Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/У БАТЭ панізілі саратніка Капскага-старэйшага, а ў экс-«Цмоках» павысілі таго, хто і без палітыкі рэпрэсаваў калег

У БАТЭ панізілі саратніка Капскага-старэйшага, а ў экс-«Цмоках» павысілі таго, хто і без палітыкі рэпрэсаваў калег

Хто каго змяніў у беларускіх топ-клубах.

Аўтар — bytribuna com
19 снежня, 16:11
1
У БАТЭ панізілі саратніка Капскага-старэйшага, а ў экс-«Цмоках» павысілі таго, хто і без палітыкі рэпрэсаваў калег

У апошнія дні два заўважныя клубы ў беларускім спорце кадрава абнавіліся: у БАТЭ ў футболе і ў «Мінска» ў баскетболе – новыя генеральныя дырэктары. Расказваем, хто і замест каго прыйшоў.

У БАТЭ панізілі паплечніка Капскага-старэйшага

Да чацвярга 14 снежня генеральным дырэктарам «жоўта-сініх» быў 56-гадовы Міхаіл Дземянцэвіч. Функцыянер нарадзіўся ў Барысаве, у маладосці займаўся веславаннем на каноэ. Са спортам разлучыла двухгадовая служба ў войску, пасля якой будучы футбольны функцыянер скончыў БНТУ. У пачатку 90-х Дземянцэвіч вярнуўся ў Барысаў, дзе працаваў у будтрэсце №21. Менавіта адтуль яго ў 2001-м перавабіў у БАТЭ Анатоль Капскі, з якім яны цягам часу сталі блізкімі сябрамі.

Дземянцэвіч працаваў у футбольным клубе БАТЭ выканаўчым дырэктарам і дырэктарам стадыёна «Гарадскі» ў Барысаве. З 2002-га ён тройчы займаў пасаду генеральнага дырэктара ў клубе. Капскі шанаваў у калегу працаздольнасць і ўменне закрыць вялікую колькасць адміністрацыйных і арганізацыйных пытанняў. Дземянцэвіч быў адным з тых, каму фармальна належаў БАТЭ – на яго было запісана 15 працэнтаў статутнага фонду клуба.

А яшчэ Дземянцэвіч быў з таго вузкага кола, з якім Капскі незадоўга да смерці падзяліўся сваім бачаннем развіцця футбольнага праекту.

У сакавіку 2020-га пасля першага аддадзенага за доўгія гады чэмпіёнства Дземянцэвіч вызваліў пасаду гендырэктара для Міхаіла Залеўскага, а сам перамясціўся ў намеснікі і пачаў адказваць за развіццё.

Так працягвалася нядоўга. У лютым 2021-га Залеўскі па палітычных прычынах пакінуў клуб. Дземянцэвіч вярнуўся на пасаду гендыра, дзе і прабыў да апошняга часу. Сёння на сайце БАТЭ ён значыцца намеснікам Андрэя Капскага – старшыні праўлення клуба.

У панядзелак «жоўта-сінія» прадставілі новага генеральнага. Ім стаў 57-гадовы ўраджэнец Зэльвенскага раёна Мікалай Мазоль.

Як і Капскі-старэйшы, Мазоль прыйшоў у футбол з бізнесу, дзе займаўся рамонтам і абслугоўваннем аўтамабіляў. У 1996 годзе сыны прадпрымальніка пачалі займацца ў «Змене». Тады ж Мазоль загарэўся футболам і пачаў наведваць трэнаванні сыноў. Першыя часы бізнесмен дапамагаў «Змене», якая перажывала не найлепшыя часы, а затым адкрыў уласную школу – РМ. Такую назву яна атрымала праз партнёрства з фірмай «Еўрапраект», якая зʼяўлялася імпарцёрам французскіх аўтамабільных фарбаў RM. Супраца доўжылася нядоўга, але назва засталася. У пошуках падтрымкі Мазоль звяртаўся ў «Дарыду» і мінскае «Дынама», аднак пачаць працу з гэтымі клубамі не ўдалося. Прадпрымальнік нейкі час цягнуў школу ў адзіночку.

У 2002-м выпадак звёў яго з Капскім. Жонка боса БАТЭ, афармляючы паперы на рамонт аўтамабіля, заўважыла ў працоўным кабінеце Мазаля футбольныя кубкі. Праз два тыдні да яго прыехаў Капскі з прапановай аб супрацы – у Барысава якраз не было сваёй дзіцячай школы. Так зʼявіліся дзіцячыя каманды БАТЭ-РМ, якія базаваліся ў Мінску. Спачатку кампаньёны супрацоўнічалі 50 на 50, але з часам колькасць узростаў у школе павялічвалася, і Мазоль ужо не мог закрываць палову выдаткаў. Па выніку БАТЭ-РМ цалкам увайшоў у структуру клуба, а бізнесмен стаў кіраўніком дзіцячай школы барысаўцаў.

Да пераходу на пасаду генеральнага дырэктара Мазоль нязменна кіраваў дзіцячым кірункам БАТЭ. За гэты час моладзевыя склады «жоўта-сініх» вырасцілі для першай каманды Паўла Няхайчыка, Ягора Філіпенку, Міхаіла Сівакова, Яўгена Яблонскага і многіх іншых гульцоў. У гэтым спісе мог аказацца і Станіслаў Драгун. Неяк хлопец прыйшоў да Мазаля з просьбай аб пераходзе ў БАТЭ-РМ. Дырэктар школы быў згодны забраць футбаліста, але папрасіў прынесці з РЦАП-БДУ паперу, што там яго адпускаюць. Драгун паперу не прынёс, а неўзабаве апынуўся ў структуры мінскага «Дынама».

У красавіку 2021-га Мазоль стаў адзіным функцыянерам са структуры БАТЭ, хто падпісаў ліст у падтрымку дыктатуры. Разам з ім свае аўтографы пакінулі яшчэ восем футбалістаў «жоўта-сініх».

У 2023-м Мазоль атрымаў профільную спартыўную адукацыю, скончыўшы ўніверсітэт фізічнай культуры. Па інфармацыі «Трыбуны», гэты факт стаў вырашальным пры прызначэнні на пасаду генеральнага дырэктара. Справа ў тым, што чалавек на такой пасадзе мусіць мець дыплом аб вышэйшай спартовай адукацыі. У Дземянцэвіча яго няма.

У прызначэнні Мазаля можна разгледзець намёк на тое, што ў БАТЭ, які перажывае не найлепшыя фінансавыя часы, маюць намер рабіць стаўку на ўласных выхаванцаў. Новы менеджар выдатна ведае юнацкія каманды барысаўцаў, што павінна спрасціць падцягванне найбліжэйшага рэзерву да першага складу.

У «Мінску» рэжымніка змяніў іншы рэжымнік

Рэгулярку Лігі ВТБ-2023/24 «Мінск» дакладна не запіша сабе ў актыў, як і папярэднія сезоны. Беларускі клуб прайграў усе 17 матчаў са старту чэмпіянату.

На мінулым тыдні, пасля 16-й паразы, адбыліся кадравыя рашэнні. Першым прыбралі галоўнага трэнера Расціслава Вергуна, часова замяніўшы яго асістэнтам Аляксеем Сухавецкім. Страсянуць каманду гэта не дапамагло – у суботу на выездзе яна прайграла «Самары» 68:79. Самога Вяргуна расейскія крыніцы сватаюць на пасаду галоўнага ва «Уралмашы» з Екацярынбурга – серадняку Лігі ВТБ.

Праз два дні пасля расстання з Вергуном пазбавіўся пасады і 51-гадовы старшыня «Мінска» Юрый Шакола. У пачатку снежня рэжымны кіраўнік беларускай федэрацыі баскетбола Максім Рыжанкоў заявіў, што «кіраўніцтва «Мінска» дрэнна працуе з маркетынгавымі службамі, спонсарамі, партнёрамі».

Шакола нарадзіўся ў Пастаўскім раёне. Азы баскетбола спасцігаў у Верхнядзвінску, аднак перайсці на дарослы ўзровень не здолеў. Пасля заканчэння школы пры паступленні ва ўніверсітэт фізкультуры абраў баскетбол, хоць разглядаў і футбольны напрамак. Пры гэтым уступны іспыт па баскетболе Шакола здаў з цяжкасцю, бо за месяц да таго зламаў працоўную правую руку падчас раённых футбольных матчаў на турніры «Скураны мяч».

На апошнім курсе Шакола пазнаёміўся з Уладзімірам Рыжанковым – бацькам таго самага Максіма Рыжанкова, пад крытыку якога зусім нядаўна трапіў. Пераддыпломную практыку студэнт праходзіў у мінскай СДзЮШАР №10. Шаколе там не спадабалася, як працаваў адзін дзіцячы трэнер, які не імкнуўся развіваць падапечных. Пасля заканчэння практыкі студэнт выказаў незадаволенасць навуковаму кіраўніку, якім і быў Рыжанкоў-старэйшы, на той момант старшыня Дзяржаўнага камітэта па спорце. Функцыянеру спадабалася шчырасць Шаколы, і выпускніка размеркавалі з БДУФК у апарат Дзяржкамспорта. Там ён працаваў да расфармавання камітэта ў тых жа 90-х, пасля чаго стаў юрысконсультам у новаўтвораным міністэрстве спорту. Праз дзевяць гадоў мужчына, які да таго моманту адвучыўся ў акадэміі кіравання, кардынальна змяніў сферу дзейнасці – уладкаваўся на «Крыніцу». На піваварным заводзе Шакола адпрацаваў каля пяці гадоў, пакуль яму не патэлефанаваў памочнік Лукашэнкі па спорце Генадзь Аляксеенка з прапановай перайсці ў «Белспортзабеспячэнне» (арганізацыя займаецца спартыўнымі закупкамі і пастаўкамі). У 2011-м Шаколу прызначылі намеснікам генеральнага дырэктара па асноўнай дзейнасці «Мінска-2006», які праз год быў перайменаваны ў «Цмокі».

Прамым начальнікам Шаколы быў Канстанцін Шаравера, якога ў 2014-м прыбралі з пасады праз нібыта пагаршэнне здароўя і дасягненне пенсіённага ўзросту. Вакантнае месца заняў якраз Шакола. У намеснікі ён паклікаў Мікалая Варабʼёва, які працаваў на аналагічнай пасадзе ў БАТЭ. Шаравера праз пару месяцаў пасля сыходу быў затрыманы, а праз два гады прызнаны вінаватым у злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі і прыгавораны да пяці з паловай гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Функцыянер адсядзеў увесь тэрмін і выйшаў на волю толькі восенню 2019-га.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў-2020 Шакола падпісаў праўладны ліст. Калі рэжым пачаў атакаваць беларускую культуру, старшыня «Цмокаў» так ці інакш далучыўся да гэтага працэсу. Спачатку перастала працаваць беларуская версія сайта, якая гадоў восем таму была адзінай для партала «драконаў», а затым адбылося перайменаванне клуба ў «Мінск». Пазней на афіцыйным сайце зʼявіўся ідэалагічны раздзел, у якім публікаваліся зусім ужо небаскетбольныя навіны.

Па інфармацыі «Трыбуны», новым старшынём «Мінска» стаў Пётр Івашкоў. Пра яго вядома няшмат. У 2007-м Івашкоў стаў арбітрам ФІБА – усяго ў Беларусі было восем рэферы такой катэгорыі. Паралельна мужчына працаваў у рэспубліканскай калегіі суддзяў пры баскетбольнай федэрацыі. Доўгі час Івашкоў быў галоўным суддзёй у Непрафесійнай баскетбольнай лізе і ўзначальваў СДзЮШАР «Мінска». Менавіта ён у 2015-м узяў Сухавецкага ў школу трэнаваць дзяцей. Сёння гэта в.а. галоўнага трэнера «Мінска».

У 2018-м Івашкоў трапіў у скандал. Перад стартам сезона-2018/19 баскетбольныя арбітры напісалі калектыўны зварот у федэрацыю, у якім папрасілі павысіць аплату працы. Афіцыйнага адказу яны не атрымалі, затое падпісантаў перасталі прызначыць на матчы ўнутраных турніраў. Сярод рэпрэсаваных рэферы аказалася шасцёра калегаў Івашкова – арбітраў ФІБА. Іх таксама пакаралі блакаваннем прызначэнняў на міжнародных матчах. На той момант Рэспубліканскую калегію суддзяў, якая займалася і прызначэннямі, і аплатай, узначальваў якраз Івашкоў.

Гісторыя дайшла да суда, дзе арбітрам не ўдалося даказаць сваю правату. Праз дэфіцыт суддзяў даходзіла да абсурду. У 2019-м фінальныя матчы чэмпіянату Беларусі паміж «Цмокамі» і «Барысфенам» абслугоўвалі адразу двое супрацаўнікоў «драконаў» – якраз Івашкоў, кіраўнік клубнай школы, і дзіцячы трэнер Максім Троцкі.

У 2021-м Івашкоў увайшоў у новы склад выканкаму беларускай федэрацыі, які на 100 адсоткаў быў сфармаваны з людзей, лаяльных рэжыму Лукашэнкі.

Іншыя пасты блога

Усе пасты