Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Чычкан атрымаў у Польшчы кантракт, але не права гуляць: падобна, галкіпер-беларус вельмі крыўдна падвіс

Чычкан атрымаў у Польшчы кантракт, але не права гуляць: падобна, галкіпер-беларус вельмі крыўдна падвіс

Ці зможа клуб разруліць сітуацыю?

Аўтар — bytribuna com
8 красавіка, 18:00
Чычкан атрымаў у Польшчы кантракт, але не права гуляць: падобна, галкіпер-беларус вельмі крыўдна падвіс

20 лютага кракаўская «Вісла» з Д2 Польшчы абвясціла пра падпісанне кантракту з беларускім галкіперам Антонам Чычканам. Пагадненне з 28-гадовым футбалістам разлічана да 30 чэрвеня гэтага года. Аднак галкіпер так і не дэбютаваў за «Віслу». Спачатку чатыры матчы адсядзеў на лаўцы запасных, а з 15 сакавіка зусім перастаў трапляць у заяўку. Пры гэтым няма ніякай інфармацыі ні пра траўму, ні пра іншыя абставіны, якія б тлумачылі такую сітуацыю. Што ж адбылося?

У Польшчу Чычкан прыехаў у статусе двухразовага чэмпіёна Грузіі. Гэтыя тытулы легіянер заваяваў у 2022-м з тбіліскім «Дынама», а ў 2023-м – з «Дынама» батумскім, у складзе якога летась правёў 23 матчы, у тым ліку ў Лізе канферэнцый (усяго прапусціў 21 мяч, пяць разоў згуляў на нуль). Праўда, са жніўня мінулага года ў грузінскім чэмпіянаце варатар перастаў гуляць, застаючыся ў запасе, а то і пралятаючы міма заяўкі.

У лютым-2024 Чычкан змяніў клубную прапіску і ўжо праз тры дні пасля падпісання патрапіў у заяўку «Віслы» на гульню з «Тыхы». Праўда, і ў гэтым, і ў наступных трох матчах (адзін – у Кубку) кіпер заставаўся на лаўцы. За гэты час кракаўяне ўзялі ў чэмпіянаце сем балаў з дзевяці, а ў Кубку прайшлі «Відзеў» з Экстракласы, перамогшы ў дадатковы час. Адыграў гэтыя сустрэчы 31-гадовы іспанец Альвара Ратон, прапусціўшы сумарна пяць мячоў.

Ну а з 15 сакавіка Чычкан зусім перастаў пападаць у заяўкі. Ён ужо прапусціў тры сустрэчы ў чэмпіянаце (адна перамога, дзве нічыі) і пераможны паўфінал Кубка супраць «Пяста». І зноў жа гуляў Ратон.

Пры гэтым у распараджэнні трэнерскага штаба кракавян, паводле афіцыйнага сайта клуба, значацца яшчэ два варатары – 22-гадовы Каміл Брода і 18-гадовы Якуб Стэнпак. А вось профіль Чычкана на сайце клуба адсутнічае зусім. Адначасова з гэтым у Instagram «Віслы» можна лёгка адшукаць фотаздымкі з трэніровак, на якіх бачна, як кiпер працуе. Дык што ж адбываецца?

Гэтае пытанне «Трыбуна» спачатку накіравала ў прэс-службу кракаўскага клуба. Аднак там да моманту выхаду матэрыялу адказу не падрыхтавалі. Тым не менш праз свае крыніцы мы больш даведаліся пра сітуацыю. І справа тут не ў спартыўных момантах. Як удалося высветліць «Трыбуне», у галкіпера ўзніклі праблемы з дакументамі, якія дазвалялі б працаваць на тэрыторыі Польшчы.

З восені 2023 года ў Польшчы рэзка ўчасціліся выпадкі адмоў у прадастаўленні розных відаў віз, у тым ліку такіх, якія даюць права на працу ў краіне (пры гэтым у перыяд, пакуль дакументы на візу разглядаюць, працаваць можна). Адмовы матывуюць шматслоўнымi фармулёўкамі пра «сумневы ў дакладнасці мэт знаходжання» на тэрыторыі Польшчы. А вырасла колькасць такіх выпадкаў пасля скандалу, калі выявілася карупцыя польскіх дыпламатаў пры афармленні дазволаў на выдачу віз мігрантам з Азіі і Афрыкі – пазней быў затрыманы Пётр Ваўжык, якога ў канцы лета 2023-га знялі з пасады намкіраўніка МЗС. У выніку скандалу польскі бок узмацніў жорсткасць працэдур разгляду заявак на атрыманне віз – сітуацыя закранула і грамадзян Беларусі, якім цяпер вельмі складана атрымаць нават «гуманітарныя» візы, каб выратавацца ад рэжыму Лукашэнкі.

«Трыбуна» паразмаўляла з некалькімі юрыстамі, якія займаюцца пытаннямі легалізацыі беларусаў у Польшчы.

– У «візавую пастку» можа трапіць цяпер абсалютна кожны, нават з усім пакетам неабходных дакументаў. Чаму канкрэтна адмаўляюць, ніхто тлумачыць не будзе. Усё стала максімальна непрадказальна ў гэтым плане. Таму цяжка сказаць, чым скончыцца апісаны вамі выпадак. У Польшчы такія сітуацыі могуць доўжыцца месяцамі, – адзначыў адзін з юрыстаў.

Зрэшты, канкрэтна для Чычкана праблему вырашыць цалкам рэальна.

– Многае залежыць ад уладальніка клуба, ад дырэктараў – тых, хто займаецца пытаннямі легалізацыі. Калі ў клубе рэальна вельмі моцна зацікаўленыя ў выканаўцы, то прыкладуць усе намаганні, каб аформіць усе неабходныя дазволы як мага хутчэй, – адзначыў адзін з нашых суразмоўцаў з польскага футбола.

Да канца чэмпіянату «Вісле» трэба правесці яшчэ восем матчаў. Цяпер кракавяне ідуць сёмымі ў табліцы, адстаючы ад шостага радка на бал. Каб наўпрост трапіць у Д1, трэба заняць адно з першых двух месцаў, але калектывы з трэцяй па шостую пазіцыю разыграюць яшчэ адну пуцёўку. Таксама 2 траўня «Віслу» чакае фінал Кубка Польшчы з «Пагонню» са Шчэцына.

Дадамо, што цяпер у Экстракласе гуляюць двое беларускiх форвардаў – Ілля Шкурын у «Сталі» і Яўген Шыкаўка ў «Кароне». І абодва маюць афіцыйны дазвол на працу ў Польшчы – від на жыхарства, адкрыты на падставе працоўных віз. Аднак абодва гульцы падпісалі кантракты з польскімі клубамі да візавага скандалу.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты