Вольныя агенты гэтага лета – проста космас. Сабралі аж дзве каманды, якія могуць змагацца за месца ў ЛЧ
І яшчэ 90 (!) заўважных гульцоў на лаве запасных.
Адна з найцікавейшых тэм кожнае летняе трансфернае акно – вольныя агенты. Але не звычайныя, а пажадана – з імем і кучай трафеяў за спінай, ну або проста з досведам гульні ў топ-лігах. Лета-2023 – напэўна, самае зорнае па колькасці вядомых футбалістаў, якія па стане на сярэдзіну ліпеня знаходзяцца ў статусе вольных агентаў. І гэта яшчэ Гюндаган і Цюрам знайшлі сабе новыя каманды, а Раб'ё працягнуў кантракт з «Ювентусам».
Спачатку думалі сабраць адну каманду зорных гульцоў без кантракта. Аднак потым, пабачыўшы спіс, зразумелі, што тут лёгка збіраецца на цэлы выставачны матч (дзесьці ў Лос-Анджэлесе). І яшчэ каля сотні людзей на лаве запасных.
Найцікавейшае па гэтай камандзе:
🔷 Давід дэ Хеа атрымаў «Залатую пальчатку» англійскай Прэм'ер-лігі па выніках сезона-2022/23 у канцы траўня, а ўжо 1 ліпеня афіцыйна стаў вольным агентам. Кіраўніцтва «МЮ» і іспанец такі не змаглі дамовіцца па новым кантракце, у выніку чаго Давід пакінуў клуб як звычайны гулец, а не футбаліст, які правёў 545 матчаў з 2011 года з эмблемай «чырвоных д'яблаў» на грудзях;
🔷 Серхіа Рамас, здавалася, вось-вось вернецца ў «Севіллю», сам гулец, па чутках, вельмі хацеў менавіта ў каманду, за якую гуляў да 2005 года. Аднак босы клуба пакуль не маюць намер прапаноўваць кантракт зорнаму абаронцу – гуляюць ролю і эканамічныя, і чыста спартыўныя прычыны;
🔷 ажно пяцёра гульцоў у гэтай камандзе ва ўзросце да 30 гадоў, што не вельмі часта сустрэнеш на рынку вольных агентаў. Умціці, Бельерын, Окслэйд-Чэмберлен, Бакаяко і Траарэ падавалі вялікія надзеі, але ў нейкі момант звярнулі кудысьці не туды, хаця ў кожнага свая гісторыя. Наўрад ці мы пабачым каго-небудзь з іх у топ-клубе ў наступным сезоне, але без працы яны дакладна не застануцца;
🔷 Ін'еста і Альба маглі б уз'яднацца з Месі і Бускетсам у МЛС, калі б там былі такія ж вольныя правілы, як у Саудаўскай Аравіі. Але такі варыянт малаверагодны;
🔷 Уілфрыд Заа дакладна працягне кар'еру ў нейкім топ-клубе – часткова дзеля гэтага ён і пакідае «Крыстал Пэлас», легендай якога стаў яшчэ да свайго 30-годдзя. У чэрвені актыўна хадзілі чуткі пра «ПСЖ» і клубы Саудаўскай Аравіі, але другі варыянт вінгер не спяшаецца прымаць, а з першым неяк застопарылася;
🔷 Алексіс Санчэс хоча атрымліваць большы заробак у «Марселі», чым у мінулым сезоне, а кіраўніцтва клуба не хоча павялічваць заробкавы фонд, нават нягледзячы на 14+3 ад чылійскага ветэрана.
А цяпер – іх супернікі па віртуальным матчы.
Найцікавейшае па гэтай камандзе:
🔶 38-гадовы Ханданавіч згуляў за «Інтэр» 455 матчаў, але на працягу мінулага сезона канчаткова саступіў месца старту Андрэ Анана. А ў амаль трыўмфальным сезоне ЛЧ не згуляў ні хвіліны. Але ўсё роўна, здаецца, не спяшаецца завяршаць кар'еру. І правільна, бо ў яго ўзросце брамнік толькі набліжаецца да піку формы;
🔶 Эры Міна адну палову мінулага сезону лячыў траўму, а іншую – прасядзеў на лаве запасных у «Эвертане». Галоўнай яго задачай было нашкодзіць «Вулверхэмптану», у вароты якіх ён забіў па гале ў кожным крузе (хаця правёў усяго 7 матчаў у АПЛ). Магчыма, менавіта «ваўкі» і захочуць прапанаваць калумбійцу кантракт, хаця пакуль чуткі ходзяць толькі пра Саудаўскую Аравію;
🔶 у канцы траўня італьянскія інсайдары з упэўненасцю пісалі пра тое, што Даіці Камада – амаль гулец «Мілана». Аднак за акном ужо сярэдзіна ліпеня, а мы ўсё яшчэ не бачылі японца ў чырвона-чорнай футболцы (хіба што – толькі ў форме «Айнтрахта» мінулых сезонаў). Даіці стаміўся чакаць, калі «расанеры» звольняць месца ў заяўцы для гульца без грамадзянства ЕС, таму яго агент ужо прапанаваў паслугі 26-гадовага паўабаронцы (можа згуляць як цэнтральнага, так і атакуючага) «Інтэру» і «Роме». Сочым за развязкай;
🔶 рымаем кулакі за тое, каб «Інтэр Маямі» ўсё ж здолеў угаварыць Эдэна Азара падпісаць з імі кантракт. Хочацца яшчэ ўбачыць у справе тэхнічнага і хуткага бельгійца, а то ўсе ўспаміны пра яго нібыта засталіся недзе ў 2019-м. Хадзілі чуткі пра тое, што Азар думае над тым, каб завяршыць кар'еру, аднак сам Эдэн хутка іх абверг – кажа, гатовы гуляць на прафесійным узроўні і поўны энергіі;
🔶 Хамес Радрыгес вырваў месца ў гэтай камандзе ў свайго экс-аднаклубніка Іска, бо калумбіец хаця б выходзіў на поле ў 2023-м. Аформіў 5+6 за «Алімпіякас», але бакі ўсё ж вырашылі разысціся. Цяпер 31-гадовы паўабаронца, які калісьці ацэньваўся ў 80 млн еўра (па дадзеных Transfermarkt), знаходзіцца ў пошуках новай каманды.
***
Ну а вось вам яшчэ абяцаныя 90 гульцоў без кантракту, імёны якіх вы дакладна чулі хаця б раз. Так, тут могуць быць футбалісты, якія знаходзяцца ў такім статусе ўжо больш за год (Дрынкуотэр, Куарэжма), а таксама гульцы, якія засталіся без каманды, а ім ужо вельмі шмат гадоў (Квальярэла, Касорла). Аднак яны не абвяшчалі пра завяршэнне кар'еры, таму не будзем спісваць іх.
🆓 Калі вашаму клубу патрэбен бясплатны брамнік, то прыгледзьцеся да:
Хаэля Раблеса (33 гады), Асміра Бегавіча (36), Сальваторэ Сірыгу (36), Чыпрыяна Тэтэрушану (37), Кіка Касіллі (36).
🆓 Калі вашаму клубу патрэбен бясплатны цэнтральны абаронца, то прыгледзьцеся да:
Акселя Туанзебе (25), Даніла Д′Амброзіа (34), Філа Джонса (31), Матыя Настасіча (30), Шкадрана Мустафі (31), Сакраціса Папастатопуласа (35), Раміра Фунеса Моры (32), Джэйсана Мурылля (31), Жазэ Фонтэ (39), Эліякіма Мангаля(32), Філа Джагелкі (40).
🆓 Калі вашаму клубу патрэбен бясплатны крайні абаронца, то прыгледзьцеся да:
Марвіна Платэнгарта (31), Фаўзі Гуляма (32), Раяна Бертрана (33), Алейша Відаля (33), Мэта Доэрці (31), Уга Малля (32). Тут мог бы быць яшчэ і Эшлі Янг, але ён ужо праходзіць медагляд у «Эвертане».
🆓 Калі вашаму клубу патрэбен бясплатны цэнтральны паўабаронца (і апорнік), то прыгледзьцеся да:
Тома Дэвіса (25), Роса Барклі (29), Жаау Маўцінью (36), Стэфана Стурара (30), Адрыена Сілвы (34), Раджы Наінгалана (35), Сафіра Таідэра (31), Андрэа Полі (33), Санці Касорлы (38), Дэні Дрінкуотэра (33), Стывена Нзанзі (34), Гжэгажа Крыховяка (33), Нампаліса Мендзі (31), Моргана Шнайдэрліна (33), Себасцяна Рудзі (33), Гары Медэля (35), Мігела Велозу (37), Лукаса Бігліі (37), Гекхана Інлера (39).
🆓 Калі вашаму клубу патрэбен бясплатны атакуючы паўабаронца, то прыгледзьцеся да:
Джэсі Лінгарда (30), Мануэля Лансіні (30), Іска (31), Лусіана В'ета (29), Раберта Сарыяна (32), Рыкарда Сапанары (31), Хуана Маці (35), Хаўера Пасторэ (34), Алена Халілавіча (27), Мацье Вальбуэна (38), Хатэма Бэн-Арфа (36).
🆓 Калі вашаму клубу патрэбен хтосьці бясплатны на фланг атакі, то прыгледзьцеся да:
Жанатана Бамба (27), Махамеда Эльюнусі (28), Андрэ Аю (33), Хесэ (30), Нані (36), Яніка Баласі (34), Эйнслі Мэйтлэнда-Найлза (25), Хуана Куадрада (35), Натана Рэдманда (29), Тангі Кулібалі (22), Эндраса Таўнсэнда (31), Педра (35), Карыма Беларабі (33), Тэа Уолката (34), Марласа (35), Роберта Снодграса (35), Рыкарду Куарэжмі (39).
🆓 Калі вашаму клубу патрэбен бясплатны цэнтрфорвард, то прыгледзьцеся да:
Мусы Дэмбеле (27), Альфрэда Марэласа (27), Муніра Эль-Хададзі (27), Марыяна Дыяса (29), Адыёна Ігала (34), Іслама Слімані (35), Стэвана Ёвеціча (33), Матыя Дэстра (32), Баса Доста (34), Кевіна Гамейра (36), Д'ямерсі Мбакані (37), Раберта Сальдада (38), Фабіа Кваллярэлі (40), Джозі Алцідора (33), Сімонэ Дзадзі (32), Троя Дзіні (35), Жэрэмі Менеза (36), Маўра Саратэ (36), Жуніяра Мараеса (36), Лоіка Рэмі (36).
Як думаеце, колькі футбалістаў з гэтага спісу ўжо зусім хутка апынуцца ў Саудаўскай Аравіі?
Фота: Ludvig Thunman/Global Look Press, Salvio Calabrese/Global Look Press