Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Невылечную хваробу імя легенды бейсбола знайшлі ў вядоўцы спорту з дзяржТБ – казала пра «кубак вялікага чэлеса» ў эфіры, радавалася вельмі дзіўнаму прыхільніку

Невылечную хваробу імя легенды бейсбола знайшлі ў вядоўцы спорту з дзяржТБ – казала пра «кубак вялікага чэлеса» ў эфіры, радавалася вельмі дзіўнаму прыхільніку

Усё вельмі сур'ёзна.

Аўтар — bytribuna com
21 жніўня, 09:31
2
Невылечную хваробу імя легенды бейсбола знайшлі ў вядоўцы спорту з дзяржТБ – казала пра «кубак вялікага чэлеса» ў эфіры, радавалася вельмі дзіўнаму прыхільніку

У жніўні 2023-га Марыя Лемешава, вядоўца спартыўных навін і праграм на дзяржТБ-канале АНТ, распавяла пра тое, чаму даўно не зʼяўляецца ў кадры. Як аказалася, цяпер гэта немагчыма фізічна. Праблемы пачаліся год таму – Лемешевай стала цяжэй хадзіць, потым пачала страчваць рухавасць рука. Вядоўца спісвала гэта на наступствы каранавіруса, але станавілася толькі горш – Лемешава пачала «міжвольна падаць, калі апраналася», а цяпер арганізм настолькі аслабеў, што Марыя не можа нават доўга гаварыць. Лекары дыягнаставалі страшнае невылечнае захворванне – бакавы аміятрафічны склероз (БАС).

Раскажам падрабязней пра біяграфію спартыўнай вядоўцы і хваробу, якая таксама трывала звязаная са спортам.

Лемешавай хутка 40 гадоў. Нарадзілася яна ў Смалявічах у сямʼі вайскоўца (згадвала, што бацька служыў у Сірыі) – ён памёр, калі Марыя была яшчэ школьніцай. Маці будучай вядоўцы засталася адна з трыма дзецьмі, а сама Марыя неўзабаве паступіла ў машынабудаўнічы каледж, які скончыла па спецыяльнасці «эканаміст». Пасля гэтага Лемешава вырашыла працягнуць навучанне ўжо ў БДЭУ у Мінску – а там праз некаторы час пачула пра кастынг: АНТ шукаў новую вядоўцу прагнозу надворʼя. Марыя, якую ў школе хвалілі за ўменне прыгожа чытаць, вырашыла паспрабаваць сябе – потым не раз казала, што адбор доўжыўся шмат месяцаў, а канкурэнтаў было каля пяці тысяч. Але ў выніку менавіта Лемешава спадабалася дзяржканалу – і ў 2006-м яе ўзялі на працу. Вось толькі праект прагнозу надворʼя з вядоўцай завярнулі – а тут вызвалілася месца ў спартыўным аддзеле, і Лемешевай прапанавалі фактычна заткнуць дзірку. Дзяўчына, якая не хацела губляць абяцанае месца ў кадры, пагадзілася – і стала вядоўцай навін спорту.

Адсутнасць журналісцкай адукацыі (ва ўсіх астатніх у спартыўнай рэдакцыі дзяржканала яна была) ніяк не перашкодзіла Лемешавай упэўнена замацавацца на новай для сябе пазіцыі. Неўзабаве яе паставілі весці і папулярны ў тыя гады музычны праект канала, а напрыканцы 2007-га Марыя патрапіла на 21-е месца ў спісе «топ-50 прыгожых і паспяховых людзей Мінска» за той год. Кандыдатаў вылучала журы, што было сабранае беларускай спявачкай Ларысай Грыбалёвай, а ў спіс лаўрэатаў трапіла і нямала спартсменаў: чацвёртае месца заняла баскетбалістка Святлана Вольная, на сёмым быў тагачасны гулец «Арсенала», а цяпер прарэжымнік Аляксандр Глеб, на 12-ы радок патрапіў трэнер з атачэння Лукашэнкі Міхаіл Захараў – і гэтым пералік не абмяжоўваўся.

У 2010-х у атачэнні Лукашэнкі на розных мерапрыемствах сталі часта заўважаць і саму Лемешаву. На пачатку 2013-га ў інтэрвʼю goals.by у вядоўцы у сувязі з гэтым спыталі, ці лічыць яна Лукашэнку сваім прыхільнікам. «Так, не пабаюся гэтага слова! Рада, што і на такім узроўні мяне любяць. Лукашэнка – усебакова развіты чалавек, які добра разумее іншых, таму з ім лёгка гаварыць пра ўсё на свеце. Ён добра танчыць, у яго добрае пачуццё гумару», – заявіла ў адказ Лемешава.

У тым жа інтэрвʼю Марыя сказала, што добра камунікуе з вядомымі спартсменамі – біятланісткай Дарʼяй Домрачавай, фрыстайлістам Аляксеем Грышыным, лёгкаатлетамі Іванам Ціханам (цяпер падпісантам за Лукашэнку) і Вадзімам Дзевятоўскім, футбалістам Максімам Жаўнерчыкам. Таксама вядоўца прызналася, што і праз гады працы ў спартыўных навінах ёй «не хапае разумення таго, пра што гаворыш». А на пытанне пра эфірныя ляпы шчыра прызналася: з таго, што бывала, «самае страшнае – гэта вымавіць не «Кубак Вялікага шлема» па тэнісе, а «Кубак Вялікага чэлеса».

У 2017-м на АНТ запусцілі першую за шмат гадоў перадачу пра спорт – «Спортклуб». Лемешава прадказальна ўвайшла ў склад вядоўцаў, а галоўным госцем першага выпуску стаў Захараў. З таго часу Лемешава была спартыўнай вядоўцай і ў навінах, і ў праграме. У яе студыю прыходзілі, напрыклад, трэнер Аляксей Бага, футбаліст Іван Бахар, хакейны функцыянер Аляксей Торбін.

