафу – і 20 мільёнаў долараў наяўнымі», – сказаў Каўрыгін.

Гэта цікавы ўспамін і для нас – Шыгалаў быў не толькі бізнесменам, але і спартыўным функцыянерам, а спагнаныя з яго рэжымам грошы пайшлі на будаўніцтва лядовага палаца. Раскажам пра ўсё гэта падрабязней.

Шыгалаў у канцы савецкага перыяду быў слесарам у папулярным мінскім сэрвісным цэнтры «АВТОВАЗ» – і свой досвед перанёс у бізнес: знайшоў партнёраў, з якімі стаў гандляваць ужыванымі аўтамабілямі, а ў 1993 годзе вырашыў стварыць уласны салон, зямлю пад які знайшлі ў Ждановічах. А потым партнёры зразумелі, што прадаваць можна не толькі машыны. Ужо ў 1994-м Шыгалаву і кампаніі выдзелілі землі для будаўніцтва «гандлёвага гораду» – а далей ён усё пашыраўся, і ў выніку гандлёвы дом «Ждановічы» стаў найбуйнейшым у Еўропе. Чаго там толькі не было: аўтамабільны, харчовы, рэчавы і будаўнічы рынкі, знакаміты блышыны рынак (у народзе «Поле цудаў »), некалькі гандлёвых комплексаў, уласны мясакамбінат і не толькі.

Пры гэтым «Ждановічы» не закранулі «базарныя справы» пачатку 2000-х, калі рэжым Лукашэнкі кінуў за краты шэраг прыкметных фігур і кіраўнікоў розных рынкаў. Хадзілі чуткі, што «ў распрацоўку» бізнес Шыгалава не бралі праз тое, што грошы туды ўклалі ўплывовыя для рэжыму асобы. У прыватнасці, гаварылася пра добрыя адносіны прадпрымальніка з найбліжэйшым паплечнікам Лукашэнкі, ягоным высокапастаўленым сілавіком Віктарам Шэйманам. «Ждановічы» квітнелі, а ў 2005-м Лукашэнка асабіста «даручыў» Шыгалаву стварыць свабодны мытны склад па гандлі аўтамабілямі, якія былі ўжо ў карыстанні, – і гэта таксама было зроблена. У 2007 годзе бізнесмена паставілі на 8-е месца ў Беларусі па ўплыве сярод калег.

Шыгалаў плаціў рэжыму любімай ім лаяльнасцю. У 2007-м прадпрымальнік аказаўся сябрам ініцыятыўнай групы па стварэнні прарэжымнага «грамадскага абʼяднання» «Белая Русь». У падпісаным Шыгалавым звароце прапаноўвалася «абʼяднаць намаганні для далейшага ўмацавання і працвітання роднай Беларусі» – вядома, вакол Лукашэнкі, якога называлі «народным прэзідэнтам». Разам з Шыгалавым у групу ўвайшлі, у прыватнасці, тагачасныя кіраўнік рэжымнага выканкаму па Мінску Міхаіл Паўлаў і намеснік старшыні «Белтэлерадыёкампаніі» Юрый Азаронак (бацька сучаснага прапагандыста), а яшчэ некалькі людзей са спорту – бягуха Юлія Несцярэнка, а таксама дагэтуль апоры рэжыму Іван Ціхан (кідальнік молату сёння ўзначальвае БФЛА) і Наталля Цылінская (велагоншчыца, цяперашні кіраўнік федэрацыі веласпорту).

Была свая сувязь са спортам і ў Шыгалава. Зʼявілася яна праз праблемы са здароўем. Да канца 1990-х бізнесмен практычна не мог хадзіць, бо абвастрыліся кілы працоўных часоў. Дапамагла справіцца з праблемамі аперацыя ў Лондане, дзе Шыгалаву параілі заняцца гульнёй у тэніс. Прадпрымальнік уцягнуўся, стаў моцным аматарам, а да структуры «Ждановічаў» дадаўся фізкультурна-аздараўленчы цэнтр з двума кортамі. Праўда, тут не вытрымала сэрца – у 2001-м падчас гульні ў Шыгалава здарыўся інфаркт і клінічная смерць, выратавалі бізнесмена з вялікай цяжкасцю. Але пасля аперацыі на сэрцы ў Лондане Яўген не кінуў тэніс – па словах блізкіх, стараўся практыкавацца хаця б гадзіну кожны дзень. Відаць, гэта ацаніў згаданы вышэй Паўлаў, з якім у Шыгалава таксама склаліся добрыя стасункі. У 2004-м Паўлаў, якога «абралі» кіраўніком беларускай федэрацыі тэнісу, прапанаваў у свае намеснікі менавіта Шыгалава – нараўне з Мікалаем Мірным (бацькам вядомага тэнісіста Максіма). Пярэчанняў не ўзнікла – пасты прынялі абодва. Зрэшты, на сваёй тэніснай пасадзе Шыгалаў нічым асабліва не запомніўся.

