Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Стаць галоўнай красуняй рэжымнай Беларусі хоча чырлідар з матчаў «Дынама» – ужо сустрэлася з Азаронкам (не выглядала шчаслівай) і надзела майку з лозунгам Лукашэнкі

Стаць галоўнай красуняй рэжымнай Беларусі хоча чырлідар з матчаў «Дынама» – ужо сустрэлася з Азаронкам (не выглядала шчаслівай) і надзела майку з лозунгам Лукашэнкі

Хлопца знайшла ў хакеі.

Аўтар — Сабiна Алiева
28 жніўня, 13:04
Стаць галоўнай красуняй рэжымнай Беларусі хоча чырлідар з матчаў «Дынама» – ужо сустрэлася з Азаронкам (не выглядала шчаслівай) і надзела майку з лозунгам Лукашэнкі

У пачатку верасня пройдзе фінал конкурсу «Міс Беларусь-2023». Патрабаванні да прэтэндэнтак – каб не старэйшыя за 27 гадоў, ростам ад 172 сантыметраў, адсутнасць шлюбаў у біяграфіі, татуіровак, пірсінгу і дзяцей. Ну і, вядома, лаяльнасць да рэжыму – бо за мерапрыемства адказвае рэжымнае ТБ. Усе старанна адабраныя 24 фіналісткі конкурсу, з якога не раз траплялі ў «кавуновыя» групы Аляксандра Лукашэнкі, ужо на камеру надзелі майкі з цытатамі дыктатара – дзесьці ён нават намаляваны з праславутым аўтаматам без ражка.

Адну з маек з надпісам «Будзе вельмі цікава» прымерала на сябе 18-гадовая Лізавета Казак. 176-сантыметровая студэнтка БДЭУ часта бывае на спартовых падзеях – гэта яе практычна праца: Казак уваходзіць у склад чырлідынгавай групы Time Out. Але пакуль на гэта часу няма – дзяўчына, для якой удзел у «Міс» быў «дзіцячай марай», кажа, што з 9-10 раніцы да 18-20 вечара кожны дзень працуе над падрыхтоўкай да дня конкурсу. У падрыхтоўку ўваходзіць не толькі звыклая для мадэльных спаборніцтваў праграма. Так, давялося слухаць лекцыю ад адыёзнага беларускага прапагандыста Рыгора Азаронка. На ёй, мяркуючы па фота, Казак была не вельмі вясёлая – зрэшты, як і многія яе суперніцы.

Зрэшты, на конкурснае фота ў купальніку час арганізатары ўсё ж таксама вылучылі.

Што тычыцца спартыўнай дзейнасці Казак, то тут ёй даводзіцца «заўзець» за мноства каманд – Time Out выступае на матчах футбольнага мінскага «Дынама», хакейнага «Юнацтва», гандбольнага СКА, розных зборных Беларусі, і гэтым спіс не абмяжоўваецца.

А часам даводзіцца апранаць не толькі яркія ўборы, але і ваенную форму з чырвона-зялёнай бутаньеркай – так што з рэжымнымі атрыбутамі ў Казак даўно ніякіх праблем.

У анкеце Казак на сайце лукашэнкаўскага ТБ гаворыцца, што чырлідынг для фіналісткі «Міс» – «магутная падтрымка спартсменаў, узняцце каманднага духу і стварэнне атмасферы для ўсіх уцягнутых», а спорт, маўляў, «умацоўвае ўзаемаадносіны цэлых народаў». Але танцаваць даводзіцца ўсё больш на мерапрыемствах па згуртаванні рэжымаў – напрыклад, на фоне плаката аб «адзінстве» аўтакратый у Беларусі, Расіі і Кітаі.

У спорце Казак знайшла не толькі занятак, але і хлопца – гэта 18-гадовы беларускі хакейны брамнік Павел Майсевіч.

Майсевіч гуляў у сістэме «Юнацтва», а сезон-2021/22 правёў у камандзе Беларусь U-18 у Д2 чэмпіянату краіны. Затым зʼехаў у Расію, дзе з «Сочы» пасля пяці матчаў за фарм з МХЛ «Капітан» быў нечакана абмяняны ў СКА. У сістэме піцерскага клуба за сезон Майсевіч адгуляў усяго нічога – чатыры матчы за «СКА-Няву» ў ВХЛ і дзевяць у суме за «СКА-1946» і «СКА-Варагі» у МХЛ. Цяпер брамнік значыцца ў складзе апошняй каманды, якая была перайменаваная ў «Акадэмію СКА-Юніёр» і пераведзеная пад Маскву.

Іншыя пасты блога

Усе пасты