Жнівень-2020 нічога ў працоўным графіку Марыі не змяніў. Тады, як прызнавалі на АНТ, дзяржканал пакінула восьмая частка супрацоўнікаў – яны палічылі для сябе немагчымым заставацца элементамі прапагандысцкай машыны пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў і беззаконня сілавікоў Лукашэнкі для яе абароны. Лемешава ж тры гады таму перажывала пра іншае.

Усё засталося па-ранейшаму і з пачаткам вайны, якую з 24 лютага 2022-га працягвае Расія ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. Хіба што «Спортклуб» у сярэдзіне вясны-2022 паставілі на паўзу – але ў канцы жніўня абвясцілі пра вяртанне. Нават знялі асобны промаролік (відэа) – Лемешава ў ім эфектна падʼязджала да калегі Андрэя Бандарэнкі на дрыфт-аўто і забірала яго са словамі: «Мы вяртаемся». Але, мяркуючы па архіве перадач на сайце АНТ, сама Марыя вярнуцца ўжо не змагла.

У пачатку 2023-га Лемешава афіцыйна звольнілася з дзяржТБ – кажа, што «іншага варыянту на той момант не было». Цяпер экс-вядоўцы, якая да прыходу на АНТ не захаплялася спортам, але потым стала займацца ім на ўзроўні фітнесу і прабежак, патрэбны асабісты трэнер, рэабілітолаг і масажыст. Ды і для простага выхаду на вуліцу Марыі ўжо не абысціся без суправаджэння. Паводле яе слоў, дапамагаюць былыя калегі і бабуля па бацьку 8-гадовага сына. Ян быў народжаны ў шлюбе Лемешевай з піяністам Кірылам Кедуком – але ні ў сацсетках жанчыны, ні ў свежым інтэрвʼю пра здароўе ніякіх згадак прысутнасці Кедука ў жыцці экс-вядоўцы няма. Дакладна вядома, што для Марыі гэта быў не адзіны шлюб – яна расказвала, што з першым мужам «рассталася добра», але пра яго асобу не распаўсюджвалася.

Што ж за дыягназ паставілі Лемешевай? БАС – гэта, як ужо сказана, невылечнае захворванне. Марыя пагадзілася на тэрапію ствалавымі клеткамі ў спробе спыніць развіццё хваробы – але гэты метад, як і ўсе астатнія, ніякіх гарантый пры БАС не дае. У 90-95% выпадкаў лекары не могуць растлумачыць яго ўзнікненне – хвароба звязаная з геннымі мутацыямі, але што на іх уплывае, навукоўцы ўсё яшчэ дакладна не высветлілі. Пры БАС у чалавека паступова гінуць рухальныя нейроны – ён застаецца ў цвярозым розуме, але перастае кантраляваць мышцы. У нейкі момант даходзіць і да дыхальнай мускулатуры – а яе адмова азначае смерць. Да яе ад першых прыкмет БАС звычайна праходзіць усяго 2-4 гады – 10 гадоў і даўжэй выжываюць толькі 10% людзей. Ледзь не рэкардсмен па працягласці жыцця з такім дыягназам (больш за 50 гадоў) – вядомы фізік Стывен Хокінг, але ён перасоўваўся на інвалідным вазку, а гаварыць мог толькі з дапамогай набору друкаванага тэксту ў сінтэзатары маўлення, якім пад канец кіраваў цягліцай шчокі (рукі адмовілі канчаткова).

Вы маглі чуць пра БАС гадоў 10 таму – тады вялікую папулярнасць набраў Ice Bucket Challenge. Многія асабліва не задумваліся, з чаго людзі льюць на сябе ледзяную ваду і кідаюць такі выклік іншым, – але запусціў такую кампанію фонд падтрымкі людзей з БАС, і разам з абліваннем па ўмовах чэленджу трэба было зрабіць ахвяраванне. А дабраўся флэшмоб і да свету спорту – у ім бралі ўдзел і сусветныя зоркі, і беларускія, як, напрыклад, Вікторыя Азаранка.

Але БАС і без гэтага трывала звязаны са спортам – у ЗША і многіх іншых англамоўных краінах ён называецца «хваробай Лу Герыга». Герыг – амерыканскі бейсбаліст, які ў 1920-30-х гадах правёў 17 сезонаў за «Нью-Ёрк Янкіс». Спартсмен быў сапраўднай легендай свайго віду – шэсць разоў выйграваў галоўны трафей амерыканскай лігі, неаднаразова станавіўся найлепшым па трох галоўных статыстычных паказніках (адзін раз – нават ва ўсіх трох адразу), а таксама атрымаў мянушку «Жалезны конь», бо правёў 2130 матчаў без адзінага пропуску.

Але ў 35 гадоў Герыг раптоўна быццам развучыўся гуляць – страціў хуткасць бегу і сілу ўдару. Гулец не разумеў, што з ім, сам сеў на лаву запасных (замяняць не вырашаліся нават пры агідных паказніках), а потым жонка ўгаварыла яго прайсці абследаванне. Вынікам быў дыягнаставаны БАС – бейсбаліст прыняў сітуацыю і з пашанай сышоў са спорту, але яму станавілася фізічна горш з кожным тыднем, а напярэдадні 38-годдзя, ужо практычна няздольны нават паварушыць канечнасцямі, Герыг памёр. Такі імклівы шлях бездакорнага атлета ў магілу настолькі ўразіў амерыканцаў, што БАС з тых часоў называюць у памяць бейсбаліста.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты