Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Нечаканая сувязь супернікаў «Нёмана» з Беларуссю: сын іхнага дырэктара зрабіў альбом з каментатарам НБА з Віцебску

Нечаканая сувязь супернікаў «Нёмана» з Беларуссю: сын іхнага дырэктара зрабіў альбом з каментатарам НБА з Віцебску

Проста абодва – вядомыя рэперы.

Аўтар — bytribuna com
17 жніўня, 08:38
Нечаканая сувязь супернікаў «Нёмана» з Беларуссю: сын іхнага дырэктара зрабіў альбом з каментатарам НБА з Віцебску

У чацвер у венгерскім Дзьёры «Нёман» правядзе матч у адказ у 3-м раўндзе адбору Лігі канферэнцый супраць славенскага «Цэле». Шанцы прайсці далей ёсць – у першай сустрэчы гродзенцы саступілі ўсяго 0:1.

Пра «Цэле», дзе працуе трэнерам экс-гулец зборнай Беларусі Іван Маеўскі, мы ўжо расказвалі падрабязней. Апошняя навіна ад славенцаў – ад іх у Серыю А сышоў форвард з Нігера Чуквубуiкем Iквуэмесi, аўтар пакуль адзінага мяча ў вароты Гродна.

Але ёсць і іншыя цікавыя дэталі. Спартыўны дырэктар клуба расіянін Генадзь Галубін – не самы вядомы ў Расіі прадстаўнік сваёй сямʼі. Куды больш папулярны ягоны сын Глеб, і не праз футбол – хоць да 13 гадоў займаўся ім у школах маскоўскіх клубаў, а пасля спрабаваў сябе ў судзействе дзіцячых каманд (захавалася нават відэа тых гадоў). Галубін-малодшы сышоў з гэтай сферы – потым казаў, што яна «не рабіла яго шчаслівай». Але пазней усё ж такі згуляў адзін матч за зборную факультэта журналістыкі МДУ – туды паступіў, таму што быў упэўнены, што «мазгі ##### [цярушыць] не будуць», таму атрымаецца «яшчэ чатыры гады пасядзець і падумаць, чым у жыцці займацца».

Але так доўга думаць не прыйшлося: Галубіна накрыла слава ў музыцы – сферы, якая прыносіла яму задавальненне. Там экс-футбаліст стаў рэперам з нікнэймам PHARAOH. У 2015-м папулярнымі ў расійскай моладзі сталі ягоныя трэкі Black Siemens («Скр-скр-скр, у мёртвых «Найках») і Champagne Squirt («Сквірт шампанскага ў твар»). Далей былі яшчэ больш паспяховыя трэкі «Пяць хвілін таму» і «Дзіка, напрыклад», якія набралі па 90 мільёнаў праглядаў на YouTube. На сёння пік папулярнасці Галубіна даўно ззаду, але некалькі мільёнаў слухачоў штомесяц, паводле статыстыкі розных пляцовак, ён усё яшчэ мае, а ўвесну сабраў сумарна каля 20 тысяч чалавек на двух канцэртах у палацах спорту ў Маскве і Санкт-Пецярбургу.

Увага! Відэа ніжэй змяшчае лаянку. Строга 18+!

Ну а ў топ-5 па праслухоўваннях за ўсю дыскаграфію Галубіна стабільна ўваходзіць трэк «Парназорка». Ён выйшаў у 2016 годзе на сумесным невялікім альбоме PHARAOH і ЛСП – беларускага рэпера Алега Саўчанкі (для якога трэк таксама застаецца адным з лідараў па колькасці праслухоўванняў). Віцяблянін заўважыў расійскага выканаўцу яшчэ ў 2015-м – і запрасіў на свой альбом Magic City. Адтуль вы, хутчэй, чулі, сумесны трэк ЛСП з Аксіміронам «Варʼяцтва», але зробленая на дваіх Саўчанкам і Галубіным «Куля» таксама гучала вельмі свежа – і стала канцэртным хітом для абодвух выканаўцаў.

У 2016-м беларускі і расійскі рэперы пайшлі далей – адправіліся разам у гастрольны тур, для якога і стварылі цэлы альбом на дваіх «Кандытарская», куды ўвайшло шэсць трэкаў. Тур прайшоў з вялікім поспехам, а аўтарытэтны ў свеце рускамоўнага рэпу партал The Flow паставіў альбом на восьмае месца ў спісе найлепшых за той год, назваўшы ўсе трэкі з яго «найдалікатнейшымі баладамі аб ########» [кашмарным становішчы спраў].

Менавіта ў тым туры Галубіна для інтэрвʼю злавіў Юрый Дудзь. Яно выйшла тэкстам – журналіст тады яшчэ працаваў на спартыўным сайце і не запусціў YouTube-канал. А на пачатку матэрыялу Дудзь апісаў знаёмства з ЛСП, які зрабіў сайту камплімент за «####### [цудоўны] баскетбольны аддзел». Баскетболам Саўчанкі захапіўся ў 14 гадоў, калі выпадкова ўбачыў фінал НБА па тэлевізары. Пасля гэтага рэпер стаў і глядзець агляды, і гуляць сам – і нават прабіўся ў зборную школы, але дэбют выйшаў своеасаблівым.

«Я ўводзіў мяч з-за бакавой лініі і ад хвалявання выпадкова патрапіў у мацаванне для дзяржсцяга пад столлю залы. Чырвона-зялёны флаг разгарнуўся на ўсю пляцоўку, прысутныя добра павесяліліся», – распавядаў ЛСП.

Любоў да баскетбола Саўчанка пранёс праз гады – увінціў у свае рэп-тэксты нямала адсылак да НБА і проста радкоў пра мячы і кольцы, зрабіў адмысловае тату. У выніку гэта заўважылі тыя, хто асвятляў баскетбол у Расіі – рэпера запрасілі абмяркоўваць гульню ў спецыяльным падкасце, у якім удзельнічаў таксама беларускі каментатар Дзмітрый Герчыкаў, а аднойчы даверылі (хай і на пару) пракаментаваць матч НБА ў прамым эфіры.

Была ў ЛСП нават серыя рыфмаваных тэкстаў, прысвечаных зоркам НБА. Шмат чаго было, увогуле.

А вось сумесная праца ў ЛСП і PHARAOH пасля «Кандытарскай» выйшла толькі адна – у 2019-м расіянін зачытаў свой куплет у трэку «Амнезія», які ўвайшоў у альбом беларускага рэпера One More City.

Увага! Відэа ніжэй змяшчае лаянку. Строга 18+!

У 2020-м ЛСП пасля выбараў напісаў не вельмі канкрэтны пост, дзе заклікаў спыніць гвалт, а потым заявіў, што «не разбіраецца ў палітыцы настолькі, каб займаць бок канкрэтных сіл». Тым не менш восенню 2021-га музыканту адмянілі канцэрт у Мінску, на які былі прададзеныя ўсе квіткі. Пасля пачатку вайны, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расія ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, рэпер заявіў, што не хоча «пакуль вяртацца ні ў Беларусь, ні тым больш у Расію» – а таксама напісаў, што не ведае «ніводнага чалавека, які свядома ўхваляе бамбардаванні і ракетныя абстрэлы, забойствы людзей і разбурэнне гарадоў », і накіраваў усе грошы з аднаго з новых трэкаў у фонды падтрымкі ўкраінскіх бежанцаў. Аднак «пакуль» ужо скончылася – на верасень анансаваныя канцэрты ЛСП у Маскве і Санкт-Пецярбургу.

Іншыя пасты блога

Усе пасты