У пачатку красавіка 2008 года Шыгалава раптоўна арыштавалі – ніхто асабліва не зразумеў, чаму менавіта ў той момант ён страціў прыхільнасць з боку рэжыму. Абвінавацілі бізнесмена ў «злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі» і нібыта «захопе зямлі», якую рэжымныя органы самі яму выдзялялі (у 2007-м нават рэжымны камітэт дзяржкантролю не знайшоў нічога крымінальнага). Пазней нібыта высветлілася, што каля 30 гектараў у заказніка «Лебядзіны» перадавалася бізнесу Шыгалава для будаўніцтва не рынкавых плошчаў, а парка адпачынку і гасцініцы. У выніку прадпрымальніку, у якога ў СІЗА здарыўся ўжо трэці ў жыцці інфаркт, налічылі «шкоду дзяржаве ў асабліва буйным памеры» – 85 мільярдаў тагачасных беларускіх рублёў (ад 31 да 38 мільёнаў долараў у залежнасці ад даты выплаты, курс тады мяняўся хутка). Шыгалаўвіны не прызнаваў і, па чутках, напісаў Лукашэнку прашэнне аб «абароне ад самавольства». Але гэта ні на што не паўплывала.

У чэрвені 2008-га сваякі Шыгалава ўнеслі амаль пяць мільёнаў долараў закладу – бізнесмен выйшаў на волю і нават лётаў у Брытанію на лячэнне, але вярнуўся ў Беларусь. А ў сакавіку 2009-га зʼявіліся чуткі, што Шыгалава могуць зацвердзіць асноўным інвестарам пабудовы лядовага палаца ў Чыжоўцы. Першапачаткова ім мусілі займацца інвестары з ААЭ, але адмовілася нібыта праз невыкананне нейкіх умоваў беларускім бокам. Для Шыгалава ж бачылі магчымасць «загладзіць віну» перад рэжымам. Тым больш незадоўга да гэтага пра тое, што папрасіў у Лукашэнкі без суда «памілаваць» прадпрымальніка ў выпадку «кампенсацыі шкоды», заявіў кіраўнік рэжымнага «МУС» Уладзімір Навумаў – ён да таго часу ўзначальваў Федэрацыю хакея Беларусі, якая рыхтавала заяўку на правядзенне ЧС- 2014. Пад турнір і патрэбна была арэна ў Чыжоўцы.

Аднак афіцыйна Шыгалаў так і не заняўся будоўляй – яна, як часта бывае ў рэжыму, дасталася дзяржарганізацыям. Аднак рэжымныя структуры афіцыйна заяўлялі, што на «Чыжоўка-Арэну» пускаюць частку грошай Шыгалава, якія ён па вызначаным графіку плаціў, «кампенсуючы шкоду». У пачатку чэрвеня 2009-га пра гэта заявіў тады намеснік кіраўніка «МУС» Лукашэнка Сяргей Гурэеў. А ў кастрычніку 2009-га інфармацыю пацвердзіў і Навумаў (за пару дзён да таго Лукашэнка афіцыйна «спыніў крымінальны пераслед» прадпрымальніка). Але нават усёй «налічанай» Шыгалаву сумы на «Чыжоўка-Арэну» не хапіла б – толькі праектны кошт яе ацэньвалася больш чым у 100 мільёнаў долараў.

У 2013 годзе ў СМІ транслявалася меркаванне, што з бізнесмена «доўг зняты не будзе, пакуль «Чыжоўка-Арэна» не дабудуецца», аднак ніякіх доказаў не прыводзілася. Лядовы адкрылі ў канцы 2013-га, а вось матчы ЧС-2014, якія там сапраўды прайшлі, Шыгалаў убачыць ужо не мог – зʼяўлялася ўсё больш праблем са здароўем, і ў лютым 2014-га ва ўзросце 61 года прадпрымальнік памёр.

Іншыя пасты блога

Усе пасты